Прачытала кнігу на адным дыханні. Так, можа кніга больш для падлеткаў, але тое, што дзеянні адбываюцца ў родных і знаёмых месцах, тое, якія надзённыя праблемы закранаюцца, мне здаецца, што кожны знойдзе адну ці нават больш гісторый пра сябе, ці пра сваіх сяброў/знаёмых. Асобны дзякуй аўтару за пачуццё гумару. Чытаючы кнігу, смяялася ад душы. Некаторыя жарты смакавала па некалькі разоў: і задумвалася, “а ці было б так смешна, калі б гэта было напісана на рускай?” – здаецца, што не.
Адна з невялікай колькасці кніг, якую я чытала з захапленнем і якая пакінула пасля сябе моцнае ўражанне. У некаторых момантах адчуваецца, што гэта ўсё ж адаптацыя замежнага твору (калі вучыўся ў беларускай школе, некаторыя моманты выглядаюць казачна :D), але ж гэта не псуе твор, а надае яму нейкую іскрынку. Адназначна рэкамендую раман не толькі падлеткам, але і тым, хто проста хоча панастальгіраваць.
————
Даследчая праца
«Трансфармацыя жанру ці феномен рамана-мангі Евы Вайтоўскай «Гарэзлівы пацалунак»
Аўтар: Спарыш Паліна Дзянісаўна
Месца працы/вучобы: ДУА “Сярэдняя школа № 23 г. Мінска”, Рэспубліка Беларусь, 11 клас
Навуковы кіраўнік: Кротава Дар’я Аляксандраўна
Адным з самых папулярных літаратурных жанраў сусветнай літаратуры з’яўляюцца коміксы. Хоць першапачаткова комікс і ўзнік у Англіі, цэлыя пакаленні аматараў малюнкаў з літаратурнымі рэмаркамі захапляюцца амерыканскімі і японскімі коміксамі. Ганаровае месца сярод іх займае японская версія коміксаў-манга.
У маі 2020 года прагучала навіна аб выхадзе ў свет твора Евы Вайтоўскай “Гарэзлівы пацалунак” паводле адной з самай знакамітай японскай мангі “Itazura na kiss” Tada Kaoru. Прыхільнікі гэтага незвычайнага для беларускай літаратуры жанру з нецярпеннем чакалі пачаткі продажу. Пасля прачытання кнігі аўдыторыяй на прасторах інтэрнэту прагучаў выбух негатыўных водгукаў, якія характарызавалі «Гарэзлівы пацалунак» як плагіят і фанфік, а не самастойны літаратурны твор. Сапраўды, кніга-раман Евы Вайтоўскай на сваіх старонках, акрамя вокладкі, не мае ніводнай выявы, але пры гэтым амаль капіруе змест першакрыніцы.
Актуальнасць: прыцягнуць увагу грамадства да новых жанраў беларускай літаратуры, а таксама да творчасці маладых пісьменнікаў Беларусі.
Мэта даследавання: прааналізаваць асаблівасці твора Евы Войтоўскай “Гарэзлівы пацалункак” і высветліць яго жанравую прыналежнасць.
……
Даследаваўшы раман Евы Вайтоўскай “Гарэзлівы пацалункак”, мы зрабілі наступныя высновы:
Комікс у Беларусі паспяхова развіваецца. Яго адметныя рысы – гэта падстава на класічных узорах беларускай літаратуры і зварот да гістарычнай тэматыкі.
Манга з’яўляецца унікальным відам коміксаў і па многіх крытэрыях адрозніваецца ад яго (узроставай градацыяй, шматжанравасцю, тэматычнай разнастайнасцю, дэталізаванай рысоўкай, манахромнасцю, аб’ёмнасцю і праектнасцю, напрамкам чытання).
Раман “Гарэзлівы пацалункак” беларускай пісьменніца Евы Вайтоўскай заснаваны на сюжэце японскай мангі, але фабулы гэтых двух твораў значна адрозніваюцца. Мы стварылі табліцу, у якой прыведзены сюжэтныя адрозненні беларускага рамана “Гарэзлівы пацалункак” і японскага коміксу “Itazura na kiss” Tada Kaoru. Таму раман беларускага аўтара мы можам назваць арыгінальным і самастойным творам.
“Гарэзлівы пацалункак” – гэта маладзёжны раман, які пісьменніца трансфармавала з мангі, надаўшы яму мастацкасці. У выніку атрымаўся сучасны твор масавай літаратуры, які можна аднесці да мідл-класа. Раман Евы Вайтоўскай не толькі запазычаў замежны жанравы ўзор, але і напісаны з улікам патрэбнасцей нацыянальнай культурнай прасторы.
Сучасная беларуская моладзь цікавіцца японскай мангой і захапляецца анімэ. Таму значная колькасць школьнікаў дапускае магчымасць прачытання рамана на беларускай мове, створанага на аснове мангі. Але чытанне твора магчыма пры ўмове, што на яго старонках з’явяцца рысоўкі ў стылі японскай мангі.
У працы быў праведзены эксперымент па стварэнні ілюстрацый да рамана Евы Вайтоўскай “Гарэзлівы пацалункак”, зробленыя ў стылі японскага коміксу. Такім чынам, мы працягнулі трансфармацыю, распачатую пісьменніцай і наблізілі раман да мангі. У выніку атрымалася ранабэ, якое можна выкарыстоўваць пры чытанні твора. Раман і атрыманае ранобэ адлюстроўваюць асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры і адпавядаюць патрабаванням сучаснага чытача.