Думаеце, што казкі — гэта нешта для дзяцей? Тады як вам казка, дзе свякроў тройчы забівала толькі што народжанага ўнука і казала сыну, што гэта жонка ягоная дзіця сваё забіла? А гісторыя пра сабаку з 12 ныркамі, які мог і лася, і мядзведзя, і ваўка задушыць?
Вядомыя ўсім нам з маленства казкі, напрыклад, братоў Грым, якія звычайна сустракаюцца ў дзіцячых кнігах, гэта не зусім тое, што было запісана першапачаткова. Для маленькага чытача гэтыя творы выглядаюць чароўна і звычайна маюць пазітыўныя канцоўкі, зробленыя рэдактарамі кніг. Сапраўдныя ж народныя казкі далёка не такія светлыя і вясёлкавыя. Але ад таго не менш цікавыя.
У выдавецтве Янушкевіч выйшла кніга чарадзейных казак з ілюстрацыямі культавага беларускага мастака Валерыя Славука. Уклаў зборнік “Вядзьмар, які рабіўся ваўком” Антон Францішак Брыль. Кніга складаецца з 30 казак, якія ў канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. былі запісаныя па ўсёй Беларусі. Казкі збіралі Павел Шэйн, Еўдакім Раманаў, Міхал Федароўскі, Уладзіслаў Вярыга і іншыя. Каб захаваць непаўторную атмасферу апавядальнікаў, укладальнік кнігі стараўся не вельмі змяняць казкі, толькі апрацоўваў іх. Праўда, некаторыя творы ў першапачатковых крыніцах былі запісаныя ўрыўкамі, таму спадару Брылю давялося іх крыху дапісваць.
У працэсе чытання гэтага зборніка мне прыдумалася адна цікавая забава: вечарам, калі на вуліцы стане цёмна, сесці ўсёй сям’ёй (калі адчуваеце, што вашы дзеці ўжо могуць слухаць такія гісторыі), уключыць ліхтарыкі (ці запаліць свечкі для больш аўтэнтычнай атмасферы) і ўголас чытаць гэтую кнігу. Убачыце, хто ў сям’і самы трывалы :)⠀
Дарэчы, фалькларысты тлумачаць жорсткасць казак тым, што першапачаткова гэтыя творы ўвогуле не адрасаваліся дзецям. А большасць сюжэтаў — гэта пераасэнсаванне старажытных абрадаў і рытуалаў. Таксама ёсць цікавая версія, што ў даўнія часы бацькі з маленства рыхтавалі сваіх дзяцей да няпростага жыцця. Вось і ставіліся да іх, як да дарослых, не баючыся расказваць такія гісторыі.
Зборнік атрымаўся цікавым і каларытным. Тут не толькі асаблівасці побыту сялян і паноў, але і багатая беларуская міфалогія. Тэкст дапаўняецца цудоўнымі ілюстрацыямі Славука. Кніга вялікага фармату, цвёрдая вокладка, 30 казак, 130 старонак і мноства ілюстрацый, часам на цэлыя развароты кнігі. Выдатнае папаўненне вашай бібліятэкі.
Анатацыя на кнігу абяцае «пацешыць аматараў цмокаў, ваўкалакаў ды рознага кшталту нячысцікаў». Але недахоп у тым, што спіс нячысцікаў, якіх можна знайсці ў кнізе амаль і абмежаваны гэтымі цмокамі ды ваўкалакамі, дадаць можна хіба што, русалку ды вялікае мноства чарцей. Вось толькі беларуская міфалогія больш шырэйшая і разнастайная.
Казкі сабраны з розных мясцін, тут і Добруш, і Сянно, і Бяроза, і Петрыкаў, і Клімавічы, і Лідчына. Зусім розныя беларускія куткі. Магчыма гэтым тлумачыцца тое, што асобныя казкі крыху адрозніваюцца ад усталяваўшыхся традыцыйных міфічных сюжэтаў.
Казка «Дзяцюк і чортава дачка» выстаўляе чорта нейкім дурнем, якога ашукаць вельмі проста. А ў міфах чорт з’яўляецца ці вельмі хітрым нячысцікам, ці Чортам – апанентам Бога па стварэнню, ці, хутчэй, па сапсаванню ўжо створанага.
З другога боку, казка «Доля і злыдні» прыклад поўнага супадзення з міфам. Доля тут адказвае за шчасце і поспех свайго гаспадара. Працавітая Доля заможнага брата забяспечвае яго поспех. А меньшаму брату брату трэба адшукаць сваю Долю-лайдачку, адлупцаваць яе, знайсці больш прыдатную для сябе і Долі справу і толькі потым прыйсуі да поспеху. А пасля трэба разабрацца і са Злыднямі, каб ад іх пазбавіцца трэба заманiць iх у мех і кінуць у балота.
Казка, вынесеная ў назву, таксама адпавядае міфам, бо ведзьмары, выдзьмаркі і чараўнікі лёгка абарочваюцца ў ваўкалакаў і ў новым выглядзе шкодзяць людзям. А перакідваюцца яны куляючыся праз уторкнутыя ў зямлю нажы. А каб зноў зрабіцца чалавекам трэба кульнуцца праз нажы ад апошняга к першаму, але калі хоць адзін нож знікне чараўнік застанецца ваўкалакам.
Большасць казак аказалісь ўжо знаёмымі, але было дзве ці тры новых. Казкі месцамі занадта жахлівыя, але ў канцы ўсё прыходзіць да хэпі-энду. Для звычайных людзей дакладна, а для злых ды тых, хто знаецца з тагасветнымі істотамі канец дрэнны.