Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч

Па логіцы, можна б было тут цалкам паставіць водгук, які быў надрукаваны ў ЛІМе. Але гэты хваласпеў настолькі прытарны, што змусіў мяне самога ўзяцца за чытанне кнігі.

Што-нішто з водгука прывяду, каб яшчэ раз самому здзівіцца і вам паказаць, ад чаго склейваліся вушы.

Калі я чую словазлучэнне «беларускае фэнтэзі», на думку адразу ж прыходзіць творчасць Маргарыты Латышкевіч.

О так во… Ні больш, ні менш. А вам што прыходзіць на думку? Мне, калі ўжо прызнавацца, дык Баршчэўскі найперш, Васючэнка, Рублеўская, Мінскевіч… Далей – Аляксей Шэін, Грушэцкі… Але чытаем далей водгук на кнігу “Вершнікі на дарозе” Маргарыты Латышкевіч.

Па-першае, гэта вельмі якасная літаратура. Маргарыта выдатна валодае словам, яе адметны аўтарскі стыль немагчыма пераблытаць з чыімсьці іншым. А чытаць кнігу на чыстай беларускай мове, без нагрувашчвання запазычанняў, чым нярэдка грашаць сучасныя аўтары, — адна асалода.

Што да стылю – згодзен, ёсць такое. А вось што якасная – тут прабачце. Калі я сустракаю ў тэксце “снулыя расліны”, мяне чакае кагнітыўны дысананс. І ніколькі не ўражвае новатвор “ззяйкае”. Разумею, гэта такое, якое ззяе. Але ж хапае ў нас быццам і падобных слоў: зыркае, прамяністае, зіхоткае, зіхатлівае, іскрыстае… Карацей, рэдактура не айс…

Выдатнае веданне беларускай міфалогіі і фальклору дазволіла аўтарцы стварыць свет, які ўспрымаецца як цалкам свой, родны. Вядомая рэч, у аповесцях можна адшукаць алюзіі і на кельцкую, і на скандынаўскую міфалогію, але ўсе гэтыя моманты настолькі натуральна і па-майстэрску ўплецены ў агульны беларускі кантэкст, што абсалютна ніякага дысанансу не выклікаюць.

Цалкам чужы, цалкам не беларускі свет. Нават прырода. Горы, магутныя камяні, верасовыя палі. І на тых камянях, пастаўленых стойма, руны (прывітанне Стоўнхенджу). І тым больш існаванне нечага чорнага, дзікунскага ці то ў зямлі (якая была для беларусаў Матухнай), ці то пад зямлёй. Не надта добра для аўтара было перакручваць міфалогію сабе пад твор, надаючы вядомым асобам іншыя ўласцівасці, не надта добра уплятаць у саму міфалогію казкі часоў барацьбы хрысціянства з паганствам.

Вось для прыкладу. Беларуская Мара раптам становіцца дачкой князя не-людзей (а каго???) Сотвара, закохваецца ў людзя-чалавека, нараджае ад яго дзіця. Мара, аказваецца, магла пераўтварацца ў Лебядзя, і каб яна не зляцела ад мужа, то муж-людзь… паліць птушыныя пер’і (прывітанне ўсім жабкам з іх скуркамі). Тады Мара ідзе да бацькі. А муж-людзь ідзе яе шукаць. І гіне. А Мара… незразумела дзе падзелася. А дзіця? А хто яго ведае. Нічога пра дзіця. Праз колькі старонак яно з’яўляецца дарослым.

Вось ахоўнік межаў мясцовасці не-людзей, і завуць яго… Кашч Меднабароды. Прыканцы гэтай аповесці нас чакаюць і куфар, і заяц, і качка, і яйка, і голка са смерцю…

А яшчэ Кашч ахоўвае межы не адзін, а са сваім верным сабакам. Завуць сабаку… Стаўры.

Хто не надта ведае пра гэтага сабаку, нагадаю: Стаўры і Гаўры – гэта заўсёды пара сабак, якія служылі Баю – першанасельніку беларускай зямлі, родапачынальніку беларускага племені. Існуе прыгажэнная і шырокавядомая легенда: Бай даў сваіх сабак сыну Белаполю і сказаў: колькі зямлі сабакі аббягуць за дзень, тая і будзе тваёй. Стаўры і Гаўры пабеглі, і па іх слядах пацяклі рэкі Дняпро і Дзвіна… Але тут у нас не лекцыя па фальклору, скажу адно: мне было невыносна крыўдна ад такой вось вольнай “інтэрпрэтацыі” беларускай міфалогіі. Так нельга. Проста нельга. Гэта ж амаль святое…

Ну і, па-трэцяе, чытаць «Вершнікаў на дарозе» проста цікава. Сюжэт кожнай з аповесцей дынамічны, таму засумаваць пасярод радка дакладна не атрымаецца, усе героі прапісаны максімальна дасканала, яны жывыя, за іх хочацца хвалявацца, ім суперажываеш.

А во гэта няпраўда. Дынаміка слабая, нават вельмі. Развіццё падзей павольнае. Занадта шмат увагі надаецца нейкай невядомай існуючай сіле, якая ломіць-гне-марозіць-паліць герояў, многа агульнай апісальнасці. Дарэчы, гэтая чорная сіла, гэтая містыка – самае нявызначанае месца ў тэксце. Мабыць, аўтар хацела загадкавасці, але ўрэшце і сама не змагла вызначыцца: каму сіла падпарадкоўваецца, якую ролю адыгрывае? Навошта яна, ўрэшце?

А гэта надзвычай важна, бо ў наш час цікавае і небанальнае фэнтэзі — рэдкасць. Напрыклад, самыя «разрэкламаваныя» фэнтэзійныя серыялы сучаснасці — «Дом цмока» і «Пярсцёнкі ўлады» — анічога, акрамя расчаравання не выклікаюць. І, па шчырасці, назіраць за тым, што ў іх адбываецца, можа надакучыць.

Мабыць, аўтар меў на ўвазе “Уладара пярсцёнкаў”.  Смелае выказванне, тут хіба прамаўчаць – і сыдзеш за разумнага. Адно – прывітанне эльфам, хобітам, карузлікам і іншым скандынаўскім не-людзям. У нас таксама ёсць у фэнтэзі людзі, і не-людзі.

«Вершнікі на дарозе» — знакавая з’ява ў беларускай літаратуры.

Не, дарагі аўтар. Не трэба з гэтай кнігі рабіць надзвычайнай з’явы. Бо цяжка уявіць, што тады будзе не знакавай…

Самым нечакананым для мяне ў гэтай рэцэнзіі стаўся подпіс. Там імя і прозвішча, якія супадаюць з імем і прозвішчам мужа аўтаркі і рэдактара кнігі.

Такія рэцэнзіі закладваюць у маёй галаве перадустаноўку, то чытаў ўжо прыдзірліва, тут нічога з сабой не паробіш. Не атрымалася непрадузятасці, пакуль не прымусіў усё чытаць наноў праз тыдзень.

Не, ад прыведзеных вышэй заўваг не адмоўлюся, нікуды не падзецца.

Пры ўсім, кажу, што кніга – атрымалася. У аповесцях ёсць свой  унутраны драматызм, пэўная лірычнасць, добра створаныя настрой і атмасфера. Мова Маргарыты Латышкевіч досыць багатая, у яе свой, пазнаваемы стыль, які яна вытрымлівае цягам усяго тэксту.

Для мяне важным пасля чытання застаюцца тыя адчуванні, якія прыходзяць пазней, як кажуць, паслясмак. Калі няма – дык і кнігі няма. Тут – ёсць. Яшчэ б пачытаў што падобнае, але з адной умовай: добрым рэдагаваннем кнігі, скарачэннем непатрэбнай апісальнасці непатрэбных з-за сваёй незразумеласці і нявызначанасці магічных чорных сіл. Гэта вельмі дзяшовы прыём, якім карыстаюцца мільёны аўтараў на прозеру: нейкая сіла, нешта існуе, сілай там кідаюцца ў ворагаў і гэтак далей, і ўсё сіла-сіла-сіла.

І яшчэ перадумова: беражлівасць да сапраўднай міфалогіі беларусаў, да іх саміх, бо даволі брыдка было пачытаць пра дзікунскія звычаі людзей – чалавечае (нават дзіцячае) ахвярапрынашэнне; людзі ўвогуле падаюцца істотамі без ніякай маралі і чалавечых якасцей і без усялякай надзеі на нешта лепшае (прынамсі, у дзвюх аповесцях людзі – істоты для вынішчэння, а не для будучыні).

В.Г.

One thought on “Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч

Пакінуць адказ