Прачытала кнігу з захапленнем, і цяпер думаю, як бы так напісаць, каб і вам захацелася ☺️ А прычытала даволі выпадкова: купіла, калі ў Беларускім доме быў распродаж кніг Рамана Цымберава, потым выдалася нагода падпісаць кнігу ў перакладчыка Ігара Крэбса. Ігар падпісаў так, што не прачытаць я ўжо не магла 🫣
👤 Калі вы нічога не ведаеце пра Гайнэ (1797-1856) і яго паэзію, то ў кнізе ёсць грунтоўная прадмова, якую напісала Галіна Сініла. Спачатку я прачытала вершы, пасля прадмову, потым яшчэ раз вершы.
📙 Сюжэты тут напраўду габрэйскія. Пераважна пра габрэяў Іберыйскай паўвыспы (да іх выгнання). Калісьці я цікавілася іспанскай гісторыяй і гэты перыяд, да ўсіх аб’яднанняў і выгнанняў, вабіў мяне найбольш. Таму іранічныя (а часам і злыя) перасэнсаванні гісторыі габрэяў, расповеды пра выбітных мысляроў і паэтаў 11-12 ст., іх уплыў на далейшыя пакаленні, чытала з вялікай цікаўнасцю.
❤️ Але мая любоў у гэтым зборніку – бліскучая “Донна Клара”, з якой ён і пачынаецца. Тут ужо адразу ўзнікае тэма Іспаніі і стасункаў паміж хрысціянамі і габрэямі, якія прысутнічаюць нават у рамантычных размовах пад месяцам.
📌 “Камары мяне скусалі,
Люта іх я ненавіджу,
Для мяне яны – нібыта
Даўганосыя габрэі”.“Што нам камары, габрэі”,
Кажа рыцар, поўны ласкі.
Ціха з міндаля злятаюць
Тысячы пялёсткаў белых.Тысячы пялёсткаў белых
Поўняць водарам паветра.
“О каханая, скажы мне:
Ты ўсім сэрцам мне належыш?”“Я навек твая, каханы,
Ў тым Збавіцелем клянуся,
Што забіты быў калісьці
Подлым племенем габрэяў…”
📝 Іронія тут быццам бы мяккая, але добра адчуваецца горыч. А вось у апошнім тэксце, “Дыспуце”, ужо не проста горыч, а жоўць. У ім рабін і капуцын змагаюцца, спрабуючы даказаць, чый бог больш сапраўдны і чыя вера – правільная.
📌 “Хто сапраўдны Бог? Габрэйскі,
Што няўмольна грозіць карай,
Бог адзіны, чый заступнік –
Рабі Юда з-пад Навары?А магчыма – трыадзіны
Бог, у літасці бясконцы?
Францысканец брат Хасэ –
Сёння Божы абаронца”.
👌🏻 Здавалася б, гэта ўсё пра сівую даўніну. Але, паверце, чытаецца надзвычай актуальна. Нават крышачку too much.

