Год прыгод лісачкі Красуні. Кацярына Хадасевіч-Лісавая

Год прыгод лісачкі Красуні. Кацярына Хадасевіч-ЛісаваяСпосаб пераадолення жорсткасці рэальнага свету

Дзіўнае, аднак, адчуванне з’яўляецца, калі ўсё вакол нас набывае нечаканую гармонію і перспектыву добрага развіцця падзей. Адразу ж узнікае пытанне: ці няма ва ўсім тым, што адбываецца, схаванага падвоху? Кажучы прасцей, гісторыі, змешчаныя ў кнізе Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, здаюцца даросламу чытачу ўтопіяй. Лагічнай бачыцца тут здагадка, што вобразы звяркоў — толькі сімвалы, пры дапамозе якіх аўтар намякае на прыродны баланс у супольнасці жывых істот. Мы ні ў якім разе не прэтэндуем на інтэрпрэтацыю задумы пісьменніцы. Усяго толькі сцвярджаем, што паліфанічнасць казкі, багацце яе сэнсаў робіць твор шматузроўневым, сапраўды гуманістычным.

Адразу ж кідаецца ў вочы той дзівосны рэзананс, у якім выяўляюцца ўсе лепшыя якасці лясных насельнікаў. Хочацца спытаць: ці могуць драпежнікі так мірна ўжывацца са сваёй меркаванай здабычай? Ці можа лісіца, няхай і маленькая, так міла суіснаваць са сваім прыродным апанентам? Бо правілы дзікага існавання вельмі жорсткія, а выжыванне для кожнага становіцца мэтай «нумар адзін». Але ў гэтай казцы няма ніякай дзікасці!

Яна да наіўнасці пяшчотная, трапяткая, поўная лірызму! Тут і баязлівы Шэрык, і абаяльная Красуня, і вёрткая Ксюпа, і многія іншыя героі выклікаюць толькі шчырае зачараванне, якое можна сустрэць хіба толькі ў герояў «Маленькага прынца». Сапраўды, кожны персанаж гэтай фантастычнай гісторыі напрыканцы кнігі становіцца часткай твайго разумовага «Я», двайніком, у якім часам адчуваеш свае станоўчыя і негатыўныя рысы.

Асабліва запамінаецца заяц Шэрык. У ім дастаткова палахлівасці, якая не робіць гонару ніводнай жывой істоце, але пры гэтым ён імкнецца пераадолець сябе, калі адмаўляецца ад свайго страху падчас чарговых падарожжаў з сябрамі. У рэчаіснасці гэта найвышэйшая форма самаахвярнасці — яна патрабуе перамогі над самім сабой, над сваімі уласнымі страхамі.

Мабыць, Шэрык — самы характэрны персанаж казкі. У ім так шмат жывучасці, паўнакроўнасці, што не задумваючыся прызнаеш яго падабенства з рэальнымі чалавечымі тыпамі.

Галоўная гераіня лісічка Красуня бачыцца ўвасабленнем юнацтва. Яна ў дастатковай ступені максімалістка, яе памкненні часам абсурдныя, але ў гэтай абсурднасці адчуваецца сапраўднае жаданне дапамагаць бліжнім. Яна хітрая і часам непрадказальная, але ні ў якім разе не злосная. Усе прыгоды, якія прыпадаюць на яе долю, здаюцца натуральнымі ў сваёй здаровай абсурднасці. І ўсё ж не варта лічыць лісачку легкадумнай: у яе характары ёсць тая асаблівая настойлівасць, той стрыжань, які дазваляе быць нават фігурай валявой, прадпрымальнай. Красуня, маленства якой прайшло ў мегаполісе, разумее каштоўнасць жывога, цякучага, непастаяннага, іншымі словамі — прыроднага, натуральнага. Гэтая натура — адлюстраванне дзіцячай непасрэднасці, яна купаецца ў промнях ідэалізму. Усе спробы развянчаць яе міфы — злачынства супраць маладосці, эксцэнтрычнай, інтуітыўнай, але з-за гэтага не менш красамоўнай.

Усё гэта так ці інакш прыводзіць нас да асэнсавання дадзенай казкі праз прызму поглядаў Жан-Жака Русо і яго «назад да прыроды». Мы не думаем, што Кацярына Хадасевіч-Лісавая заклікае нас да рэалізацыі дактрыны русаізма, зусім не. Гэта гісторыя для дзяцей і пра дзяцей, няхай нават яны маюць поўсць і лапы. Але мы, людзі сталыя і маральныя, можам павучыцца ў герояў чароўнага твора мудрасці, якую дэманструе нам прырода, і павазе да яе багаццяў. У кнізе Natura — таксама герой, яна ніколі не пакідае жывёл, якія размаўляюць, сам-насам са сваімі праблемамі. Можа быць, і нам варта пранікнуцца да яе не проста спачуваннем, але і любоўю, на якую здольна сэрца. Бо прырода — гэта неспазнанае, да якога так часта звяртаецца чалавечы дух.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ.

 

Пакінуць адказ