Класічны раман посткласічнай беларускай літаратуры, у якім тутэйшая рэчаіснасць разглядаецца праз магічны крышталь сноў і мрояў.
📜 У трэцюю, разгорнутую і пашыраную версію рамана дададзены дзве новыя гісторыі («Восень у Гародні» і «Дзюры»), а таксама «Пасляслямова выдаўца», якое пры ўважлівым разглядзе аказваецца нататкамі невядомага чытача, знойдзенымі аўтарам у Архіве Клакоцкага ў 2023 годзе.
📖 Кніга выйшла адразу ў двух фарматах:
Папяровая версія, якая пабачыла свет дзякуючы выдавецтву «Логвінаў»
Аўдыякніга, запісаная пры фінансавай падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google і выдадзеная аўдыявыдавецтвам Audiobooks.by.
🎧 Агучыла Ядзвіга Дзяюн, а набыць і паслухаць можна па спасылцы на нашым сайце. Першую частку можна паслухаць бясплатна на нашым YouTube-канале.
Жанр: навелістычны “раман у дзесяці гісторыях з жыцця адважнага асветніка і энцыклапедыста Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў”.
За што крытыкуюць: няма сюжэту і фіг паняць, хто з герояў галоўны.
Чаму вучаць у школе: Постмадэрнізм — зло. Чытайце, дзеці, Ніла Гілевіча.
Што хацеў сказаць аўтар: Містыфікацыя упярэмешку з дзэнскімі медытацыямі на калідорах савецкіх універсітэтаў. 10 фрагментаў, аб’яднаных у агульную гісторыю тым, што ўсё гэта снілася галоўнаму герою, але магло б адбыцца наяве, калі б на адным з паваротаў гісторыі Беларусь не прамахнулася міма патрэбнага вымярэння.
Урывак на памяць:
Кніга была задуманая ў жанры “камедыі пераапрананняў” з элементамі антыўтопіі. Мне было вясёла ўяўляць, якім было б жыццё, калі б нашая “усходнееўрапейская Швейцарыя” не ўстаяла ў 1918 годзе. Калі б бальшавікі здолелі разагнаць першы кангрэс, а беларускія карпусы не паспелі б прарвацца з румынскага фронту. (…) Але гэта задумвалася адно ў якасці дэкарацыяў. У цэнтры была эпапея пабудовы Мінскай Оперы. Страшнага шэрага будынку, нечага сярэдняга паміж амфітэатрам і дотам. Я падрабязна апісваў падвоз цэглы і працоўны энтузіязм, ранішнія перагукі брыгадаў і ўсенародны конкурс на стварэнне гімну Мінскае Оперы. Я зрабіў Лангабарда (гэтага безнадзейнага п’яніцу, апошняга рамантыка, аматара Гофмана і Гёльдэрліна) — я зрабіў яго Архітэктарам. У звышзадуме кнігі усё жыццё ад 1918 году мусіла быць афарбавана ў гэты сімвал. Усё жыццё — Мінская Опера.
Тэкст рухае межы беларускай літаратуры наперад. Мець яго — ўцеха. Але занадта шмат адсылак зьвяртаюцца да такіх абьектаў, што часьціня зваротаў да іх у сусьветный культуры пакінула на іх бліскучыя працертасьці, як на скульптурах, якія варта памацаць, каб загадаць жаданьне. Гэта замінае асалодзе й вымушае больш скэптычна ставіцца.
У адным з інтэрв’ю Ігар Бабкоў кажа аб тым, як ён на лекцыях разыгрывае студэнтаў, распавядаючы пра асобу Адама Клакоцкага, які быццам жыў у XIX стагоддзі, быў знаёмы з Міцкевічам і Чартарыйскім, уваходзіў у розныя віленскія суполкі, быў у эміграцыі, стварыў музей сноў – міфічная асоба так удала ўпісваецца ў кантэкст беларускай гісторыі, што толькі пад канец студэнты пачынаюць штосьць падазраваць. Не ведаю, як там у філосафаў, але, узгадваючы асабісты вопыт наведвання лекцый спадара Бабкова, магу сказаць, што ён мог распавядаць што заўгодна – на яго фоне нашы веды імкнуліся да нуля (а я была нягоршай студэнткай, нават адной з лепшых, калі ўжо шчыра). І справа ня толькі ў колькасных паказчыках вядомых нам фактаў, але таксама ў якасці, калі так можна сказаць, мыслення, ва ўласцівай філосафам неверагоднай складанасці і няўцямнасці разважанняў. Сапраўды, мяне ў нечым нават пужаюць людзі, якія ў звычайнай размове кажуць пра “глыбокую онталягічную сувязь тэкілы і кактуса”.
“Адам Клакоцкі і ягоныя цені” менавіта такі раман, хаця яго і раманам у маім разуменні назваць цяжка – пад вокладку зведзены зусім розныя сюжэтна фрагменты, хутчэй нават аскепкі. Ня дзіва, што сам аўтар называе свой раман постпостмадэрністскім. Тут вам і фрагментарнасць, і інтэлектуальныя гульні, і розныя культурныя адсылкі, і перавернутасць рэчаіснасці (маё любімае – пра нейкае паралельнае вымярэнне, у якім пісьменнік стварае раман пра наша сапраўднае жыццё). Што аб’ядноўвае гэтыя фрагменты, сказаць дакладна цяжка – нейкая агульная мройнасць, настрой, атмасфера, нарэшце, выдуманая постаць Адама Клакоцкага. І беларушчына. Не толькі знешняя (хаця я вельмі люблю, калі геаграфія твора накладваецца на маю ўласную геаграфію з добра знаёмымі маршрутамі, будынкамі, кавярнямі), я маю на ўвазе, перш за ўсё, разважанні аб тым, хто мы ёсць у сучасным свеце. Але па выніку знаёмства мяне не адпускае думка аб тым, што кожны з фрагментаў можна было б разгарнуць на сапраўды добры раман ці хаця б аповесць, бо кожны фрагмент можна (і неабходна) дамысліваць (адным эпізодам гэта пасуе, іншыя застаюцца паверхняй, пад якой вока бачыць толькі цемру). Мастацкія вартасці, цудоўная беларуская мова, агульны інтэлектуальны ўзровень – кнігу, безумоўна, ёсць за што ўхваліць, але ў цэласны раман для мяне яна, на жаль, так і не склалася.