На Каляды ў выдавецтве “Янушкевіч” выйшла “Брацтва Пярсьцёнка”, першы том “Валадара Пярсьцёнкаў” Дж. Р. Р. Толкіна ў новым беларускім перакладзе Ігара Кулікова. Крыху больш за месяц таму я яго дачытаў і цяпер хацеў бы падзяліцца сваім водгукам.
Пачну з пары словаў па зьмесьце. Справа ў тым, што ўвосень я перачытаў “Валадара Пярсьцёнкаў” па-ангельску, таму калі ўвесну браўся за “Брацтва” па-беларуску, то ня быў упэўнены, ці стане мне цікава настолькі хутка вяртацца да таго ж самага тэксту. Але ў выніку пацьвердзілася, што я такі люблю Толкіна як пісьменьніка. На працягу кнігі інтарэс не губляўся, я адзначыў сабе шмат урыўкаў, на якія гэтым разам зьвярнуў увагу.
Цяпер пераходжу да ўласна перакладу. Адразу варта ўдакладніць, што я не зьбіраюся параўноўваць новую версію Ігара Кулікова з ранейшай версіяй Дзьмітрыя Магілёўцава і Крысьціны Курчаковай. Па-першае, таму што я папярэдні пераклад не чытаў. Ён у мяне ёсьць, я яго ня раз адкрываў і глядзеў асобныя ўрыўкі, але цалкам за яго ня браўся (але прачытаў поўнасьцю перакладзенага Магілёўцавым і Курчанковай “Хобіта”, мне спадабалася). Па-другое, я ўвогуле не лічу прадуктыўнымі дыскусіі пра тое, які пераклад лепшы. Культура ў вялікай ступені ў прынцыпе нараджаецца і разьвіваецца ў працэсе перакладу. Таму можна толькі вітаць, што класічны складаны твор існуе цяпер у дзьвюх розных беларускіх версіях. Абедзьве яны – відавочны вынік натхнёнай і зацікаўленай працы.
Разам з тым, паміж двума перакладамі ёсьць і некалькі важных адрозьненьняў, акрамя стылю, арфаграфіі (“традыцыйнай” ці “школьнай”) і перадачы імёнаў уласных, або таго, што ранейшы называецца “Уладар Пярсьцёнкаў”, а новы – “Валадар Пярсьцёнкаў”. Галоўная навізна “Валадара” Кулікова ў тым, што гэты пераклад поўны, то бок з усімі Дадаткамі, якія для аўтара былі арганічнай часткай твора. Што праўда, у выпадку першага тома гэта непрынцыпова, бо Дадаткі будуць толькі ў трэцім. Яшчэ адно значнае адрозьненьне ляжыць па-за межамі ўласна тэксту. Калі “Уладар” выйшаў вельмі абмежаваным накладам фактычна як самвыдат, то “Валадар” – афіцыйнае выданьне з дазволам ад праваўладальнікаў, таму на вокладцы мы бачым вядомую манаграму Толкіна. А гэта адкрывае шлях і для іншых толкінаўскіх кніг па-беларуску.
Увогуле на сёньняшні момант існуе ўжо каля дзевяноста перакладаў “Валадара Пярсьцёнкаў” на болей як паўсотні моваў, што робіць яго адным з найбольш перакладаных раманаў ХХ стагодзьдзя. У той жа час гэты тэкст ставіць перад перакладчыкамі шэраг выклікаў. Можна сказаць, што адным з галоўных герояў рамана зьяўляецца сама Мова – Толкін называў гэты твор “практыкаваньнем у лінгвістычнай эстэтыцы”, прычым тэкст прадстаўлены аўтарам як “пераклад” на ангельскую хобіцкай Чырвонай Кнігі. Вядома, што ўся міфалогія Серадзем’я вырасла з эксперыментаў Толкіна па стварэньні уласных штучных моваў. У “Валадары Пярсьцёнкаў” нямала ўрыўкаў і імёнаў на квэньі, сіндарыне, кхуздуле і мордарскай чорнай гаворцы. Але галоўную складанасьць прадстаўляюць не яны, а ангельская мова Толкіна. Аўтар гуляе са стылямі, дыялектамі, архаізмамі, гістарычнымі ўзроўнямі мовы. Нарэшце, у рамане ёсьць некалькі дзясяткаў вершаў, розных па характарах і паэтычных памерах.
Па словах самога Ігара Кулікова, пераклад “Валадара Пярсьцёнкаў” для яго – зьдзяйсьненьне даўняй мары і тое, да чаго ён ішоў амаль два дзясяткі гадоў. Кулікоў шмат у чым паўтарае шлях і вопыт Толкіна. Ён таксама філолаг і паэт, прычым у сваіх вершах таксама эсперыментуе з мовай, займаецца словатворчасьцю. Ён перакладае і прозу, і паэзію, у тым ліку старажытныя міфалагічныя тэксты на санскрыце. Нарэшце, Кулікоў напрамую прайшоў па сьлядох Толкіна, пераклаўшы шэраг гістарычных тэкстаў, з якімі той таксама працаваў – у 2019 годзе выйшаў зборнік “Стараангельская паэзія”, а беларуская версія сярэднеангельскай паэмы “Сэр Гавэйн і Зялёны Рыцар” яшчэ чакае публікацыі.
Абапіраючыся на гэты досьвед, Кулікоў пераклаў “Валадара Пярсьцёнкаў”, і першы том ужо надрукаваны. Цяпер кожны можа яго прачытаць і скласьці ўласнае меркаваньне, наколькі добра атрымалася. Асабіста мне вынік вельмі падабаецца. Тэкст чытаецца лёгка, мова жывая. Дзе трэба, Кулікоў карыстаецца дыялектнай ці старабеларускай лексікай, напрыклад, перадаючы гаворку Сэма ці ўзвышаны стыль запісаў Ісільдура. Дзе нічога падобнага ня трэба, ужывае звычайную празрыстую мову. Вершы перакладзеныя адначасова і творча, і досыць блізка да арыгіналу. Тэксты на створаных Толкінам мовах не трансьлітаруюцца, а перадаюцца арыгінальнай лацінкай з усімі дыякрытычнымі знакамі.
Абмеркаваньне розных перакладаў Толкіна часта або пачынаецца з тэмы перадачы імёнаў уласных, або ўвогуле гэтай тэмай абмяжоўваецца. Безумоўна, гэта важнае пытаньне, але не настолькі важнае, як стыль або дакладнасьць асноўнага тэксту. З гэтым у Кулікова, на мой погляд, усё ў парадку, таму можна перайсьці і да імёнаў уласных. Але і з імі ўсё ў парадку. Шмат у чым Кулікоў абапіраецца на “Кіраўніцтва па перакладзе імёнаў уласных”, якое склаў сам Толкін, калі сутыкнуўся з праблемамі ў першых перакладах на галандскую і шведскую. Гэтыя парады аўтара шмат у чым датычаць толькі моваў германскай сям’і, але ён фармулюе і пэўныя агульныя прынцыпы. Такім чынам, усе імёны і назвы, якія ў арыгінале маюць ангельскае паходжаньне, у перакладзе пераствораныя па-беларуску адпаведна сэнсу: Weathertop – Ветрагор, Mr. Underhill – пан Падгор, Dale – Дол, Barrow-Downs – Валатоўкі, Bill Fernie – Біл Хвошч, Old Man Willow – Дзед Вярба, і гэтак далей. Галоўнае, што гэта выканана пасьлядоўна, таму тут няма “істэрлінгаў” або “Байўотэра”. Імёны на створаных Толкінам мовах не перакладаюцца, а адаптуюцца пад беларускія формы словаў і арфаграфію, але таксама пасьлядоўна – таму, напрыклад, гук TH перадаецца толькі як Т, або ў мяккай пазіцыі як Ц, але ніколі як Ф, С, Ч, ці тым больш ТХ (хто ведае, той зразумее). Дзе сістэма не зусім відавочная – гэта ў перадачы націскаў. Напрыклад, ёсьць Бо́рамір і Ло́рыен, але Гандалíн, а не Го́ндалін. Пры перадачы роханскіх імёнаў уласных, утвораных на стараангельскай аснове, Кулікоў працягвае традыцыю беларускіх перакладаў з гэтай мовы. Антон Францішак Брыль вырашыў перадаваць стараангельскі ўдарны дыфтонг EO спалучэньнем ЭЎ, таму Beowulf і Heorot у яго Бэўвульф і Хэўрат. У Кулікова кароль Théoden, які ў “Брацтве Пярсьцёнка” толькі згадваецца, але яшчэ не зьяўляецца ўласнай персонай, перададзены як Тэўдэн. Мяркую, што ў наступным томе ягоная пляменьніца Éowyn будзе Эўвін. У асобных выпадках Кулікоў пазычае з існуючай традыцыі перакладаў Толкіна. Напрыклад, прозьвішча галоўнага героя Baggins і эльфійскае паселішча Rivendell у яго Торбінс і Раздол, як у класічным рускім перакладзе Мураўёва і Кісьцякоўскага, а карчмар Barliman Butterbur тут завецца Ячмен Масьляк, амаль як у першым беларускім “Уладары”, дзе ён быў Ячман Масьляк. Ну а самая, напэўна, заўважная асаблівасьць гэтага перакладу ў тым, што чараўніка тут клічуць ня Гэндальф, а Гáндальф, што цалкам карэктна.
Нарэшце, варта сказаць і пра кнігу як аб’ект. Гэта вельмі стылёвае выданьне, якое прыемна трымаць у руках. Цьвёрдая вокладка, шчыльная папера, досыць вялікі шрыфт, шырокія палі, закладка-лясэ – усё салідна. Кожны разьдзел пачынаецца з графічнай мініятуры мастачкі Н. Пазьняк. На вокладцы ў нас вогненнае Вока, узятае ў кола Пярсьцёнка, а таксама ўсё Брацтва, якое ідзе па высокіх галінах дрэваў з залатым лісьцем. Будзем лічыць гэта не літаральнай ілюстрацыяй, а абагульненым мастацкім вобразам, бо тут яны ўсе дзевяцёра, у той час як у тэксьце да Лорыена дайшлі толькі восем, а Гандальф перад тым загінуў у Морыі. Мапы прыгожа перамаляваныя, але нажаль атрымалася так, што на стыку старонак кавалак выявы “зажоўваецца”, у выніку частка інфармацыі з мапаў проста зьнікае. Хацелася б, каб гэтая хіба была выпраўленая ў наступных двух тамах і пры перавыданьні першага.
Напэўна, пакуль гэта ўсё, што я заўважыў ці падумаў з нагоды новага перакладу. Віншую Ігара Кулікова са значным творчым вычынам і спадзяюся на працяг. І ня толькі ў сэньсе новых тамоў “Валадара Пярсьцёнкаў”, але і ў сэньсе астатніх твораў Толкіна па-беларуску.