Апошняе пакаленне. Макар

Апошняе пакаленне. Макар

Прачытала «Апошняе пакаленне» Макара.

Што спадабалася:

– Атмасфера твора, адчуванне вязкасці, павольнасці, бясконцасці, пуставатасці часу. Веру, што прыкладна так магло адчувацца жыццё ў Мінску 2023 года (можа, і цяпер?). Яно і за мяжой Беларусі так часам адчуваецца.

– Апісанне працы ў рэкламным агенцтве. Вельмі нагадала атмасферу на маёй першай працы пасля ўніверсітэта – у фірме, якая імпартавала аўтамабільныя акумулятары, толькі ў нас быў не «тата», а «шэф». Відаць, асаблівасці працы ў такіх кампаніях, асабліва для «маладых спецыялістаў», і ўзаемаадносіны ў такіх калектывах з таго часу не надта змяніліся.

– Устаўкі з дзіцячымі ўспамінамі. Цікава, як шмат у іх «універсальнага» (досведу розных пакаленняў у Беларусі) – напрыклад, збор чарніцаў з бабуляй.

– Перадача пэўнай моўнай умоўнасці твору: фразы, якія героі гавораць па-руску (ясна, што ў рэкламным агенцтве амаль усе размаўляюць па-руску), вылучаныя курсівам, але даюцца па-беларуску. Добрая альтэрнатыва тэкстам з рознымі мовамі, якіх апошнім часам досыць шмат.

– Апісанні эмацыйнага стану ці перажыванняў, звязаных з цялеснасцю, а таксама адносінаў з сяброўкай, у тым ліку пэўнай няёмкасці, разгубленасці, раздражнёнасці  – ёсць адчуванне, што нешта, вынайдзенае жаночай літаратурай, паступова з’яўляецца ў мужчынскай.

Нехта параўноўваў кнігу з Салі Руні, у мяне таксама з’явілася адчуванне нечага няўлоўна падобнага.

Што НЕ спадабалася:

– Што герой маркіруецца як гамафоб (праз ужыванне адпаведнай лаянкі). Не разумею, навошта яго маркіраваць як гамафоба, калі гэта не мае ніякага дачынення да сюжэту.

(лайт спойлер алерт)

– Незавершанасць лініі адносінаў з бацькам і пэўная схематычнасць ягонага вобразу. Незразумела, калі нейтральныя бацькі з дзіцячых успамінаў раптам разышліся аж настолькі рэзка, што сын з бацькам больш не стасуецца. Магчымасць бацькі паўплываць на сітуацыю ў канцы кнігі выглядае нерэалістычнай. Як і ягоная ўмова, якая не да канца зразумелая.

– Не тое, каб не спадабалася, я проста пацікавіцца: а што, цяпер праўда кажуць «хаюшкі»? У маёй старэйшай школе дзікую кучу гадоў таму гэта здавалася страшэнна старпёрскім і нямодным.

Агулам кнігу раю, тым больш што набыць яе цяпер можна не толькі на паперы, але і ў электронным варыянце, за што выдавецтву асаблівы дзякуй.


Ува мне боркаюцца два ваўкі. Воўк першы: Ліза, ня трэба крытыкаваць беларускія кнігі, ім і так жывецца складана, трэба іх падтрымліваць і песьціць. Воўк другі: але ж ты хочаш быць шчырай і пабубнець. Ох, а бубнець ты любіш!

Вы здагадваецеся, хто перамог (дзеля справядлівасьці, я кнігу купіла і прачытала, то мая безумоўная падтрымка).

Праблема, як вядзецца, ува мне. У мяне ёсьць пэўныя ўяўленьні і пажаданьні да сучаснага белліту. І плюс я завысіла чаканьні. Мне вельмі цікава было пачытаць кніжку з такой ўводнай. Моладзь у Беларусі! Гэта ж пра мяне!

Але не, гэта не пра мяне. Герой належыць да стэрэатыпнай беларускай катэгорыі анучкі, якая бадзяецца, пакутуе, дэпрэсуе і анічога ня робіць. Калі ў яго зьявіўся шанец нешта (бадай і трохі недарэчнае) зрабіць, ён спужаўся і… пайшоў спаць. Гэты стэрэатып мала таго што не захапляе ў межах гісторыі, але агулам шкодзіць нейкаму агульнаму ўяўленьню пра беларусаў па-за кніжкамі. Я апошнім часам шмат сачу за беларусамі напоўненымі, моцнымі, інтэлігентнымі, яны робяць неймаверныя штукі, яны натхняюць ці творчасьцю, ці майстэрствам у працы. Яны мусяць быць героямі нашых кніг, а пустарэчны Мікіта хай дома сядзіць. (Нехта можа заўважыць, што ў Мікіце можна пабачыць сябе, і гэта бывае людзям прыемна і патрэбна. Справядлівая заўвага, я асабіста ж чакаю іншага, дый беларускія героі звычайна вельмі простыя людзі, таму зь імі сябе асацыяваць тэж лёгка)

Агулам можна было б чытаць ня дзеля героя, а для цікавае гісторыі. Але ж тут асабліва нічога не адбываецца. Пэрсанажы працуюць і часам тухла тусуюць. Нуда. А што пра верагоднае апісаньне цяперашняга жыцьця ў Беларусі? Ня ведаю. У сваіх сябрах, што засталіся там, я ўсё-ткі больш адчуваю жыцьця. А што датычыцца настальгіі, то можна паслухаць 169-145 Leibonik.

Цікавыя тэмы тут знайсьці можна. Мне дужа спадабаўся герояў бацька. Але б я хацела больш дасьледаваньня яго характару, можа гісторыі, адносінаў зь ім. А атрымліваем, што герой думае пра яго “гэты мужчына, не хачу называць яго бацькам” і ўсё. Ёсьць пачаткі супярэчлівасьці ягоных эмоцый, з адногу боку прывязанасьць, зь іншага агіда, крыўда. Але хацелася б туды больш капянуць, прымусіць задумацца.

Ну і мой асабісты боль гэта мова. Яна тут спрошчаная, калькаваная, цьмяная. Нейкі слэнг недарэчны, англіцызмы, лаянка чамусьці расейская. Можаце сказаць, што менавіта так моладзь і размаўляе. Магчыма, але ці хачу я чытаць напісаную такой мовай кнігу? Дый пра слэнг з лаянкай. Такога кшталту кнігі гэта ж якраз выдатная магчымасьць паўплываць на слоўкі ў людзей у хаду. То можна паэкспэрымэнтаваць, папрыдумляць якія беларускія размоўныя выразы, а не шпурляць англіцызмы, ці прынамсі ў беларускай лаянцы разабрацца. Вельмі ўзорны прыклад, зь якога злавіла ці то сьмяшынку ці то фэйспалм: дзяўчына размаўляе з героем пра беларускую і такая: ой, а як будзе “прикольно”? і герой такі, “прышпільна”. і нам паказваюць, як яна смакуе гэтае слова і адчувае яго роднасьць ці беларускасьць ці што. Ну так, тое самае спрадвечна беларускае слова прышпільна, ні разу не лянівая калька…

Elizabeth.


Сваю дэбютную кнігу «Апошняе пакаленне» напісаў Макар Валынкін — відэаблогер, які распавядае пра кніжныя навінкі, і маркетолаг паводле прафесіі. Раман імкліва набірае папулярнасць у беларускім літаратурным асяроддзі. Але ўзнікае пытанне: гэта папулярнасць — вынік якаснага прамо ці сапраўды змястоўнага тэксту?

Я была на прэзентацыі кнігі, дзе сам аўтар адразу папярэдзіў: пачатак можа падацца сумным, але далей усё раскрыецца — маўляў, фінал вас здзівіць. Здзіўленне я чакала ажно да 170-й старонкі з 207. Да таго — толькі будні маркетынгавага агенцтва і павольнае распаданне галоўнага героя, які марыць «самавыпіліцца». Макару сапраўды ўдалося перадаць тугу, рутыну і той безнадзейны стан, калі жывеш ад панядзелка да пятніцы, а ў выходныя проста хочаш, каб яны цягнуліся даўжэй. Адзінае суцяшэнне — халоднае крафтавае піва.

У кнігі амаль няма завязкі. Усё пачынаецца імкліва, без выразнага тлумачэння падзей. Гэта хутчэй дзённік працаўніка агенцтва, чым класічны раман. Беларуская мова, на якой напісаная кніга, цешыць сваёй жывой і простай формай. Але сустракаліся і ўстаўкі кшталту «іт філз лайк», якія выбівалі з рытму — здавалася, што чытаеш твітэр-плынь зумера, змяшаную з пратаколам сустрэчы па брэнд-стратэгіі.

Тым не менш, былі і моманты, што сапраўды кранулі. Гэта сны героя з дзяцінства, сцэны падрыхтоўкі да школы, успаміны пра сажалку. У іх — сапраўднае цяпло, яны будзілі эмоцыі і выклікалі адчуванне пазнання.

У кнігі была выдатная піяр-кампанія: прыгожа зняты буктрэйлер, ажыятаж у сацсетках, абмеркаванні ў медыя. Магчыма, менавіта гэта дапамагло ёй прыцягнуць увагу. Асабіста я наўрад ці раіла б «Апошняе пакаленне» сябрам — але не шкадую, што прачытала. Па-першае, гэта мой першы досвед напісання рэцэнзіі. А па-другое, часам нават «нудныя» кнігі пакідаюць пасля сябе важныя адчуванні.

Крыніца

 

Пакінуць адказ