Бераг новай зямлі. Уладзімір Мароз

Гэта Уладзімір Мароз змусіў шукаць мяне на карце лес Літва і балота Пагоня. І я знайшоў. Яны былі і блізка, ды дайсці да іх было ой як няпроста.

Усё пачалося з верша: і наша знаёмства, і знаёмства з творчасцю, і спробы аналізаваць эсэ майстра, каб зразумець і пасля самому так пісаць.

Уладзімір Мароз – паэт і празаік, эсэіст і сцэнарыст. Ён з кагорты тых, хто пабачыў у сваіх шматлікіх дарогах сапраўдную Беларусь. І адтуль, канешне, глыбіня ягоных думак, яснасць мыслення. Падкупляе ягоны голас у тэксце. Ён і цвёрды, пераканаўчы, але адначасова – не дыдактычны, не самаўпэўнены. Уладзімір быццам выказвае сваю думку і адначасова суцішвае і суцешвае субяседніка, маўляў, не хвалюйся, можа, я і не маю рацыю, можа, і твая думка надта ўдалая. Але мая застаецца маёй, і яе не выракуся…

Кніга “Бераг новай зямлі” – свайго роду падсумаванне. Аўтар выбраў сам, што вартае з мінулых набыткаў сюды ўкласці, мо як некалі з бацькам складаў сена ў копы ці пасля – на вышкі, каб ведалі бацькі, якое сенца адкуль браць кароўцы, дзе пахучае, дзе ядкое…


 

Спадару Уладзіміру Марозу

Менск, 13 снежня 2023 года

Час няўмольна ляціць. І для нас з узростам яго хуткаплыннасць яшчэ імклівей, яшчэ бязлітасней. Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай “рэчкай уплывае”. Ты гэта ведаеш нават лепш, чым твой малодшы калега, ліст якога Ты зараз чытаеш. Здаецца, яшчэ нядаўна я прынёс да Цябе ў “Бярозку” свой “Тураў”, яшчэ нядаўна мы разам ездзілі ў гэты наш старажытны горад на Прыпяці, і яшчэ нядаўна таксама разам з Табой наведалі Мар’іну Горку – сучасны адміністрацыйны цэнтр той мясцовасці, дзе мае радаводныя карані па лініі бацькі… Незабыўныя падарожжы, памятныя сустрэчы, выступленні… Яны назаўсёды ў маім сэрцы.

Заўтра буду выступаць на прэзентацыі Тваёй новай кнігі, якая з ласкі шаноўнага аўтара папоўніла збор твораў Уладзіміра Мароза ў маім хатнім кнігазборы. І яна, як і ўсе папярэднія, з аўтарскім аўтографам. Гэта будзе заўтра, а сёння ўвечары я ўзяў сваю любімую асадку, заправіў яе сінім атрамантам і вырашыў напісаць Табе ліст, бо прамова прамовай, а рукапісы, як ведаеш, не гараць.

“Бераг новай зямлі” – назва ўдалая і экзістэнцыйная! – аб’ёмна прэзентуе самога аўтара, этнічнага беларуса, і яго беларусацэнтрычную творчасць, а падзагаловак паказвае вектар гэтай аб’ёмнасці: вершы, аповеды жыцця, эсэ, інтэрв’ю.

Зборнік пачынаецца з верша “Развітанне з Нёманам”, і першыя яго радкі гучаць як эпіграф да “Берага…”, я сказаў бы яшчэ, задаюць лірычна-філасофскую танальнасць кнізе: “Ты прабач мне, мой Нёман, прабач, \\ Я не здрадзіў табе, я не здрадзіў!” Так, Валодзя, Ты не здрадзіў свайму Нёману, сваёй роднай зямлі, сваёй (нашай з табой мове), якая ідэнтыфікуе нас як беларусаў.

Апошнім часам я астыў да паэзіі, больш захапляўся ёй у школе і юнацтве, нават у 9-м класе напісаў свой першы (і на сёння апошні) верш на роднай мове “Вярбіна маладая”, які прачытаў сваёй настаўніцы па беларускай мове і літаратуры ў мінскай 19-ай школе, светлай памяці Яўгеніі Віктараўне Агіевіч. На маё здзіўленне, твор ёй спадабаўся, і яна нават звярнулася да знаёмага журналіста, каб яго надрукаваць. Мяне тады папрасілі даць для адбору яшчэ некалькі прыкладаў рыфмаванай мовы. Аднак я адчуў, што паэзія – усё-такі не маё, і практыкавацца далей у вершаскладані не стаў. Пісаць добрыя вершы – вялікае майстэрства, і не кожнаму празаіку пад сілу ім авалодаць. Гэта, на жаль, не мая дзялянка. Але Твае вершы я сёння некалькі разоў перачытваў (і не толькі тыя, што ў “Беразе…”). Іх лірызм і пранікнёнасць мяне кранулі, – кажу шчыра. “Як будзеш ведаць продкаў – сам жывеш,\\ Трывала на зямлі стаіш ты”; “Як сябруеш з сваёй галавой – \\ Праз раку забыцця маеш броду”; “Дзе чароўныя спеляцца сны, дзе інтымнасцю лашчыць прастора”; Невыносную лёгкасць быцця \\ Падсвядома трымаю за мэту; “Завастрыліся скулы на твары, \\ Паразрэзвалі лоб маршчакі. \\ Знак тваіх чалавечых аварый”…

На пытанне ў анкеце “Дзеяслова” Ты адказаў, што “нехта вершы якраз піша, складае, думае, а я іх ствараю”. І мне як чытачу гэтыя стварэнні падабаюцца.

Аповеды жыцця, эсэ чытаюцца лёгка і цікава.

Я разам з Табой пракаціўся ў Малдову і з прыгодамі праз украінска-беларускую мяжу вярнуўся на Бацькаўшчыну, прачытаў пра дзесяцідзённы міланска-мінскі трылер, ці дакладней – ваенкаматаўскую турзаніну, удыхнуў Амерыку і ўявіў несуровую зімовую Атлантыку (сам вельмі люблю мора! І мару ўбачыць акіян)…

Каб Ты ведаў, дружа, як “Забраннікаў бераг” абуджае ўва мне настальгічныя згадкі! Дубы, Акінчыцы, Смольня, Альбуць, Мікалаеўшчына і “срэбраводны” Нёман – усё так знаёма мне са школьных гадоў, бо на летніх вакацыях неаднойчы адпачываў з бацькамі на турбазе “Высокі бераг”. А 14 жніўня 1983 года ў Смольні дзевяцікласніку Юрыю Кур’яновічу падпісаў кнігу Песняра “На ростанях” (1982) сын яго малодшай сястры Міхаліны Уладзімір Іванавіч Міцкевіч – тагачасны загадчык мемарыяльнай сядзібы. І гэты аўтограф – першы дарчы надпіс на выданнях з маёй хатняй бібліятэкі. А калі казаць пра “Новую зямлю”, дык гэта мой найулюбёны са школы твор беларускай літаратуры.

А яшчэ ў “Забраннікавым беразе” ты згадваеш Юрку Міцкевіча і яго жонку Соф’ю Пятроўну. Дык я таксама ведаў Юрыя Міхайлавіча і прывозіў да яго на экскурсію сваіх сяброў, а ён чытаў нам “Новую зямлю”…

“Разгадаць знакі лёсу” – пра Віктара Казько. Ты таксама аўтар сцэнарыя фільма “Знакі лёсу. Віктар Казько”. Цікава, што ў маім хатнім кнігазборы, як і ў тваім, ёсць дзве яго кнігі з дарчымі надпісамі. А ў 2015 годзе я браў інтэрв’ю ў Віктара Апанасавіча, якое было надрукавана ў газеце “Домой! ”.

Пішу ўжо эмацыйна, бо мне, дарагі Валодзя, блізка тое, што Ты пішаш, і карціць падзяліцца, што і мяне звязвала з тым ці іншым героем Тваіх твораў.

Увогуле, Твае эсэ, кінасцэнарыі – гэта не толькі галерэя выбітных нашых творцаў. Гэта, кажучы модным сёння англійскім слоўцам, прамоўшэн нашай нацыянальнай культуры.

Прачытаў “Літву Міколы Ермаловіча” – і міжволі ўзгадаўся выпадак, які адбыўся са мною гадоў дванаццаць таму ў Балгарыі. Пацярпі трошкі, гэта мой апошні аповед. Я тады адпачываў з жонкай на моры, у Сазопалі. Паехалі на экскурсію ў цэнтральную Балгарыю. Мікрааўтобус, невялікая экскурсійная грамада, якая, акрамя нас, складаецца з расіян. На мне белая цішотка, на ёй вялікімі чырвонымі літарамі – верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?”. На тэхнічным прыпынку адзін з падарожнікаў – дзядзька немалады, але яшчэ не стары – падыходзіць да мяне і пачынае на добрай беларускай мове чытаць гэты верш. Я быў, безумоўна, здзіўлены. Пытаюся: “Адкуль Вы ведаеце беларускую мову?” Пазнаёміліся. Аказваецца, ён беларус, з Маладзечна, але ажаніўся з расіянкай і ўжо даўно жыве ў Маскве (дарэчы, жонка тады таксама падарожнічала разам з ім). Потым ён нечакана пытае ў мяне, ці ведаю я Міколу Ермаловіча. Адказваю, што так, хоць, на жаль, і не быў з ім асабіста знаёмы. І ён мне распавёў, што асабіста быў знаёмы з Міколам Ермаловічам і нават калісьці дапамагаў яму ў маладзечанскай краме набыць дыванок. На жаль, наша гаворка, так бы мовіць, на культурную тэму не мела далейшага працягу. Мой візаві пераключыўся на сацыяльныя і эканамічныя пытанні, у прыватнасці, на пастаўку газу нашай краіне. І неўзабаве з непрыхаванай пыхай за вялікую Расію, якая корміць Беларусь, ён пачаў у спалучэнні з назвай нашай з Табой, Валодзя, Бацькаўшчыны, і Зямлі, якая яго нарадзіла, ужываць займеннік “Ваша”“Ваша Беларусь”.

Упэўнены, для Цябе, Валодзя, і для Тваіх сямейнікаў Беларусь ніколі не будзе “Ваша”. Яна будзе Твая, наша з Табой.

Ты паклаў сваю цагліну ў падмурак нашага Беларускага Дому.

Дарагі братка, ганаруся, што таварышую з Табой.

Чакаю новых твораў.

Твой Юрась Кур’яновіч.

(Слова Юрася Кур’яновіча на прэзентацыі кнігі “Бераг новай зямлі”)

 

Пакінуць адказ