Бульба ў райскім садзе. Павал Касцюкевіч

Бульба ў райскім садзе. Павал КасцюкевічХораша, калі ёсць магчымасць прачытаць твор/кнігу адразу пасля з’яўлення, але атрымліваецца гэта не заўсёды. Вось і з “Бульбай…” знаёмства зацягнулася.

Параўнанне, якое прыйшло спачатку ў галаву – Леў Таксіль “Пацешная біблія”… Ну а што, біблейскія пабасенкі ў вясёлым пераказе, але калі першы пра едкую сатыру, то Касцюкевіч пра незласлівую іронію і мову.

У эдэмскай жыроўцы, якой ёсць фактычна ўвесь другі раздзел Кнігі Роду, над усімі графамі выдаткаў лунае нябачнае паведамленне, што сто адсоткаў жыллёва-камунальных паслуг пакрывае нябесная гаспадарства. Калі ж казаць больш прадметна, дык за свае даброты Госпад патрабуе ў першых людзей толькі аднаго – не лезці ў палітыку.

і далей:

Усёмагутны яўна блефаваў, калі сказаў Адаму, што, скаштаваўшы з дрэва, той імгненна памрэ. Палітык Змей ведае: грамадзе без кіраўніка яшчэ сяк-так магчыма, але ж кіраўніку без грамады – аніяк. Не ў інтарэсах Пана Бога звесці Адамава племя пад корань – трэба ж над кімсьці панаваць.

але…

Колькі працэнтаў камуналкі давядзецца плаціць наваспечаным багам пры новай уладзе – на гэты конт Змей прадбачліва маўчыць.

Цытаваць можна шмат – смешных мясцін у кнізе хапае, няхай напрыканцы кнігі гумарыстычны задор крыху і зменшыўся.

Як на цяперашні розум абысціся без зубаскальства, калі даведаешся, што за выкуп дачкі прасіў у Давіда Саул? Альбо, што ў гарэме Саламона павінна была “служыць” кожная пятая дарослая жанчына Ерусаліма. Альбо пра пасаду “загадчыка асліцамі” і пра многае іншае.

Значная частка “Бульбы…” прысвечана этымалогіі, разбору цьмяных месцаў Бібліі ды станаўленню іўрыту.

Увогуле мова ў кнізе такі ж герой як і цары Іўдзеі.

Але калі аб’ектам з’яўляюцца словы габрэйскія, то сродкам падачы матэрыялу – выдатная беларуская.

Даўнаваценька я не рабіў столькі пазнак каля ўпадабаных словаў і выразаў. Асабліва адзначу натуральнасць, з якой не самая частая беларуская лексіка ўпісваецца ў лёгкую інтэлектуальную чытанку.

Ці з’яўляецца Касцюкевіч закладнікам свайго стылю, дзе гэтыя словы глядзяцца гарманічна? Пра гэта, як будзе магчымасць,  паразважаю асобна. А пакуль падзялюся часткай “выбранага”:

Слоўнік:

сярод іншых жывуноў
агнядыхлівы цмок
гойсаюць па райскіх дзялках
узаеміны
вагар божага ўплыву
Той яшчэ клопат на галаве!
выкліча посмешку школьніка
выкладанне супрамату
патрапляў сюды прыхапкам
сутыкненне з пачужэлай рэчаіснасцю
Вялікі Садаўнічы
Бадзячы народ
не надта верыць у здубавецці пра краіну
гранатавых яблык і смокваў у даважак
праз ягоных моўцаў на зямлі
пры дапамозе аслюковай сківіцы
Таксама не шыла з перцам.
поўная пякучых недагавораў
не чулася ані найменшага зыку
меліся ўспадкаваць бацькаву пасаду
лавіць у муту рыбу
маральныя хібы і кепствы Давіда
неўхарошаны
агаліўшы сутво
не скочваецца да асуды
далей на далей
выхітраваны палітык
торганні супружніка
паўсюдзяцца як саранча
седзішча з пурпуру

і наастатак

З.Ы. У якасці эпілога прывяду эпіграф да аднаго з раздзелаў кнігі:

“Не люблю біблійных прарокаў – вечна яны правільна ўсё прарочаць! Калі добра падумаць, дык заўсёды ж можна, пішучы гадкоў на дзвесце пазней, накрамзоліць сваё прароцтва заднім чыслом. Іншая справа прарок Ёна – прарочыў будучае разбурэнне Ніневіі, якое потым не спраўдзілася. Значыцца, прарочыў сам, сумленна – як мог.

Адэд Ліфшыц, прафесар гісторыі Тэль-Авіўскага ўніверсітэта ў пераспеве Паўла Касцюкевіча.

З.З.Ы. Кніжка не прэтэндуе на глыбіню, але калі вы шукаеце разумнага і, разам з тым, ненапружнага чытва, то “Бульба ў райскім садзе” Паўла Касцюкевіча вам падыйдзе ідэальна. Праз колькі давядзецца прачытаць новае выданне аўтара “Тралейбус №29” я не ведаю, а яно ёсць…)

Міхал Бараноўскі.

Пакінуць адказ