Вялікі Гэтсбі. Ф. Скот Фіцджэралд (Сяргей Матырка)

Вялікі Гэтсбі. Ф. Скот Фіцжэралд (Сяргей Матырка)Агляд кнігі і аўдыякнігі

🎇 Ф. Скот Фіцджэ́ралд – амерыканскі пісьменнік “страчанага” пакалення, чый лёс сам па сабе варты асобных кніг. Набыўшы шалёныя грошы пасля публікацыі першага рамана, ён пабраўся шлюбам з Зэльдай Сэйр – бліскучым прататыпам сваіх твораў. Іх сумеснае жыццё, яскравае і эксцэнтрычнае, нагадвала палёт з парашутам (толькі без парашута). Найбольшую славу Фіцжэралд займеў праз “Вялікага Гэтсбі”, які ўваходзіць амаль ў любы кніжны топ. Праўда, сам аўтар так і не паспеў даведацца пра гэты поспех.

🎇 ЗАВЯЗКА: таямнічы мільянер Джэй Гэтсбі ладзіць неверагодныя вечарыны. Пярэстая публіка, што прыходзіць па запрашэннях (а часцей без), распускае пра багацея самыя розныя плёткі. Гаспадар, аднак, не зважае ні на гулянкі, ні на гасцей, а чакае нечага іншага.

🎇 “Вялікі Гэтсбі” – гэта з самага пачатку пра неадназначнасць. Калі рукапіс быў дасланы ў выдавецтва, аўтар адразу ж атрымаў адказ: “Мяркую, раман прыўкрасны”. Праўда, наўздагон прыйшоў ліст з падрабязным аналізам недахопаў і заўваг. Над іх выпраўленнем Фіцжэралд працаваў ажно два гады і верыў, што гэты твор асаблівы. Пазней ён напіша: “Я адчуваў вялізную сілу ў сабе, такую, якой ува мне ніколі не было”.

🎇 Раман быў выдадзены ў 1925 г. і выклікаў супярэчлівую рэакцыю: не сказаць, каб зусім праваліўся, аднак і бестселерам не стаў. Сапраўдная папулярнасць прыйшла падчас Другой сусветнай вайны, бо твор быў перавыдадзены і разасланы салдатам на фронт. На жаль, аўтар гэтага ўжо не пабачыў – у 1940 г. ён сканаў ад сардэчнага прыступу. Што характэрна, незадоўга да смерці напісаў аўтабіяграфічны артыкул, дзе параўнаў сабе з “разбітай талеркай”.

🎇 Чаму ж “Вялікі Гэтсбі” выбіўся ў топ? Не магу не прызнаць, што гэта грунтоўны, якасны і неадназначны тэкст. Прачытаўшы два разы запар, як так і не вызначыўся, падабаецца ён мне ці не. Затое дакладна зразумеў, што кніга шматразовыя, бо з новым прачытаннем заўважаеш дэталі, якія істотна ўплываюць на ўспрыняцце.

🎇 Што мне ў кнізе не падабаецца, дык гэта шматслоўнасць і залішняя падрабязнасць – падаецца, эфект недасказанасці мог бы яшчэ больш узмацніцца, калі б апісанні былі карацей. У гэтым сэнсе, дарэчы, “Вялікі Гэтсбі” вельмі нагадвае “І ўзыходзіць сонца” Хемінгуэя. Сябры ў жыцці, абодва пісьменнікі значную ўвагу надалі вайбу гэтых твораў, а менавіта спалучэнню вонкавай весялосці з унутранай безданню.

🎇 На беларускую мову твор пераклаў Siarhei Matyrka – двойчы лаўрэат прэміі Шэрмана і рэгулярны госць падкаста “Bellit”. Усім зацікаўленым рэкамендую выпуск #82 (ёсць на ютубе), дзе Сяргей і Наста падрабязна абмеркавалі як перакладчыцкую справу агулам, так і працу над “Вялікім Гэтсбі”. Асобныя цытаты з гэтай размовы пададзены на выявах.

🎇 Беларускі пераклад “Гэтсбі” мае асаблівую, можа нават унікальную атмасферу праз спалучэнне элементаў эпохі джазу і сакавітых беларускіх слоўцаў. Сярод любімых адзначыў “сукенка ў бубачку”, “у бэлю п’яная”, “згрыбелая цётухна” і “слухай сюды” (апошні выраз асабліва смачна гучыць з вуснаў амерыканскіх мільянераў). Ёсць таксама пасхалачка ад Максіма Багдановіча і, вядома ж, “анягож” – фірмовае слова, якое можа значыць амаль што заўгодна ў залежнасці ад кантэксту. Я нават зладзіў сам сабе міні-гульню, выпісваючы кожны выпадак, дзе яно сустракаецца.

🎇 Цудоўна, што кніга выйшла не толькі на паперы, але і ў аўдыяверсіі. Тэкст начытаў Андрэй Саўчанка – рэжысёр, акцёр, выкладчык. Агучана ладна, слухаецца лёгка, адзінае пажаданне да мантажу: асабіста мне не хапіла паўз ці хаця б сімвалічных джынглаў у тых месцах, дзе пасярод главы мяняецца час/месца дзеяння.  Пакуль прыемны голас дыктара зліваецца ў супакаяльную мелодыю (пазычыў выраз з кнігі), паступова прыходзіць усведамленне, што вядзецца ўжо зусім пра іншае.

🎇 Звычайна я стаўлю арэшкі, аднак у выпадку з “Гэстбі” не ўяўляю, колькі б іх магло быць. Кніга ў пэўным сэнсе нагадвае пляму Роршаха, якую можна растлумачыць па-рознаму ў залежнасці ад асобы чытача. Прачытаўшы двойчы, не выключаю, што вярнуся зноў.

Кніжны Хома.

Пакінуць адказ