Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка

Пра гэтага аўтара абавязкова трэба сказаць! Напачатку прывяду адзін допіс з Тэлеграма:

Да-там! Фраза сённяшняга дня: “Дайце мне дыплом – і я пайду!”

Яе аўтар – Антось Уласенка – зрабіў сёння мой чортаў дзень. А было ўсё так. Гэты хлопец заняў І месца ў літаратурным конкурсе “Скарынавай душой узлашчанае слова” (ну, пякельную паэтычнасць назвы лішне каменціць) і прыйшоў на “ўрачыстую” цырымонію ўзнагароджання. Так склаўся лёс, што наш самы глаўны генерал-адмірал-прэзідэнт-прэм’ер-міністр пісьменнікаў Мікалай Чаргінец, як і заўсёды, прамаўляў па-руску. І да пераможцы таксама звярнуўся на гэтай жа мове.

Антось (красава, Сатана табе апладзіруе) не разгубіўся і зрабіў заўвагу, можна было б і на нашай мове. На што Іванавіч адказаў:

– Ты, безусловна, талантлів, но міровоззреніе у тебя ешчо узкае.

Антон сказаў сваю зорную фразу (ура!): “Дайце мне дыплом – і я пайду!”, яму далі дыплом і міні-Скарыну, і наш герой пакінуў залу.

Крыніца

Кнігу гэтага аўтара нельга не пачытаць, згадзіцеся. Ці хоць пазнаёміцца з ягонай творчасцю.

Для кожнай гісторыі гэтай сваёй кнігі аўтар напісаў кароткія прадмовы. Напачатку ідэя падалася мне трошкі надуманай, але – яны густоўныя. Цікавыя. Тут і кухня аўтара, і ягоны светапогляд. І проста нешта цікавае. Не перашкаджае чытанню, але настройвае. Не тлумачыць сэнс, маўляў, чытачы мае – дурныя, дык я падкажу. Ні ў якім разе. Яны – цікавы уступ.

Сам я з таго пакалення, якому позна вучыцца такім новым жанрам у літаратуры, як хардкор, кібер-панк ды іншым. І вось перад намі такая з кніг. Не маю смеласці, каб вызначыць з дакладнасцю паджанр тэксту. Ды мне, па шчырасці, і няважна. Галоўнае, што гэта чытэльна, цікава і нова. І багатае на думкі, вобразы, словы.

Калі вы трошкі ведаеце наш фальклор і суседні, дык ужо з першага апавядання адчуеце, што аўтар – не блюзнер, але мае глыбокія веды. Глядзіце, эпізод абароны Гом’я:

На катоў Варгіна, што дзерлі ваяроў, зьверху абрынуліся птушкі сірын. Кіпцюры ў іх былі ня меншыя за кашэчыя, і карыстацца імі яны ўмелі ня горш. Ракаў і зьмеяў ірвалі на шматкі кашлатыя мядзьведзі, якіх ворагі павыпускалі з клетак. З пацукамі ўмомант расправіліся псагалоўцы. Пры патрэбе яны маглі хутка бегаць на ўсіх чатырох. Насустрач цмокам вылецелі зьмеі-гарынычы. На адну агнядышную цмачыную глотку прыходзілася па тры гарынычавых. Ведзьмароў на сьценах разілі бабы-ягі, што ляталі над гарадзішчам у ступах і стралялі маланкамі.

Дарэчы, папярод былі названыя галоўныя ў пацукоў, ракаў, змеяў… Люблю такое – калі аўтар максімальна прытрымліваецца нават у самых дзёрзкіх фантазіях нацыянальнай традыцыі і класічных ведаў, не дазваляе сабе спекуляцыі і адсябяціну. Дарэчы яшчэ сказаць, што аўтар – вельмі начытаны хлопец, лёгка арыентуецца ў сучаснай культуры. І гэта не падаецца ў лоб (а так у нас было не раз у творах нашых беларускіх), але проста ўзнікае, як неабходнасць патлумачыць тое ці іншае. Прыкладам:

Як бы я ні любіў чытаць цьвёрдую НФ зь ейнымі рэвалюцыйнымі ідэямі й канцэптамі, ад якіх займае дух, таксама не абы-які сантымэнт маю да касмаопэры й «sword and planet». І дагэтуль у перапынках паміж Грэгам Бэрам і Грэгам Іганам з прыемнасьцю перачытваю забаўляльныя «Tschai» Вэнса, «Viagens Interplanetarias» дэ Кампа і «Majipoor» Сільвэрбэрга.

У гэтай кнігі (а дакладней – у аўтара) вельмі… нечаканая лексіка, свой, пазнавальны і густоўны стыль. Не ў адным з аповядаў, там, дзе апісваецца невядомы ці новы сусвет, аўтар з лёгкасцю (нам здаецца – з лёгкасцю) прыдумляе новыя назвы, імёны, стылі і правілы жыцця, традыцыі. І пры ўсім – яны насамрэч новыя. Вось вам адзін – пакланенне Міцэлію. І база нежартоўная падведзена: грыбы – найстаражытныя з арганізмаў, яны паўсюдна, яны – ва ўсім.

Уся гэтая амаль што вакханалія з новых слоў і назваў ані не перашкаджае чытанню, тут усё неяк арганічна і трапна. Лёгка. Ты разумееш, хоць і не ведаеш). І за ўсім бачыцца вялікі досвед аўтара ў той жа этнаграфіі і гісторыі, уменне валодаць багаццем беларускай мовы, што толькі дадае яму веры.

Маленькі прыклад.  Расейскае “обвіняемый” у нас класічна перадаецца праз “абвінавачваны”. Уласенка скарыстоўвае паўзабытае, але існае: падвіноўны. І гэта класна! Ці яшчэ: “аджа зара ўсе ногі паадтоптвае!”. Аджа – нашае “бо”, расейскае “ведь”. І такіх прыкладаў – процьма. Такім чынам, хай цешыцца спадар Вінцэсь Мудроў – у яго ёсць паслядоўнікі. Разумныя і талковыя.

Што яшчэ захапляе ў прозе Антося Уласенкі – нечаканыя фіналы. Дастаткова нечаканыя, каб стрэмкай загнаць у галаву думку-роздум. Ці гэта ўрок гісторыі ў далёкім будучым, дзе школьнікі даведваюцца пра мінулы час, катуючы здраднікаў і былых сваіх ворагаў, асабліва вінаватых у генацыдзе, ці гэта рашэнне капітана міжзорнага крэйсеру аб знішчэнні цэлай планеты на падставе… Зрэшты, пачытаеце, будзеце ведаць, як моцныя свету прымаюць рашэнні.

Уласенка умее здзівіць і нават злёгку шакаваць. Да прыкладу, пісаў-пісаў хлопчык Санту – не здзяйсняліся жаданні. І вось ён піша Сатане. Дарэчы, гэтае апавяданне цалкам адпавядае, мабыць, жанру хардкор (хоць я і не вельмі цямлю ў гэтым, як ужо казаў). З яго можна пасмяяцца, і нават недзе зарагатаць уголас, але – да пэўнага моманту. Вось да гэтага:

 Як табе патрэбная мая душа, дык я згодны. Лепей жа з мамкай, чым з душой.

Увогуле ж, аўтар схільны зводзіць сітуацыю на дзве крайнасці, пры ўсім нават не думаючы даваць гэтаму ацэнку. І акрамя лёгкага шоку ці здзіўлення (для тоўстаскурых), ценем паўстае змрочная ісціна: а мы ж так і любім – даводзіць усё да мяжы, мы – радыкалісты, нас не спыніць у сваёй мэце…

Гэта кніга наіманавалая на прэмію Гедройця-23. Мне было тады крыўдна за яе – яна не трапіла ў доўгі спіс. Пры ўсім, кніг было 15. Хоць гэта, канешне, не давала б ёй той папулярнасці, якую б дала прэмія першага і другога сезону, калі на 12 лепшых кніг пісаліся крытычныя артыкулы, а ўсе раўніва сачылі за сітуацый. І ўсё ж, мне вельмі шкада, што сапраўды новае, і нават так: НОВАЕ ў нашай літаратуры засталося незаўважаным шаноўным журы.

Калі ва ўсім свеце ёсць прыхільнікі хардору, кібер-панку, стым-панку і яшчэ, і яшчэ розным плыням – мы не маем права не бачыць такіх кніг у нас. Проста недаравальна. Мая імха.

В.Г.


Так, аўтар моцны і недаацэнены, я чытаў некалькі яго апавяданняў, у тым ліку і аднайменнае апавяданне ў фантастычным выпуску “Мінкульта” (кнігу пакуль не) і яно мяне ўразіла сваім грунтоўным падыходам да пабудовы свету і цікавай гульнёй з класікай фантастычнай літаратуры, але, як па мне, сваімі стылістычнымі і філалагічнымі пошукамі аўтар занадта ўскладняе тэкст, апавяданне выглядае грувасткім і перагружаным дэталямі і новымі тэрмінамі, гэта можа быць непад’ёмным для таго, хто толькі што звярнуўся да беларускай фантастыкі і адпужнуць яго (тут пачынаючы з назвы можна спужацца, асабіста я не вельмі люблю, калі ў назве выкарыстоўваецца слова, сэнс якога будзе зразумелы толькі падчас чытання тэксту)

Дарэчы, мне такі падыход нагадвае творчасць іншага аўтара – Сяргея Белаяра і канкрэтна яго апавяданне “Гульня”, дзе жаўнеры Напалеона ў беларускіх зімніх лясах сутыкнуліся з нейкай фантастычнай пачварай (так, знаёмая сітуацыя  ), дык вось там, у тым кароткім апавяданні аўтар мала таго, што апісваў падрабязна ўсе гузікі і аксельбанты на форме канкрэтнага вайсковага падраздзялення (і гэта было зроблена на вышэйшым узроўні ведання матэрыялу), дык і героі яго размаўлялі па-французку (о, дзіва) і калі не ведаеш французкай, каб зразумець, што яны кажуць, трэба было чытаць зноскі з перакладамі ўнізе старонкі прам як у Талстога)

Дык вось і ва Уласенкі часта без зносак можна нічога не зразумець – не тое што я супраць незразумелых тэрмінаў, наадварот, я быў у захапленні калі чытаў сваю любімую “Несапраўдную слепату” Пітэра Уотсса ў жанры хард сай-фай з яе 300 адсылкамі на тлумачэнні тэрмінаў і спасылкамі да навуковых артыкулаў, але ж ва Уласенкі, калі казаць пра жанравую прыналежнасць, усё-ткі далёка не чысты хард сай-фай ці кіберпанк, яго апавяданні больш блізкія да прыгодніцкай фантастыкі з вялікім закосам да казак, штосьці вельмі блізкае па антуражу і падачы сюжэта да лемаўскіх “Казак робатаў”, асабіста мне такі паджанр не да спадобы, і таму спробы (вельмі паспяховыя) Уласенкі апісаць па сутнасці казачныя антуражы суравай мовай хардкорнай фантастыкі мной цяжка ўспрымаюцца, што не азначае, што такі падыход не мае права на жыццё.

Пакінуць адказ