Кніга з яркай назвай “Дайце клею, бо самлею, або Загадкі беларускіх фразеалагізмаў” (Тэхналогія, 2025) – гэта вынікі шматгадовых даследаванняў доктара філалагічных навук Міколы Даніловіча. Гэта не слоўнік, не зборнік паасобных артыкулаў і не дысертацыя (хоць відавочна, тэкст грунтуецца на ёй і часткамі публікаваліся ў профільных выданнях). Хутчэй гэта навукова-папулярнае выданне, якое можа быць цікавае ўсім, хто неабыякавы да беларускай мовы як аматар і як прафесіянал. Кніга не перагружаная тэрміналогіяй, даступная выкладам для старэйшых школьнікаў, а прыгожых прыкладаў у ёй столькі, што можна проста слізгаць вачыма па моўных залацінкаў і захапляцца трапным народным слоўцам.
Бо кожны кароткі выраз – канцэнтраваны, крэпкі, як самапальны трунак, экстракт вобразу, фінал показкі, які ўмясціўся ў пару словаў – кульмінацыя гумару і народнай мудрасці (часам, аднак, гэта фінал ужо забытай гісторыі, якая ўтрымлівала тлумачэнне і падводку да эфектнай высновы). Нездарма фразеалагізмы часта называюць мікратэкстамі. Іх можна смакаваць як кактэйльны глыток, аднак не заўсёды лёгка здагадацца пра складнікі напою. Разгадаць зблытаны клубок сэнсу дапамагае “пашпартызацыя” выразу і гістарычныя росшукі аўтара.
Кніга апавядае пра спосабы ўтварэння фразеалагізмаў (са звычайных словазлучэнняў, шляхам дапаўнення мнагазначных слоў, скарачэннем прыказак і інш.), іх паходжанне (з міфалагічнага ўяўлення нашых продкаў); даецца класіфікацыя фразеалагізмаў паводле некалькіх крытэраў. Цікавы разгляд тэматычных груп устойлівых выразаў. Што / хто робіцца героямі мікратэкстаў: якія жывёлы, прадметы, нячысцікі, хваробы, з’явы.
Фразеалагізмы, як і асобныя словы, пражываюць у мове пэўны лёс. Яны нараджаюцца, сталеюць, абрастаючы пры гэтым новымі слоўкамі ці страчваючы да паловы “тулава”, мяняючы значэнні, забываючыся ці адраджаючыся. Карыстальнікі блытаюць фразеалагізмы, робячы з іх хімераў (з’ява кантамінацыі). Часам асновай фразеалагізма робіцца запазычанае слова, так пераасэнсаванае і перайначанае “простым людам”, што знайсці яго паходжанне і значэнне амаль немагчыма (як кірэбла, як афэрма).
Асобная частка прысвечана нацыянальнаму вобразу свету. Які вобраз жанчыны паўстае з беларускіх устойлівых адзінак (як амялуха – прыгожая, як барылачка – нізкая, як мурашка – працавітая), які фантастычны свет ствараецца з гіпербалізаваных, “казачных” выслоўяў (удалося чарвяку на вяку, і жук мяса, шылам кашу есці).
Разглядаюцца фразеалагізмы і паводле структуры: зычэнні-праклёны, выразы, заснаваныя на параўнанні, рыфмаваныя (ні хаты ні лапаты, цікавы як індык да кавы) і інш.
Асобны раздзел прысвечаны этымалагічным росшукам: гісторыі паходжання некаторых цікавых фразеалагізмаў (Бог жыве, як у хваробе святога Лявэнтага).
На заканчэнне проста пасмакаваць некальмі адметных выразаў:
Адвакату язык на лапату (занадта гаваркому чалавеку пагроза пасадзіць язык на лапату і адпарвіць у печку)
Багатыя ноч разбяруць (не хапае часу выспацца)
Басіны спраўляць (хадзіць босым)
Контрафалды малоць (спрачацца; контрафалда – супярэчная складка на адзежы)
Усе козы ў золаце (шчаслівы, багаты час у некага)
Біцца за пусты мех (даказваць відавочнае)
У кошкі ляпёшкі (добра, заможна жыць)
Павука з’есці (зацяжараць)
У руках мыш гняздо звіла (марудлівы чалавек, няспрытны)

