Ацалелы або Вясёлыя хаўтуры. Алесь Бычкоўскі

Спадар Алесь Бычкоўскі вярнуўся ў ФБ, то самы час яго пляжыць)

Напішу колькі радкоў пра ягоную новую кнігу. Выдадзена ў мінулым, 2022 годзе.

Само азначэнне – трагікамічны дэтэктыў – дае пэўную вольніцу аўтару ў розных дапушчэннях і нацяжках, таму тут не будзем да іх прыдзірацца. Што тычыцца астатняга – сапраўды, атрымалася цікавае чытво, якое захапляе і трымае. І шкада, што заканчваецца. Сюжэт распрацаваны да апошняй дэталі, усё ў рэшце раскручваецца ў пэўным парадку. Карацей, дэтэктыў як ён ёсць

Чытво чытвом, але…

Не першы твор чытаю гэтага аўтара, ведаю трошкі ягоную пазіцыю ў адносінах веры. І не быў бы то аўтар самім сабой, каб не выруліў урэшце ў вельмі сур’ёзны бок. Яшчэ недзе пасярэдзіне кнігі адчуваеш, што за ўсёй гэтай несур’ёзнасцю аўтар хоча пагаварыць аб рэчах змястоўных.

Асабіста мне менавіта гэты пераход, задні план ці нават простае адценне не вельмі лягло. Але то выключна маё адчуванне. Мажліва, думаў я, з гэтай гісторыі варта б было зрабіць куды больш значную, сур’ёзную рэч. Што праўда, сюжэт тады б давялося ў многім перарабляць, надаваць сур’ёзнасці тэксту, значыць, пазбаўляць яго некаторых нацяжак, тых самых – камічных. Ды і трагічных.

І кніга б была іншай, у любым разе – не трагікамічны дэтэктыў.

А так – маем). Маем адну адзінку да таго, што завецца масавай літаратурай, якой, кажуць, так бракуе беларускай літаратуры.

Ну і што асабліва прыемна было – трымаць у руках выдадзеную кнігу. Новую кнігу на беларускай мове. У мінулым годзе. Калі ўсіх усякіх кніг льга было пералічыць па пальцах рук і ног. І кніга грэла.

Дзякуй аўтару! Плёну, спадар Алесь!

Valer Hapeyeu

Пакінуць адказ