“У жыцьці двойчы шчасьце ніколі ня грукае ў дзьверы.
Памыляецца той, хто чакае нагоду другую…”
Адразу скажу, што з паэзіяй Усевалада Сцебуракі ў кніжным фармаце раней сустракацца не даводзілася. А вось многае з публікаванага ў фб ужо ж надта даспадобы, але то ж асобнае і сучаснае. Таму было ўдвая цікавей адгортваць вокладку “Бег па самаадчуванні”, 2013 года выдання.
Назва апраўдвае сябе цалкам, ты адначасова нібы і застаешся сам-насам з адчуваннямі і рэфліксіямі, і нібыта сустракаеш добрага прыяцеля, з каторым гаворыцца пра ўсё на свеце.
Пра тое “Як ёсьць” у першым раздзеле і “Як мае быць” у трэцім. (А “Выбраныя камяні” з “Крушні” – нэймінгавы кайф, рэспект!).
І разважаеш ты з гэтым прыяцелем пра ўсё: і пра зямное, і пра высокае. Ты нават ведаеш імя яго сабакі. Нават без дэталяў разумееш, якія ён чытае кнігі, бо ў цябе на паліцы тыя ж. Без каардынатаў разумееш, куды ён вандруе, і пра каго гаворка, калі нават не называюцца імёны.
З ім можна і пра Бога, і пра каханую… О, ён так расказвае, якая яна! Праз усю гутарку-кнігу яна неад’емны трэці.
Яна ведае мовы і моду,
мае цьвёрды жыцьцёвы план,
і з усьмешкай ўкладае прыгоды
ў наш сур’ёзны лірычны раман.
Яна любіць тэкілу “Альмеку”
і кудлаціць мае валасы.
Мы ляцім наўздагон яе сьмеху
з разваротам празь дзьве паласы.
Яна можа ні чым не займацца –
проста плакаць, ці проста сьпяваць,
а ўвечары так затрымацца, што я двойчы стамлюся чакаць…
Ды калі, нібы на фотаздымках,
загарнуўшыся ў мяккі плед, яна сьцішыцца… У абдымках
мне падасцца – трымаю сьвет!
Асабіста для мяне гэтае чытанне атрымалася вандроўкай у мінулае на 12-15 год. Прыгадваецца і горад той пары, і людзі, сустрэчы, шляхі… як за руку звадзілі.
Горад асобны герой у вершах Усевалада, сапраўдны жывы арганізм. Верш пакажу іншы, а ў галаве рэфрэнам гучыць “у пяць гадзін раніцы ў пяць”.
Вецер гуляе ў напарсткі кубачкамі з пластыку.
Дрэвы запозьнена робяць
ранішнюю гімнастыку.
менск вяртаецца з Гораду з офісаў і заводаў,
месьціцца ля тэлевізараў у пошуках танных прыгодаў.
Плавае флот недапалкаў у акваторыях лужын,
хтосьці гатуе вячэру,
большасьць, напэўна, – ужын.
Вочы вакон заплюшчваюць жалюзі ды фіранкі,
бегаюць і страляюць у тэлевізары «янкі».
Дзень адлятае стары,
дзень надыходзіць новы.
Нехта шукае пары,
нехта шчырай размовы.
Дождж вышыня нараджае,
цемра рыхтуе пасткі,
блытае, перашкаджае
ветру гуляць ў напарсткі.
Сярод вершаў ёсць і мацнейшыя, і слабейшыя, я выбіраю тое, што нейкімі вобразамі, думкамі зачапіла мяне, кожны ж адшукае сваё. Ёсць хіба і тыя, што былі актуальныя, важныя аўтару на момант з’яўлення кнігі. А зараз?.. Тым цікавей будзе зазірнуць у зборнік, выдадзены пару? год таму, які шчэ чакае чаргі на маёй паліцы.
“Сёньня ня мой дзень” –
тахкае глуха сэрца.
Сёньня ня мой дзень –
слота на вуліцы зноў.
Сёньня ня мой дзень
вы ужо мне паверце.
Белы такі дзень
з чорных такіх сноў.
Сёньня ня мой дзень –
рукі дрыжаць над паперай.
“Сёньня ня мой дзень” –
ў скронях пульсуе кроў.
Сёньня ня мой дзень –
вецер смугою шэрай
рве на шматкі вясёлку
ўчорашніх каляроў.
Сёньня ня мой дзень
як тэстамент у капэрце.
Сёньня ня мой дзень –
скуль толькі ўзяўся ён?
Сёньня ня мой дзень!
Як бы ў яго не памерці.
Ў самы ня мой дзень
З усіх не маіх дзён…
***
Што ты ведаеш аб болю?
Боль жывы!
Ён у табе жыве,
табою.
Ён ёсьць ты!
Хто стрывае болей болю –
той сьвяты!
Хочаш волі?
Будзе воля?
А ці будзеш ты?
А ці будзе гэта воля
безь яе?…
Толькі болю ёсьць даволі –
ўсім стае.
***
Жывеш на белым сьвеце –
Купальле за Раством.
Растуць чужыя дзеці.
сваё далёка недзе
каметаю з хвастом.
І дзень прыходзіць новы,
і мусіш сустракаць,
вітаць чужыя словы,
свае з уласнай мовы
нанова выдумляць.
А у заходзе сонца
не разабраць сьляды.
Жывеш, нібы бясконца,
і чарку п’еш да донца
па звычцы малады.
Вылучу пачуццёвасць і смак лексікі і здольнасць праз яе сыграць на ўсіх чатырох пачуццях. Як тут ад сцюдзёнасці аж сківіцы зводзіць:
Дагарае ў каміне агонь
і маўклівы кастрычніцкі ранак
у халодую хукне далонь
ад лісьця адмятаючы ганак.
І вісяць абрусы туманоў,
расьцягнуўшыся на даляглядзе,
дзе лістота кружляе ізноў
і ніяк не ўпадзе…
Па ільдзістую шклянку вады
цягнуць голле бярозы.
І ад сёння два крокі хады
да зімы і мароза.
Ну, і пэўна самы-самы для мяне:
Невідушча глядзіць юзэрпік з манітора ноўтбука.
Ў час такіх тэхналогій каханне ў рэале – раскоша.
Як акустык уважліва слухаю бездань – ні гуку,
як рамантык ізноў абнаўляю старонку: а можа..?
Ты жывеш у краіне, дзе час пакідае надзею,
я гляджу, як ліхтар рэжа цемру, бы скальпель хірурга.
Кожны раз успрымаю чарговы сеанс як падзею,
нечаканы прэзэнт ад правайдэра і дэміурга.
І ты ведаеш любая… Я ні пра што не шкадую.
У жыцьці двойчы шчасьце ніколі ня грукае ў дзьверы.
Памыляецца той, хто чакае нагоду другую,
сабе здраджвае той, хто губляе акаунт веры…
Шмат у кнізе роздумаў аб сэнсах, жыцці і сэнсе жыцця. Тут асобна трэба вылучыць раздзел з празаічнымі Рэмаркамі.
Мужчына сасьпеў да шлюбу тады, калі яму пачынаюць падабацца жанчыны з заручальнымі пярсцёнкамі.
*
Сабакі могуць і па каханьні, але псуецца радаслоўная…
*
Калі вам кажуць, што вы самае дарагое, што ёсьць у чалавека – запытайцеся, што стаіць у гэтай шкале каштоўнасьцяў адразу пасьля вас? Магчыма, гэта проста боршч.
*
Адзеньне Адама прадастаўленае мадэльным агенцтвам Пана Бога.
*
Ад нараджэньня ён быў такі адораны, таленавіты і разумненькі, што далей яму заставалася толькі дэградаваць.
*
Човен Харона – транспарт, квіток на які браніруецца на тваё імя ў момант зьяўленьня на свет.
Карацей, калі і не ў яблычак, але на 2ку дроцік дакладна патрапіў 😉
Ну, і дарэчы, пры жаданні кнігу яшчэ можна адшукаць і набыць.
Замовіць кнігі Усевалада Сцебуракі можна тут: https://knihi.by/scieburaka-usievalad