Беларускія нячысцікі: Лясныя. Артур Басак

Прызнаюся, вельмі ж раўніва сачыў за стварэннем кнігі Артура Басака. З нейкага часу для мяне беларуская міфалогія падалася тым нераскрытым скарбам, да якога нельга падыходзіць без належнай падрыхтоўкі. Без павагі да продкаў, да свайго мінулага. Помню, як шакавалі тыя ці іншыя гісторыі сучаснікаў, калі яны устаўлялі ў свае творы міфалагічных істот, нават не зазірнуўшы хоць у які міфалагічны слоўнік. І набывалі тыя істоты якія заўгодна характары, займаліся на ўгоду аўтару нечым такім, пра што ім і не снілася ў старадаўнія часы.

Адносіны Артура Басака да нашай міфалогія не проста  паважлівыя, яны датклівыя. Ён стварае вобразы на аснове менавіта сабранага фальклору, прытрымліваецца традыцыі. І яны атрымліваюцца менавіта беларускімі. Нашымі.

Такой кнігі ў нас не было. Тут не проста шыкоўныя ілюстрацыі, захапляльныя створаныя вобразы, тут яшчэ і цікавы тэкст. І яны арганічна дапаўняюць адно другое, ствараючы цэлы сусвет. І хай сабе выкананы той сусвет у цёмных колерах, але ён – больш светлы, чым чорны.

Быў пачытаўшы, што Таццяна Валодзіна,  доктарка філалагічных навук і загадчыца аддзела фалькларыстыкі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выказалася ў адрас Артура Басака наконт ягонай кнігі, што ён робіць больш за цэлы інстытут. Ахвотна веру. Гэта не ўпіканне навукоўцам, разумею іх жыццё цяперашняе. Раней мой сябра, Алесь Зайка гэтаксама даследаваў удоўж і ўпоперак Косаўшчыну, выдаўшы ажно тры кнігі слоўнікаў: дыялектаў, прымавак, фразеалагізмаў… такім чынам, і адзін у поле воін. Ну а будучым аўтарам фэнтэзі на беларускай глебе раіў бы мець кнігу “Беларускія нячысцікі” за настольную.

В.Г.

Аўтар пра сябе і сваю творчасць:

У нейкі момант з’явілася цікавасць да свайго: а што ў нас было замест кентаўраў і мінатаўраў? Павінна ж нешта быць! Як капнуў, дык так і закапаўся. Раней маляваў усялякіх монстраў, оркаў, эльфаў, а тут пераключыўся на беларускіх нячысцікаў, зразумеў, што некаторых персанажаў беларускай міфалогіі яшчэ ніхто не маляваў — ніша вольная.

Наша міфалогія больш багатая за скандынаўскую і грэцкую, таму што людзі ў нашай краіне ў стане неадукаванасці і нейкай вясковасці жылі больш, чым у іншых краінах. Нават хрысціянства цалкам не знішчыла ўсе гэтыя абрады і павер’і, яно толькі іх трошкі трансфармавала. Што тут казаць, хтосьці і дагэтуль возіць сваіх дзяцей-заік да бабак-шаптух у вёску. Я ўжо троху стаміўся ад гэтых эльфаў і оркаў Толкіна, яны паўсюль. І дагэтуль эксплуатуецца гэтая тэма і ягоныя творы, вось новы серыял надоечы выйшаў. А беларуская міфалогія — гэта ж не толькі сваё, роднае, але і канцэптуальна нешта новае, тэма не разгорнутая ні ў кіно, ні ў кампутарных гульнях або настолках, ды і ў літаратуры з мастацтвам таксама сціпла раскрытая.


Поўная кніга нячысцікаў! Пакуль толькі лясных, значыць, будуць і іншыя. Мала таго, што за гэтым можна было назіраць @belarusian_monsters, а цяпер можна прычытаць сапраўдную кнігу!

Тэкст і ілюстрацыі скампанаваныя выдатна. Задума апавядаць праз нататнік таксама ўдалая, як тут не згадаць Яна Баршчэўскага.

І асобна пра цмокаў. Буду шчыры, ні разу так і не сустрэў сапраўднага цмока. Але амаль упэўнены, што цмокі ў прамым або пераносным сэнсе ёсць нашчадкамі дыназаўраў.

Як маглі людзі звязаць вобраз цмока і дыназаўра? – спытаеце вы. Справа ў тым, што людзі здаўна знаходзілі парэшткі дагістарычных жывёл (нават аздаблялі імі храмы). І гэтыя велічныя і невытлумачальныя шкілеты сілкавалі тую казачную рэчаіснасць, у якой жыў чалавек ад старажытнасці да сярэднявечча.

Адзначу, што ў беларускай міфалогіі (гэта, відаць, балцкая спадчына, але не славянская) у нас заўжды з сімпатыяй адносіліся да цмокаў (і да змей – бо гэта таксама цмок, толькі маленькі). Хіба, што царква старалася надаць адмоўныя рысы любым істотам, падобным на змей.

Асабіста я люблю змей, вужакаў і іншых, і мару калі-небудзь спаткаць сапраўднага цмока і распытаць яго аб некаторых туманных момантах нашай гісторыі.

eliasz_bart

Пакінуць адказ