БЕЛАРУСКІ “ВАЛАДАР”
Пару дзён таму я нарэшце дачытаў трэці том “Валадара пярсьцёнкаў” у беларускім перакладзе Ігара Кулікова. Нават разам з найбольш замарочанымі дадаткамі пра календары і вымаўленьні. Увогуле гэта быў напэўна шосты раз што я перачытваў гэты раман. Калісьці даўно было як мінімум тры разы ў рускім перакладзе Мураўёва і Кісьцякоўскага, двойчы чытаў у арыгінале, а цяпер вось па-беларуску. І не надакучвае, кожны раз знаходзіцца нешта новае – і ня проста дадатковыя факты, але і некаторая дадатковая якасьць.
Ну але “Валадара Пярсьцёнкаў” хто ведае, той ведае, а я зараз пра пераклад. У цэлым магу толькі паўтарыць сказанае ў маім водгуку на першы том: тэкст чытаецца лёгка, мова адначасова празрыстая і багатая, імёны ўласныя перадаюцца паводле пасьлядоўнай сістэмы, паўтораная аўтарская гульня з рознымі стылямі і моўнымі рэгістрамі. Калі параўноўваць з найбольш распаўсюджанымі рускімі перакладамі, то ў Кулікова няма сэнсавых недакладнасьцяў, як у Мураўёва, скарачэньняў, як у Грыгор’евай і Грушэцкага, або вольных дадаткаў ад сябе, як у Карыка і Камянковіч.
Таксама кніга вельмі прыгожа аформленая графічнымі мініятурамі Н. Пазьняк. У другім і трэцім тамах выпраўленая памылка з друкам мапаў, якая была ў першым томе. Адзіная мая заўвага да дызайну – пазалочаны Пярсьцёнак у цэнтры вокладкі. Выглядае ўсё выдатна, але ад дакрананьня такая залацістая фарба часта сьціраецца. У выніку на маім трэцім томе Пярсьцёнак напрыканцы быў амаль цалкам зьнішчаны, як можна пабачыць на здымку.
Хочацца павіншаваць перакладчыка і выдаўцоў з вялікім дасягненьнем, асабліва з улікам усіх выпрабаваньняў! Трохтамовы ілюстраваны раман у цьвёрдай вокладцы – нячастая зьява на сучасным беларускім кніжным рынку, у арыгінале або ў перакладзе. Я ведаю, што ўжо зараз гэтае выданьне ня толькі чытаюць беларусы як у краіне, так і ў дыяспары, але і замаўляюць зьбіральнікі кніг Толкіна па ўсім сьвеце як упрыгожваньне для сваіх калекцый.
А самае галоўнае – гэта значны прэцэдэнт афіцыйнага перакладу Толкіна па-беларуску, больш як праз дзесяць год пасьля ліцэнзаваных “Каваля з Вялікага Вутана” і “Ліста Нігла”. Ігар Кулікоў ужо распачаў працу над “Сільмарыліянам”, а магчыма аднойчы возьмецца і за “Хобіта” . І я не сумняюся, што яны будуць перакладзеныя з такою ж дакладнасьцю і ўвагаю.