Наўрад ці гэта кніга – адметная для аўтара. Бо аснова, раман “Спадчына”, выходзіў асобнай кнігай раней. Што тычыцца апавяданняў… Пра іх і выкажуся.
Па-першае, яны вельмі розняцца між сабой, бачна і па часе напісання, і па, скажам там, ахайнасці, прадумванні. Сам аўтар прызнаецца, што збірае-перабірае свае старыя запісы, уключаючы тое ці іншае ў кнігі. Але ці варта ўсё напісанае браць у кнігу? Не магу сказаць, што ўсе апавяданні падаліся мне ўдалымі.
У Алеся Аркуша выпрацаваўся з гадамі свой уласны стыль пісьма. Як ён сам кажа: лаканічны, без разнастайных упрыгожванняў. Аўтар мае права, што тут казаць. Але вось каб гэтая лаканічнасць больш праяўлялася ў пабудове сказаў, абзацаў, а не ў самім тэксце, які ад гэтай лаканічнасці месцамі вельмі нагадвае звычайны газетны, і тады апавяданне ўжо не апавяданне, а артыкул у якой правінцыйнай прэсе. Не надта прыемна ў кнізе сустракаць сказы, напісаныя такой, амаль што рэпарцёрскай, мовай:
Мая плаціна выконвае яшчэ адну важную ролю – моста, празь які едуць машыны, ідуць пешаходы. Гэты мост злучае пасёлак ДРЭС зь іншай часткай горада, і таму яго можна назваць найважнейшым мясцовым камунікацыйным аб`ектам.
Ці
Менавіта на цягніку можна адсюль трапіць практычна ў любы буйны горад Беларусі.
У некаторых тэкстах аўтар лічыць неабходным для сябе патлумачыць ўсё-усенькае. Тлумачэнні трохі напружваюць, як і спробы пераканаць чытача у шмат разоў дзе паўтораных ісцінах. Кшталту:
Сапраўднае застаецца тваім назаўжды. Нават пасьля сьмерці.
Алесь Аркуш вызначаецца сярод іншых сучасных пісьменнікаў сваёй схільнасцю да метафізікі. Па-праўдзе казаць, я сам дакладна не разумею, што канкрэтнае можа хавацца пад гэтым шматзначным тэрмінам і канкрэтна ў літаратуры. Містыка, філасофія, наўпрост усякае адцягненае мысленне? Што праўда, іншым разам аўтар здзіўляе сваім кароткім позіркам на рэчаіснасць і ад яго – поглядам на сусвет. Як прыклад:
Што здарылася б з сусьветам, калі б кожная варона страціла разуменьне, куды і навошта трэба ляцець? Я слухаў Георга, а ўваччу была тая варона. Марудна махаючы крыламі, яна ўпарта ляцела да адной ёй вядомае мэты.
Заўважу, што практычна ўсе апавяданні ў кнізе ўтрымліваюць вось гэтую метафізіку – нечаканыя пытанні аўтару самому сабе, выкліканыя якой-небудзь самай нязначнай дэталлю. І шэраг апавяданняў пабудаваны менавіта на адцягнутым мысленні, на роздуме пра ўсё разам і пра нешта дробязнае, якое ёсць часткай вялікага “разам”.
Горад з запаленымі агнямі робіцца глыбейшым, ня ў сэнсе далягляднасьці краявідаў, – ёсьць розныя глыбіні, – зусім не, робіцца заўважнай яго мэтафізычная будова.
Іншым разам падаецца, што гэта шуканне ажно занадтае, і, мабыць жа, лепш успрымаліся б роздумы аўтара, калі б яны не суправаджаліся дзе і павучаннямі, ці важкімі, з пункту гледжання аўтара, высновамі. Напрыклад, вось кароткая зацемка (назаву гэты тэкст так, бо наўрад ці гэта апавяданне) цалкам пазбаўленая нейкіх высноў аўтара, спробы некага ў нечым пераканаць. І яна раптоўна гучыць ціхай музыкай. Я пра “Як падае сьнег, як расьце трава”. Тут ёсць вось такое:
Ехаць без размоваў, бяз музыкі ў салёне, бяз згадваньняў пра бясконцыя клопаты, без філязофскіх развагаў пра сьвет. Ехаць ня з пункту А ў пункт Б, не аднекуль – кудысьці, ня з пэўнай неадкладнай мэтай.
І тут атрымалася нечаканае: аўтар піша пра непатрэбнасць філасофіі ў сваім падарожжы, а вось гэты невялічкі тэкст тая філасофія з метафізікай (як я яе зразумеў у Аркуша) пранізалі наскрозь. Тэкст атрымаўся вельмі настраёвы і пачуццёвы.
Асобна ад усіх стаіць апавяданне пра забойства даўніх часоў. Яно напісана па зусім іншай схеме – у ім няма аўтара, яно – класічнае ў сваім выкананні. Але наўрад ці можна ўспрыняць яго як цалкам самастойны твор. І нават назва ягоная нечым падобная на “рабочую” назву кавалка якога больш буйнога твору. Тут сапраўды, няма пачатку, няма канца. Проста кавалак дзеі вакол торбы з золатам. Але досыць характэрны і атмасферны кавалак.
В. Г.
Колішняя рэцэнзія на раман “Спадчына”
Я прапусціла той момант, калі з жанравай сістэмы беларускай літаратуры знікла аповесць. Водгулле нейкай дыскусіі пра тое, што, маўляў, у Еўропе няма жанру «аповесці», а ўсё, што большае за апавяданне, называецца «раманам», даносілася і да мяне, але засталося незразумелым, чаму ў выніку аповесць як жанр усё ж такі амаль знікла з беларускіх літаратурных даляглядаў. Няўжо таму толькі, што нам хочацца трапіць у жанравую сістэму еўрапейскай літаратуры — з аповесцю, маўляў, нас ніхто не прыме?
Такім чынам, я падступалася да апошніх раманаў Алеся Аркуша менавіта з гэтымі пытаннямі: чаму не аповесць і калі нас ужо прымуць.
Мы часцяком (насамрэч — ці не заўсёды?) падступаемся да чужых тэкстаў з дзіўнымі пытаннямі і нечаканымі мэтамі. Мне падавалася, я добра разумею, аб чым будзе пісаць Алесь Аркуш — я даўно заўважыла, што абрала для сябе ў мастацкай літаратуры тыя самыя сцежкі, якія многа раней пакрысе церабіў ён: папулярызацыя сучасных і тагачасных пісьменнікаў, гісторыя ў прызмах сям’і, архіўныя загадкі мінулага і штодзённасць як будучая архіўная загадка — праблемнае поле мастацкіх пошукаў у нас шмат у чым супадае. Таму і дазволіла сабе чытанне «офтопам» — не пра тое, пра што напісана, а пра тое, пра што хацелася пагутарыць.
Раманы, між тым, не даліся. І «Сядзібу», і «Спадчыну», як высветлілася, немагчыма прачытаць «офтоп». Спачатку ты — зусім нечакана — безумоўна будзеш уключаны ў сюжэт і паслухмяна пойдзеш аўтарскімі сцежкамі па раманных хітраспляценнях. Усе пытанні — потым.
Хітраспляценні Аркушовых раманаў — гэта не тое, што звычайна «хітрасплятаецца» ў раманах. Стандартнага сюжэта, які складаецца з завязкі, ланцужка падзеяў і развязкі, у абодвух творах — якраз на дзве аповесці. У цэнтры «Сядзібы» — расповед пра гаспадароў дома, у якім здараюцца містычныя выпадкі, «Спадчына» закручана вакол неймавернай гісторыі смалявіцкага партызана Шагойкі і пошукаў ягонага пасляваеннага схрону. Аднак побач з асноўным сюжэтам і ў «Сядзібе», і ў «Спадчыне» разгорнецца шчэ з дзясятак сюжэтаў, прапісаных і непрапісаных, працягнутых побач з асноўнай сцежкай — і дадзеных адной толькі красамоўнай дэталлю.
Я, пакуль чытала «Спадчыну», пракруціла ў галаве тры магчымыя паўнавартасныя раманы і чатыры аповесці з тых зернеў, што шчыра рассыпаны па тэксце Алесем Аркушам. І дзіўна, як ён трымае нітку асноўнага аповеду, як атрымліваецца ў яго не збочыць на іншую, здаецца, больш прывабную, насычаную перспектыўным «экшнам» дарогу. Майстэрскі вытрыманая, строга арганізаваная архітэктоніка абодвух раманаў, якая трымае ў межах, але ўвесь час адкрывае нечуваныя перспектывы па-за гэтымі межамі — вось так выглядае «хітраспляценне» «Сядзібы» і «Спадчыны». Не толькі тое, што напісана, але і тое, што магло быць «раскручана» з напісанага — сюжэтны змест гэтых тэкстаў шырэйшы за напісанае літарамі. Аповесці, у якіх шчодра насыпана будучых раманаў, — неяк так.
Здаецца, аўтар добра ведае, што спрактыкаваны чытач знойдзе ў ягоных тэкстах пачаткі і абяцанні новых тэкстаў, і ведае, што гэта ёсць ягонай перавагай, таму мова раманаў — скупая і празрыстая, часцяком — рэпартажная. Тут няма нагрувашчвання вобразаў і алюзій, няма лінгвістычнага форсу, чытач засяроджваецца на там, што сказана, а не тым, як гэта зроблена. Ад таго ў раманах шмат дзеяў — і няшмат эмоцый, шмат разважанняў — і няшмат апісанняў. І эмоцыі, і візуальныя ўяўленні — усё гэта зноў перакладзена аўтарам на чытача: ніякага дэміургічнага дыктату, вольная воля для таго, хто бярэ ў рукі кнігу.
Ад таго і «Сядзіба», і «Спадчына», шматкроць «дадуманая», «да-адчуваная», дамаляваная за чытаннем, становіцца нібыта і тваім творам — і вось ты ўжо цалкам унутры, у гэтым медытатыўным расповедзе, у гэтым сілавым напружанні думак і пытанняў, якія хвалююць аўтара, а насамрэч — цябе таксама. Гісторыя Івана Шагойкі, смалявіцкага партызана, галоўнага героя вядомай у нас на Смалявіччыне аперацыі (працяглы час партызаны, пераапранутыя ў немцаў, атрымлівалі па падробных дакументах прадукты і рэчы на нямецкім складзе), якая аказваецца адзінай спадчынай, атрыманай героем-апавядальнікам у спадчыну ад бацькі (гісторыя ў спадчыну — простая, але ёмістая метафара) — не адпускае доўга. Паважаючы будучых чытачоў «Спадчыны», не буду дазваляць сабе спойлераў, але можаце пакуль паверыць на слова: гэта адна з тых моцных ваенна-пасляваенных гісторый, якімі надзвычай багатыя беларускія архівы. Маральныя пытанні, што паўстаюць перад сведкамі гэтай гісторыі, сюжэты, што мімаволі складаюцца вакол яе, магчымасці, прыхаваныя ў ёй — па маштабах нагадваюць аповесці Быкава. На Беларусі цяжка пражыць жыццё, не напаткаўшы такіх пытанняў. Заўсёды моцная і заўсёды жорсткая ўлада, шматвекавы досвед унутранага супраціву пры знешняй паслухмянасці і пакорнасці, партызанка як спосаб жыцця, дуля ў кішэні для любога рэжыму і шыя, прыдатная для ўладнай пятлі — беларусы жывуць няпростым грамадзянскім жыццём столькі, колькі наогул жывуць. Над невялікай для жанру рамана «Спадчынай» можна разважаць бясконца: ужо і абрысы твору патускнелі і змыліліся, але сюжэт яе цяпер убудаваны ў тваё уласнае спасціжэнне краіны і яе гісторыі. Вялікая ўдача і талент — адшукаць і аформіць такі сюжэт.
Мне заўсёды падабалася, што наша беларуская мастацкая адметнасць нечым нагадвае адметнасць лацінаамерыканскую, з яе натуральнай містычнасцю, парушанымі межамі паміж сусветамі, з ўменнем прапускаць цераз сябе час, застаючыся нерухомым у прасторы — але ж мера, ступень праяваў гэтага ў беларусаў больш далікатная. Гэта як пасмяяцца ў лесе, калі ты з усіх бакоў абкружаны ворагамі — ціхенька, «у кулак».
І калі я думаю, чым можа прыдацца беларуская літаратура ў Еўропе, — я думаю менавіта пра гэта. Пра нашае ўменне супрацьстаяць ціску, знаходзячыся ў безвыходных умовах. Пра наша ўменне выжываць у пятлі. Пра наша веданне мераў і ступеняў. Пра нашу медытатыўнасць і шляхетнасць у расповедзе. Пра стрыманасць і шматсэнсвасць. Пра непахісную прастору «паміж» — і рухомы час «паўсюд». Гэта тое, што маем спадчынай. Гэта тое, што ціхенька пагруквае шклянымі кілішкамі ў нашых сядзібах. Гэта тое, чаго няма ў іншых. А «Сядзіба» і «Спадчына» — усё ж аповесці. Хаця…
Ганна Севярынец
Асабіста мне чытаць раман Алеся Аркуша “Спадчына” было вельмі цікава. Што зацікавіла? Паспрабую патлумачыць. Класе так у трэцім ці чацвёртым сяброўка дала пачытаць кнігу з бацькоўскай бібліятэкі. Заўважу, на той час магчымасці наведваць бібліятэку не было, і наталяць прагу чытання даводзілася ўсім, што трапляла ў рукі ад сяброў.
Як зараз памятаю, называлася кніга “Клад Наполеона”, імя аўтара не запомніла, але любоў да рознага роду літаратуры, дзе шукаюць скарбы, рзгадваюць нейкія таямніцы, спрабуюць дакапацца да ісціны атрымала дзякуючы ёй на ўсё жыццё. Нават дыплом некалі пісала на тэму “Чорны замак Альшанскі” як узор дэтэктыўнага жанра”.
Раман Алеся Аркуша банальна не зведзены да дэтэктыва, але прысутнічаюць многія яго элементы: пошукі адказаў на складаныя пытанні, спроба адшукаць скарб, разгадка таямніцы на апошніх старонках твора. Таму твор чытаецца літаральна на адным дыханні. Прынамсі, я яго так прачытала. Аж два разы. Для мяне цікавае і тое, што герояў свайго твора аўтар не прыдумаў, а ўзяў з жыцця. Гэта і невыпадкова, бо раман прысвечаны бацькам Барысу Антонавічу і Ганне Захараўне Козікам.
Памяць пра бацькоў, якія надяўна адышлі з жыцця, пранізвае ўвесь твор і, напэўна, у першую чаргу абумоўлівае саму назву твора. Хаця ёсць і іншыя моманты. Слова “спадчына “ сустракаецца на старонках рамана шматкроць. У самых розных яго сэнсах. Яшчэ хочацца дадаць, што некаторых герояў твора Алеся Аркуша давялося ведаць асабіста, а пра галоўнага персанажа Івана Шагойку чытаць раней як пра выбітнога дзеяча партызанскага руху ў нашым рэгіёне.
Блізкая мне і сама партызанская тэма, узнятая ў творы праз лёсы партызанскага “фальшываманетчыка” Івана Шагойкі і блізкіх самога пісьменніка. Тут ёсць пэўныя перакрыжаванні з лёсамі маіх блізкіх. Прасочваюцца пэўныя паралелі. Таксама адзін дзед партызаніў, другі меў сувязь з партызанамі. Мама з бабуляй цудам выжылі падчас блакады на возеры Палік.
І нарэшце, гэта не першы твор Алеся Аркуша пра наш родны горад. Але пісьменнік ніколькі не паўтарае ўжо сказанае раней, а кожны раз стварае нешта новае, адметнае. Таму гэта апроч іншага і твор пра любоў да месца, дзе “нарадзіліся і ўскормлены”.