Найбольш аб’ектыўнае ўражанне ад невядомай кнігі будзе тады, калі ты нічога не ведаеш пра аўтара, ягонае імя табе нічога не кажа. Таму разгарнуўшы тэкст, я не палез у Вікіпедыю. Пачытаў.
І зразумеў, што я зайздрошчу аўтару. Гэта адна з тых адзінак кніг, якія б хацеў напісаць я сам.
Пра гэтую кнігу казаць можна многа, але сёння я пастараюся быць максімальна нешматслоўным, выкладу свае ўражанні тэзісна.
Дагэтуль у мяне было досыць павярхоўнае знаёмства з шумерскай (месапатамскай) і яўрэйскай міфалогіямі. І перада мной літаральна раскрылася бездань свету, раней не бачанага, народжанага ў калысцы цывілізацыі. Гэта першае, што б я хацеў адзначыць: высокапрафесійнае майстэрства аўтаркі ў яе паглыбленні, адраджэнні і інтэрпрэтацыі адных з самых старажытных міфалогій, злучэнне ў адну сістэму і ажыўленне гэтай сістэмы.
Другое: тое ж майстэрства па злучэнні паралельнага фэнтэзійнага сусвету з нашым часам. Неверагодныя паралелі.
Трэцяе: абсалютна ўнікальныя прыгоды, падзеі і абставіны. Далібог, тут сапраўды цалкам новы сусвет, пры чытанні аб прыгодах у якім брата і сястры, іх сяброў маёй увагі не парушыў ні адзін флэшбэк. Хіба што адзінае: пераапрананне дзяўчыны ў юнака, каб удзельнічаць у ваенных дзеяннях, але гэта аніяк не запазычанне, бо ёсць досыць пашыраным сюжэтам у фальклоры многіх краін свету. Тут абсалютна новыя героі, яны маюць свае ўнікальныя ўласцівасці і жывуць ва ўмовах незвычайных. Іначай кажучы, пра такое нідзе не пісалася, не паказвалася, не гаварылася.
Чацвёртае. Мова. Перакладчык Павал Касцюкевіч імкнуўся да максімальнага захавання не проста стылю аўтаркі, але пэўнай атмасферы, настрою і меладычнасці кнігі. Пры ўсёй сур’ёзнасці тэксту мова гучыць вельмі аптымістычна, нават недзе весела, тут шмат іроніі, яўрэйскага гумару (у кнізе ён будзе зразумелы бадай кожнаму чытачу). У некаторых месцах немагчыма не ўсміхнуцца, недзе і зарагатаць можна, калі вы можаце смяяцца ў адзіноце) Ёсць у тэксце своеасаблівы юнацкі запал, лёгкая бадзёрасць.
Пятае. Жывыя персанажы. Нават героі “задняга плану”, што людзі, што дэманы, маюць свае характары, у іх выпукла праступае індывідуальнасць, прыадчыняецца багаты ўнутраны свет. Яны ўсе розныя, цікавыя, з многімі з іх сумна расставацца, хоць разумееш, што іх роля ў гісторыі эпізадычная.
Шостае. Аўтарка стварыла надзвычай складаны сусвет, унутраныя законы яго вельмі няпростыя – і простыя адначасова. Для непераборлівага чытача, які не будзе імкнуцца да глыбокага спасціжэння ісцін, дастаткова таго, што напісана, іншыя ж, мяркую, задумаюцца над філасофіяй жыцця розных слаёў насельніцтва, сацыяльных груп. І гэта філасофія розная і цікавая. Вельмі важным для мяне падалося тое, што аўтарка неназойліва падкрэслівае: наша чалавечая логіка спасціжэння дабра і зла не мае ніякага дачынення да дэманаў сярэдняй рукі, і тым больш не можа быць прымененай да паводзін вышэйшых дэманаў. Чым адзначаючы: мараль створана людзьмі, а стваральнікі сусвету і саміх людзей маюць сваю, непадуладную нашаму разуменню, логіку і філасофію свайго быцця.
Сёмае. Гэта проста цікава. Займальна. Захапляльна. Нова і незвычайна.
Пасля гэтага ўсяго я магу вам сказаць колькі слоў пра аўтарку, пагугліўшы. За першую кнігу “Выкрадальнік лекаў” трылогіі “Левіятан з Вавілоніі” Гагар Янай атрымлівае прэмію Гэффэна, за другую кнігу трылогіі “Вада між сусветамі” – зноў прэмія Гэффэна, трэцця кніга “У бездань” – тая ж прэмія плюс прэмія Дворы Омэр. У тым ліку і за гэтыя кнігі Гагар Янай была ўзнагароджана прэміяй прэмьер-міністра Ізраіля.
Вось такая жанчына, вось такая краіна, вось такая ўвага да пісьменнікаў.
І вось такую кнігу мы маем, дзякуючы выдавецтву “Логвінаў” і перакладчыку Паўлу Касцюкевічу.
Маем першую частку, фінал якой хоць быццам і закрыты, але абяцае працяг. Вельмі б хацелася пачытаць другую і трэцюю частку трылогіі – і пачытаць на нашай мове.
В. Г.
Агонь!