Вецер з усходу, вецер з захаду. Пэрл Бак (Кацярына Несцяровіч)

Вецер з усходу, вецер з захаду. Пэрл Бак (Кацярына Несцяровіч)Сага пра кітайскую сям’ю

Расказваць пра гэты раман і аўтарку будзе справай не самай перспектыўнай – пра гэта льга пачытаць у сеціве, інфармацыі хапае. Каму лянота, то прывяду пару фактаў: Пэрл Бак – першая жанчына-амерыканка, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, і першая пісьменніца-жанчына з ЗША, якая заслужыла гэту прэмію па літаратуры.

Ну, але ж мы, выраслыя ў СССР, добра ведаем, што прэміі ўсе міжнародныя – прадажныя. Таму чыталі тое, што прасейвалася для нас праз сіта ідэалогіі. Сага пра кітайскую сям’ю амерыканскай пісьменніцы не праскочыла…

Казаць пра якасці кнігі не выпадае – яна была адзначана ў свеце тады, калі мяне на тым свеце яшчэ не было. Таму буду гаварыць пра гэтую кнігу вачыма жыхара нашых беларускіх балот. Раблю тое не спецыяльна – такі ракурс не проста напрошваецца, ён крыкам крычыць: зірні, як рабілася сапраўднае.

Уздыхну-пачну: колькі ж добрай літаратуры мы так і не пачыталі, і не ведалі пра яе існаванне…

Само чытанне выклікала ў мяне здзіўленне тым, што я не заўважаў часу, пакуль чытаў. Тут нават справа не ў “захапіўся”, хоць тое, безумоўна, было – вельмі цікава. Справа ў іншым. Магчыма – у самім часе, які ў гэтай кнізе не павольна цячэ, а ён тут быццам застылы да бясконцасці. Чыста тэхнічна, уявіце: сын вяртаецца дадому з Амерыкі, маці не запрашае яго да сябе тыдзень і другі. Урэшце, сустрэча на 10 хвілін. Пасля – чаканне рашэння маці. Тыдзень, другі… Гэтаксама бацька: едзе і едзе, ніяк не даедзе дадому, каб вынесці свой вердыкт адносна непаслухмянасці сына. Пасля з’язджае без усякага выраку, час ідзе, ідзе… І вось – праз месяцы прыходзіць ліст.

Неяк адзін з самых вядомых мне ў ФБ чытачоў, які літаральна паглынае кнігі і мае добры мастацкі густ, сказаў: “Раман – гэта абавязкова час. Без наяўнасці часу ніякага раману не атрымаецца”. Спрачацца тут не выпадае. У рамане Пэрл Бак час не проста існуе ў сваёй незваротнай няспешнасці – ён літаральна ахоплівае кожную з падзей сагі, і тыя падзеі быццам застываюць у ім, як казурка, трапіўшы ў смалу. І змены, якія ідуць, нясе той самы час, ён суне іх бы ледавік валуны. Разбуральныя і неміласэрныя.

Цікавасць кнігі трымаецца на шчырасці аповеду, які замешаны на пачуццях жанчыны, ды вось толькі тут пачуцці не тыя “выключна жаночыя”, якія інерцыйна чакаюцца. Галоўная гераіня ў сваіх  лістах паўстае і жонкай, і дачкой, і нявесткай, і сястрой, і сяброўкай, і маці. І яшчэ… Але крышку пазней. Зараз пра іншае.

Падчас чытання і асабліва пасля таго, як прачытаныя старонкі увасобіліся ў свядомасці ў цэльны сусвет, розум прагнуў разглядзець больш уважліва пэўныя моманты. Канчатковы вывад сфарміраваўся пакрысе, і ён быў горка-кіслы, як недаспелая антонаўка, і такі ж цвёрды: а мы так не ўмеем…

Па шчырасці, звычаі і традыцыі, апісаныя ў кнізе, часам шакуюць. Але вось што галоўнае: у цябе, як чытача, наўрад ці ўзнікне ўспрыманне гэтых людзей, у першую чаргу жанчын, як няшчасных, затурканых. Яны не нэндзы, яны не ахвяры, пры ўсім, што быццам і ахвяры. Прадоўжым пра галоўную гераіню. Ды вось, яна ў кнізе яшчэ  – спадкаемца старажытных традыцый, носьбіт пэўнага культурнага коду. І вось такая сумесь урэшце нараджае кітаянку-чалавека. З аднаго боку, як сказаў бы нехта, мы бачым закасцянеласць, даведзеную да абсурду вернасць нормам патрыярхальнасці, дзе жанчына літаральна рэч, што жонка, што наложніца. З другога боку, ужо я скажу, бачна не проста адданасць культуры краіны, але недзе непрамоўленым застаецца, быццам за тонкай кісяёй шоўку, гонар за Кітай, за ягоную гісторыю і культуру.

Мяркую, гэта і стала асновай таго, што ў самім Кітаі на апублікаваны раман выйшла больш за паўсотні рэцэнзій, і ў асноўным – станоўчых.

Менавіта гэтага мы не ўмелі і не навучыліся – гаварыць пра сябе з годнасцю, ганарыцца сваёй культурай, якая б яна ні была, даражыць гісторыяй. Не проста “людзьмі звацца”, а людзьмі быць – асэнсоўваць сябе з краінай, як яе частку.  Літаральна ўчора ад выхаванага чалавека, верніка, пачуў пра тое, што сонца, зробленае і размаляванае для свята дзіцячага, раз яно было для паганцаў галоўным божаствам, дык ці то ідал, ці то ёлуп. Калі нехта беражэ сваю спадчыну, дык мы гатовыя адпрэчыць што заўгодна, хоць сябе частку. Дзеля чаго? “Каб стаць іншымі”.

Але вернемся да кнігі.

…Цяжкая трагедыя, няпростыя рашэнні трэба прымаць і гераіне, і яе брату, які пайшоў супраць бацькоў. Глыбіня тэксту выклікае эмпатыю, ды няма той жальбы і жалю, якія б абавязкова выпрошваліся аўтарам беларускай гісторыі: ай-ай, пашкадуйце гаротных. Ды не ж! Тут гама пачуццяў да герояў, але найперш – разуменне і павага. Разумееш і маці гераіні, якая ў беларускага пісьменніка выйшла б узурпатарам неміласэрна-халодным, і бацьку з трыма наложніцамі, які ў беларускага аўтара стаў бы бабнікам-алкаголікам.

І тое важна, што і героі не асуджаюць (хоць недзе і пасмейваюцца) тыя самыя традыцыі, і мы, чытачы, іх наўрад ці асудзім. Павага да старэйшых, да сваёй культуры, якія б яны ні былі, застаецца тут нязменна высокай. Ды разам з павагай прасочваецца свежай крыніцай разуменне непазбежнасці перамен – і героі прымаюць іх неабходнасць. Тут перамены ідуць не таму, што мінулае дрэннае і бесчалавечнае, а таму што яны непазбежныя ў сваёй сутнасці – як працэс эвалюцыйны.

Вось так бы пісаць некалі нашым класікам. А цяперашнім пісьменнікам вельмі б раіў пачытаць гэты твор. Каб кінулі гараваць і каяцца, выпрошваць спагаду і дапамогу, залічваць сябе да Богам забытых і чарцямі закінутых у балота (і я тут – не выключэнне). Мо ўжо і до паказваць сябе як хцівых і занядбаных, абыякавых лайдакоў і алкаголікаў, двурушнікаў і забойцаў – такімі, для якіх галоўнае выжыць, і няважна, чым і кім за гэта плаціцца.

Прабачце, зноў да кнігі. Далібог, важкі аспект гэтага твора – пазнавальны. Вельмі цікава даведацца пра некалішнюю (а недзе і дагэтуль існуючую) культуру і традыцыі, ёсць чаму ўразіцца.

І пра сам тэкст, пра пераклад. Добры прафесійны ўзровень. Тэкст атрымаўся не проста роўны, але перакладчык здолеў захаваць пэўную напеўнасць, асаблівы стыль, які рабіць тэкст “нетутэйшым”, але ён успрымаецца лёгка і кладзецца на розум і пачуцці нязмушана. “Нетутэйшасць” дадае асаблівую разыначку, быццам у звычайны чай дадалі кроплю нечуванага раней водару.

Чытаць было прыемна, па сённяшнім часе, згадзіцеся, гэта каштуе нямала.

В. Г.

 

 

Пакінуць адказ