Выйшла чарговае выданне фондавых матэрыялаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Гэтым разам “Сшытак” прысвечаны спадчыне бацькі паэта – Адама Ягоравіча Багдановіча.
Многія яго працы неаднойчы перавыдаваліся і шырока вядомыя літаратуразнаўцам і аматарам беларускага фальклору і краязнаўства. Але ёсць старонкі біяграфіі знакамітага мемуарыста, асветленыя ў значна меншай ступені. Размова пра ўдзел Адама Багдановіча ў нарадавольніцкім руху ў 80-90-я гады XIX стагоддзя.
Так, у 1995 годзе на старонках часопіса “Маладосць” у перакладзе на беларускую мову была надрукавана праца “Революционное движение в г. Минске и губернии в 80-х и начале 90-х годов”, але ўспаміны і матэрыялы датычныя дадзенай тэмы ёй не абмяжоўваюцца.
Акрамя “Революционного движения…” у “Сшытку 6” прадстаўлены: “Мои воспоминания (Продолжение третье), «К истории партии «Народной Воли» в Минске и Белоруси. 1880-1892 гг.», «Приложение к воспоминаниям А.Е.Богдановича. Список членов Минской организации партии «Народной воли» и более ранних народников. 1878-1892», ліставанне з Я.А.Гурвіч, С.І.Гарбачыкам, В.Я.Зак, У.І.Сляпянам, Р.А.Протасам, Я.А.Белахам, А.С.Паўлоўскім, К.М.Дарафеевай, В.І.Бонч-Асмалоўскай, рэдакцыяй часопіса “Каторга и ссылка» і Беларускай Акадэміяй Навук. А таксама пасведчанні нарадавольцаў пра ўдзел Адама Багдановіча ў рэвалюцыйнай дзейнасці, «Программа исполнительного комитета партии “Народная воля”» і вытрымкі з публікацый, на якія аўтар спасылаецца ў сваіх успамінах. Варта зазначыць, што большая частка прадстаўленых матэрыялаў друкуецца ўпершыню і не былі дасяжныя дагэтуль шырокаму колу зацікаўленых.
Матываў, якія падштурхнулі Адама Багдановіча да напісання гісторыі партыі “Народная Воля”, можна вылучыць некалькі: з аднаго боку – чыста матэрыяльныя, бо сабраныя звесткі маглі паспрыяць атрыманню персанальнай пенсіі, як старому рэвалюцыянеру, а за тэксты атрымаць заслужаны ганарар; з другога, асабістыя: з тагачасных публікацый вынікала, што рэвалюцыйныя настроі ў Мінску віравалі толькі ў габрэйскім асяродку, Адаму Багдановічу, з яго ўчэпістай памяццю, было што распавесці, каб падзеі выглядалі не так аднабока.
Успаміны, датычныя навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, быццам бы выбіваюцца з агульнай тэматыкі “Сшытка 6”, але гэта толькі на першы погляд. Бо менавіта ў атачэнні будучых настаўнікаў і адбылося станаўленне Адама Багдановіча як вольнадумца – праз адпаведнае кола таварышаў, гурткі самаадукацыі і забароненую літаратуру. Да таго ж, успаміны вельмі інфарматыўныя – мы даведваемся пра склад выкладчыкаў і працэс навучання, памеры стыпендыі і побыт, мясцовае краязнаўства (напрыклад, вывучэнне крыпты манастырскага касцёла) і многае іншае.
Адзначым, што як і ўсе свае працы, успаміны Адам Ягоравіч піша на рускай мове. Праўда, у тэксце не абыходзіцца без беларусізмаў: “я с тобой свиней не пастил”, “насельников”, “припирыща” і г.д. У “Сшытку 6” захавана без зменаў мова арыгінала, аўтарскя арфаграфія і пунктуацыя.
Сваю гісторыю рэвалюцыйнай дзейнасці Багдановіч апісвае больш суха, чым перыяд навучання ў семінарыі, і з меншай колькасцю побытавых дэталяў, але гэта кампенсуецца дзясяткамі і нават сотнямі прозвішчаў тагачаснай мінскай інтэлігенцыі, з кароткімі, але ёмістымі характарыстыкамі.
Мы даведваемся пра структуру, колькасны склад, асноўныя кірункі дзейнасці, арганізацыю гурткоў і прапагандыстскую працу, як легальную, так і нелегальную, пра ўнутрыкалектыўныя ўзаемаадносіны і іерархію.
Адам Багдановіч напачатку сваіх успамінаў выбачаецца ў чытачоў за акцэнт на сваёй ролі ў мінскім нарадавольніцкім руху, але лагічна звяртае ўвагу, што ў дадзеным жанры пазбегнуць суб’ектывізму амаль немагчыма, бо адштурхоўваецца менавіта ад свайго ўласнага досведу, сваіх думак і перажыванняў. Асабліва востра гэта адчуваецца ў апісанні моманту знаёмства з праграмай выканаўчага камітэта партыі “Народная воля”, калі ён мусіў прыняць лёсавызначальнае для сябе рашэнне. Не абыходзілася і без фірмовых, але гэтым разам рэдкіх “атмасферных” рэмарак, якія надавалі апавяданню жывасці:
Даже в 80 годы вольнодумцы из еврейской молодежи в Минске, позволявшие себе ходить с помпой в субботу или закурить папиросу подвергались нападениям благочестивой толпы, особенно в предместьях. И если наши товарищи евреи в компании с русскими в день субботний катались по Свислочи в лодке, то с берегу сначала раздавались обязательные напоминания: «шабес» (субота)! А после предупреждения в лодку благочестиво швыряли камнями и осколками кирпичей.
Паколькі нарадавольцы з’яўляліся бліжэйшым акружэннем сям’і Багдановічаў, то надрукаваныя матэрыялы могуць паслужыць крыніцай звестак і для “багдановічазнаўства”, датычнага Максіма Багдановіча.
У кнізе маюцца згадкі пра дзядзьку Максіма, бліжэйшага сябра Адама Багдановіча – Івана Гапановіча, хроснага паэта – Івана Пляхана, святара Пашкевіча, які вянчаў Адама і Марыю ў Сёмкава, сяброўку сям’і Соф’ю Эрнэстаўну Буркоўскую, што пакінула ўспаміны пра ўзаемаадносіны ўнутры сям’і, паляка Стракоўскага з якім перасякаліся (?) ў 1900 годзе ў Уфе, сябра сям’і Сямёна Гарбачык, доктара Грынявіцкага Баляслава Іванавіча, які ратаваў маленькага Максіма ад апёка, Лагуна Франца Осіпавіча, які служыў у Сялянскім пазямельным банку і, магчыма, іншых.
Як прыклад, прывядзем характарыстыку хроснага бацькі Багдановіча:
Это был еще желторотый крестьянский юноша, простой, прямолинейный, но вдумчивый и с горячим сердцем. Трудно было найти столь неутомимую жажду знаний, любовь к истине и большую ненависть ко всякой неправде и несправедливости.
Дадзены “Сшытак” знойдзе свайго чытача сярод усіх, хто цікавіцца грамадска-палітычным і культурным жыццём Мінска і Беларусі другой паловы XІХ стагоддзя. А падспор’ем будуць разгорнутыя каментары і паказальнік імёнаў, для пошуку патрэбных персаналій.
Архіў Адама Багдановіча – гэта сотні і тысячы рукапісаў, фотаздымкаў, лістоў і дакументаў. Таму, ажыццявіўшы мару мемуарыста па публікацыі яго працы, прысвечанай гісторыі партыі “Народная воля”, спадзяемся неўзабаве пабачыць іншыя кнігі, прысвечаныя гэтаму выдатнаму чалавеку.
(Мінск, 2025, выдавецтва “Каўчэг”, укладанне – Валянціна Кароткіна, над выданнем таксама працавалі: А.У.Кніга, І.В.Мышкавец, М.А.Бараноўскі).

