Вандроўнік. Дарогамі Міколы Купрэева. Леанід Галубовіч, Лявон Валасюк

Вандроўнік. Дарогамі Міколы Купрэева. Леанід Галубовіч, Лявон ВаласюкКажуць, што прадчуванне пачуцця (ці адчування) можа быць і саладзейшае за пачуццё ці адчуванне.

У мяне быў шыкоўны настрой – паездка ў Мінск удалася: з унукамі пагуляў, зуб палячыў, сталічнай кавы папіў. З апошнім папяровым (вакзальным) кубкам чарговай порцыі амерыкана я стаю на эскалатары, які вязе мяне на перон. Мой вагон – трэці, я ведаю, што ён будзе стаяць акурат ля таго месца, якое адведзена для курэння. Я буду курыць, па глытку піць каву і проста спінай адчуваць ў сваім заплечніку купленую паўгадзіны назад кнігу. І я ведаю: у мяне ёмкае месца ля акна, можна без страху выцягнуць ногі. І дзве з паловай гадзіны шляху.

Буду чытаць. Ведаю, што там будзе цікава. Усё цікава. Бо пра Міколу Купрэева нельга напісаць нецікава.

Ці ж гэта не за шчасце?

Адчуванні спраўдзіліся. Хоць дачытваў кнігу я ўжо дома, похапкамі. Але для кнігі тое было не страшным – льга было спыніцца на любым успаміне і прадоўжыць чытанне пазней з нейкага іншага ўспаміну. Хіба што адно вымагала чытання ад а да я – “Лісты з млына”, аповесць Міколы Купрэева, што друкуецца ў гэтай кнізе (разам з некалькімі вершамі). Бо яна – згустак светлай інтымнасці і прозы жыцця. Тут трэба для чытання нейкая медытатыўная падрыхтоўка, ці што. Адзінота. І каб не гуку знешняга. Каб як на тым старым млыне…

Сапраўды, укладальнікі зрабілі кнігу надзвычай разнастайнай. І гэтая разнастайнасць найперш у людзях, які згадваюць Міколу Купрэева, сустрэчы з ім, нейкія падзеі. Розныя стылі напісання, розныя акцэнты, розная шчырасць. Тут – акадэмічны падыход Ціхана Чарнякевіча да творчасці Паэта, журналісцка-філасофская  бяседа Леаніда Галубовіча з Купрэевым, правінцыйныя бясхітрасныя згадкі Святаслава Кажадуба. І шчымлівыя ад сваёй жыццёвай адкрытасці радкі лістоў Ганны Хадаровіч.

Што цікава: у адносінах да Купрэева паўстаюць характары, асобы. Тут постаць паэта – бы тое люстэрка, у якім праяўляюцца самі расказчыкі. І дзівішся: наколькі мы ўсе розныя, наколькі розныя ў нас каштоўнасці, на якіх розных мерыдыянах знаходзяцца наша “галоўнае”… І ты, як чытач, уваходзіш у гэтую кагорту са сваім меркаваннем, якое ёсць сумай ад прачытанага і, магчыма, твайго ведання творчасці Паэта і яго самога.

Тут хапае разважанняў на адвечнае пытанне: што нам важней: чалавек у творцы ці творца ў чалавеку? Які адсотак “нармальнасці” мы дапускаем у творцы?

…За радкамі – жыццё. Кавалкамі, эпізодамі. І ад гэтай разнастайнасці постаць Паэта пачынае набрыняць жывой сілай.

Мне здавалася, я шмат ведаў пра Купрэева. Чытаў многае, і з аповедаў ягоных сяброў – Міколы Рымача, Міколы Антаноўскага, Ганны Хадаровіч… Дый у Івацэвічах Купрэева ведалі ў свой час многія… Але як жа мала я знаў, аказваецца! Сапраўднае адкрыццё – лісты Купрэева да жонкі. Такім Купрэева я не ўяўляў… І – было нечага балюча. Крыўдна за Паэта. Чаму – вы самі, мабыць, здагадаецеся, калі пачытаеце.

Не магу не прывесці тут адзін верш Міколы Купрэева з гэтай кнігі. І яшчэ раз дзякуй укладальнікам, што расшукалі іх, гэтыя вершы, якія не ўвайшлі ў зборнікі, а былі рассыпаныя па літаратурных старонках самых розных газет.

——————–

ЗАКЛЯЦЦЕ

З трыбуны сышлі,
на руках мне разбілі ланцуг,
на нагах – кайданы
і замок знялі з вуснаў.
Сказалі:
“Ідзі з плугам у поле сваё,
з касой – у свой луг.
Спявай і крычы
што хочаш
на мове сваёй беларускай”.

Зноў на трыбуны ўзышлі.
А самі ж
рукі мае адвучылі араць і касіць,
ногі – шырока і вольна хадзіць гасцінцам,
звязалі свабоду па-свойму думаць і жыць
і роднае слова казаць,
і маліцца-хрысціцца.

Прашу:
зноў на рукі ланцуг падаць,
вусны замкнуць і ногі скаваць кандаламі,
зацягнуць на Незалежнасці пляц –
пасадзіць там
пад тымі нагамі.
Стану каменны й халодны, як ён.
Будзеце тут святкаваць свае святы –
чорны ў яго не кідайце праклён,
у выраджэнні сваім
я быў сам вінаваты.

В. Г.

P.S. А яшчэ падумаў: добра б было мець серыю такіх кніг пра нашых выбітных асоб. Каб не адзін там вёў рэй і прымяраў на сябе мантыю суддзі суда апошняй інстанцыі. А вось каб так: дзясятак самых розных людзей выказаліся пра Асобу…

Пакінуць адказ