Зборнік змяшчае раздзелы: «Даследаванні», «Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас», «Беларускі фальклор у гістарычных дакументах», «З рукапіснай спадчыны», «Матэрыялы і вынікі палявых даследаванняў», «Фальклор пагранічча», «З Калекцыі фальклорных запісаў». Тэарэтычны блок адведзены актуальным пытанням вывучэння рукапіснай традыцыі, фальклору Вялікай Айчыннай вайны, даследуюцца розныя аспекты штодзённасці, міфалогіі, асобны акцэнт зроблены на праблемах беларускай народнай казкі. Друкуюцца раннія запісы беларускіх народных прыказак, легенд і былічак.
Зборнік разлічаны на фалькларыстаў, этнолагаў, мовазнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, краязнаўцаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца народнай спадчынай.
(З анатацыі)
І трэба дадаць асобным радком: зборнік павінен стаць настольнай кнігай для сённяшніх аўтараў, якія абралі для сябе полем дзейнасці казкі, фэнтэзі, містыку.
Насамрэч, шаноўныя калегі, для нас, стваральнікаў новых тэкстаў з фантазійнымі героямі, літаральна працуе цэлы інстытут, дзясяткі навукоўцаў. Яны шчыруюць у не такім і густым лесе беларускай міфалогіі – ну каму ж яшчэ, як не творцам, аўтарам кніг, гэтым скарыстацца?
Ад першага свайго раману, у якім скарыстаў пэўныя думкі і міфалагічныя аспекты, уважліва сачу за ўсім беларускім літаратурным светам, дзе з’яўляецца падобнае. Дваццаць гадоў таму яшчэ не было столькі крыніц, як цяпер, адкуль льга было б зачарпнуць ведаў пра “багоў і чарцей”. Але сёння можна ўжо сабраць разам не адну кнігу і разглядаць іх, як аснову нашай беларускай міфалогіі.
Часам ад прачытання чарговага фэнтэзі ахоплівае сапраўдная роспач – што ж вы, шаноўны аўтар, наплялі, што стварылі? І не ў тым справа, урэшце, што з’яўляюцца нейкія новыя міфалагічныя істоты, што знаёмыя беларускія істоты пачынаюць выконваць функцыі, ім не надта ўласцівыя і іншыя фантазіі. Хай гэта будзе. Але часам жа створаныя сусветы, падзеі, героі наўпрост цалкам не беларускія, чужыя нашаму свету. Вось дзе сапраўднае зло – не пабаюся гэтага слова.
Наша міфалогія – тое, што робіць нас з іншымі набыткамі нацыяй, народам. Беражлівае стаўленне да яе, папулярызацыя – кажу без пафасу – абавязак творцы. Безумоўна, кожны аўтар мае неаспрэчнае права ствараць свой сусвет. Як бясспрэчна і тое, што існуючыя міфалагічныя героі, сюжэты сталіся нашымі, увайшлі ў жыццё беларусаў цягам доўгай “фільтрацыі”, іх уласцівасці і характары “абчэсваліся” доўгімі гадамі.
Для некага будзе тэарэмай, для мяне ж аксіёма: створаны новы міф і ягоны герой павінен абапірацца на цвёрдую існуючую міфалагічную глебу. Доўгае жыццё таго ці іншага героя цалкам залежыць ад таго, наколькі ён наш, беларускі, наколькі упісваецца ў агульны міфалагічны кантэкст.
Ніжэй – артыкулы гэтай кнігі. Зірніце: хіба ж гэта не цікава, шаноўныя аўтары?
Настасся Шэйбак. «Память госпиталя. 1945 г.»: Салдацкі песеннік Дзмітрыя Макарука
Таццяна Валодзіна. Рукапісная замоўная традыцыя беларусаў
Дзмітрый Скварчэўскі. Усе багі раду радзяць і суды судзяць: Да канцэпцыі пантэона ў беларускай міфалогіі
Уладзімір Сівіцкі. Беларуская сацыяльна-бытавая казка і тэндэнцыі яе развіцця ў другой палове ХХ – першай трэці ХХІ стагоддзя
Аксана Селях. А чыя ты будзеш?: Канцэпт роду дзяўчыны ў карціне свету заходнепалескіх сялян
Алена Ляшкевіч. Апісанне валачобнага абраду ў рамане Фларыяна Чарнышэвіча «Віцік Жывіца» як этнаграфічная крыніца
Біляна Сікіміч, Святлана Галяк. Уяўленні пра сабаку ў беларускай і сербскай фразеалогіі і фальклоры
Таццяна Дайнека. Купальскія песні беларускай традыцыі ў Омскай вобласці: структурна-рытмічныя асаблівасці напеваў
Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас
Цімафей Авілін. Млечны Шлях у беларускай этнакультуры: семантыка матываў у картаграфічнай праекцыі
Цімур Буйко. Русалкі: уяўленні аб паходжанні
Беларускі фальклор у гістарычных дакументах
Юрый Внуковіч. Запісы беларускага фальклору і мовы 1827 г. са Стара-Псуйскай парафіі Дзісенскага павета
З рукапіснай спадчыны
З парэміяграфічнага архіва: Матэрыялы Восіпа Бадзянскага (1840-я гг.). Падрыхтаваў Вячаслаў Мартысюк
Вольга Бялова. Фальклорныя запісы Васіля Кавалёва 1925–1926 гг. з калекцыі «Смаленскі архіў»
Матэрыялы і вынікі палявых даследаванняў
Генадзь Лапацін. Фальклор і этнаграфія вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна. Частка 1
Iна Пячоркiна. Семежаўскае вяселле – падарожжа ў мiнулае
Фальклор пагранічча
Аляксандра Іпалітава. Фальклор Юхнаўскага, Ельнінскага і Духаўшчынскага паветаў Смаленскай губерні ў запісах апошняй чвэрці XIX ст. з калекцыі І. А. Шляпкіна
Ірына Смірнова. Фальклорныя запісы з Бранскай вобласці ў Архіве ІМЭФ
З Калекцыі фальклорных запісаў
Прыказкі з рукапісу М. Крэмнева 1901–1905 гг. Частка 2. Падрыхтавала Аліна Высоцкая
З народнай прозы беларусаў Латгаліі (у запісах С. Сахарава). Падрыхтавала Ганна Грыга
Мікола Залатуха. З успамінаў аб традыцыйнай культуры вёскі Велеўшчына Лепельскага раёна
В. Г.