«Мова — ключ да разумення духоўнага пачатку нацыі, у словы, вобразы закладзены культурны код, светаўспрыманне, менталітэт, псіхалогія народа, гістарычная памяць. Таму мы павінны рабіць усё магчымае, каб зберагчы родную мову», — заўважыў адзін з аўтараў кнігі, дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў.
Вучоныя шукалі новыя падыходы, каб зрабіць выданне цікавым і карысным для розных катэгорый чытачоў, у тым ліку для дзяцей. Адзін з выкарыстаных прыёмаў — размяшчэнне інфармацыі ў алфавітным парадку. На кожную літару ў папулярнай форме падаюцца паняцці і факты, звязаныя з роднай мовай і яе вывучэннем. Таксама чытач можа даведацца пра гісторыю літар, убачыць, як яны выглядалі ў розныя часы, як падаваліся, напрыклад, у выданнях Францыска Скарыны ці ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага. На працягу стагоддзяў адбываліся страты адных літар, з’яўляліся новыя. Так «Ў» была прапанаваная для выкарыстання фалькларыстам Пятром Бяссонавым у 1879 годзе. Ужывацца ў друку літара пачала з пачатку ХХ стагоддзя, найперш у газетах «Наша ніва» і «Наша доля».
Таксама ў выданні паказана гісторыя беларускай мовы за 800 гадоў. Для гэтага аўтары выкарысталі стужку часу, на якой пададзены найбольш знакавыя даты. Як расказала загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства Наталля Паляшчук, найстарэйшая з іх — 1229 год, калі была створана «Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам» — адзін з пісьмовых помнікаў, у якім упершыню былі зафіксаваны рысы беларускай мовы. Апошняя дата, выкарыстаная ў кнізе, — 2024 год, калі была абноўлена «Граматычная база беларускай мовы» — гэта найбольш поўны электронны лексіка-граматычны даведнік па беларускай мове.
Вялікая частка матэрыялаў прысвечана асобам, якія зрабілі значны ўклад у культуру. Сярод іх — Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі. Дзякуючы апошняму, напрыклад, упершыню ва ўсходніх славян пабачыла свет выданне, дзе тэкст быў надрукаваны на дзвюх мовах: царкоўнаславянскай і старабеларускай.
Змешчаны ў кнізе і факты пра пачатак мовазнаўчай дзейнасці на нашых землях, пра тое, якія граматыкі і слоўнікі выходзілі ў старажытнасці і ў наш час. Першы буквар быў надрукаваны ў 1618 годзе ў Еўі ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва. Другі — буквар Спірыдона Собаля — выдадзены ў 1631 годзе ў друкарні Куцеінскага Богаяўленскага манастыра недалёка ад Оршы.
Пазнаёміць кніга і з дасягненнямі беларускіх мовазнаўцаў. Адно з іх — «Гістарычны слоўнік» у 37 тамах, над якім каля 60 гадоў працавала некалькі пакаленняў вучоных. Як заўважыў Ігар Капылоў, гэта быў праект стагоддзя, Інстытут ганарыцца работай, тым больш, што нашы даследчыкі першыя сярод усходніх славян падрыхтавалі такое выданне. У ім сабрана каля 75 тысяч слоў. Праз мову адлюстраванна 500-гадовая гісторыя, духоўная і матэрыяльная культура, сабраны словы Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага і іншых асветнікаў.
У кнізе прыводзяцца цікавыя моўныя факты, выказванні паэтаў і пісьменнікаў пра роднае слова, самабытная лексіка, прыказкі, якія адлюстроўваюць каларыт беларускай мовы. Інфармацыя суправаджаецца багатым ілюстрацыйным матэрыялам.
На прэзентацыю выдання завіталі замежныя студэнты, якія атрымліваюць адукацыю ў БНТУ.