Цясляр волі. Алесь Пашкевіч

Цясляр волі. Алесь ПашкевічНавошта сёння мы пішам? Які сэнс у нашым цяперашнім пісанні – тых, хто тут выкінуты цалкам з літпрацэсу (які сам ці ёсць наяўнасцю)? Грошай не зарабіць, іх мы толькі трацім. Мы не бачым аўдыторыі, амаль не адчуваем зваротнай сувязі. Нам не правесці хоць якую сяброўскую прэзентацыю, як і не выправіцца ў міжнароднае турнэ. Нам, без перабольшвання, не дачакацца аб’ектыўнай ацэнкі сваёй працы, пра нас не напіша якісьці “Шпігель” і не згадае кнігу айчынная прэса.  Мы сёння, многія і многія з нас, па сутнасці, на іншай планеце.

Можна пагадзіцца з наяўнасцю нейкага пісьменніцкага свербу, які не дае спакою, пакуль прыдуманыя героі не пачнуць свае прыгоды на старонках ці пакутліва народжаныя словы не складуцца ў радкі верша. Бывае, хай будзе.

Але ж калі бачыш перад сабой не проста мастацкі тэкст, а увасобленую ў кнігу працу многіх месяцаў, гадоў карпатлівага, настойлівага росшуку, дасканалай сістэматызацыі знаходак, кнігу гісторыка-дакументальную – не разумееш.

Але вось у чым яшчэ адна асаблівасць сітуацыі: і разумець не хочацца! Далібог, надакучыла ўсяму шукаць прычыны. Стварыў пісьменнік кнігу, значыць, Яно трэба. Бо ці не ў гэтым сапраўдны сэнс жыцця надзеленых дробкай таленту людзей:  працаваць, нягледзячы ні на што. Ствараць. Зберагаць. Множыць. Захоўваць. Пісаць і выдаваць – хоць сотняй асобнікаў.

Такія думкі раіліся ў маёй галаве, калі я пабачыў кнігу Алеся Пашкевіча “Цясляр волі” (дарэчы, выдадзенай хоць у мяккай вокладцы, але вельмі дыхтоўна). Разгарнуў на 79 старонцы – не пытайцеся чаму, я заўсёды новую кнігу разгортваю тут і чытаю. Калі старонка вабіць, калі ўзнікае жаданне перагарнуць далей – я пачынаю чытаць спачатку.

Ад Алеся я ўпершыню даведаўся, што ёсць апрычоная беларуская мова, а не дыялект расейскай мовы. Ён пісаў вершы па-беларуску. Слухаючы яго ўважліва, я не мог нават ухапіць сэнсу, пра што ён чытаў. Для мяне гэта быў набор нейкіх незразумелых правінцыяналізмаў. Агулам беручы, тое, што я чуў, рознілася ад расейскае гаворкі павольнаю плаўнасцю і мякчынёй зычных. Там, дзе расейская гаворка рэжа, як пілой, або “ыкае”, беларуская выдавалася мне расцягванай нароспеў.

Гэта са згадак сябра па прыіркуцкім Аляксандраўскім перасыльным астрозе эсэра А. Эссона. Старонка  79 літаральна праглынулася.

Пра каго кніга? З анатацыі: “Кніга «Цясляр волі» распавядае пра жыццёвы і творчы шлях класіка нацыянальнай літаратуры, аднаго з першых беларускіх рэвалюцыянераў і  адраджэнцаў ХХ стагоддзя Алеся Гаруна (Аляксандра Уладзіміравіча Прушынскага)”.

У нас не надта любяць слова рэвалюцыянер. Таму я скажу, што гэта кніга – пра паэта і дзяржаўнага дзеяча, пра ролю асобы ў гісторыі. Пра гісторыю Беларусі, але напісаная так, як і трэба пісаць падобныя кнігі – праз лёс канкрэтнага чалавека.

Цалкам дакументальны твор чытаецца з нязменнай цікавасцю, а пачатак дык і ўвогуле амаль дэтэктыўны – пачынаецца з дакладнага вызначэння месца нараджэння і далейшага жыцця героя. Дынамічна і захапляльна. Асаблівую інтанацыю ствараюць у кнізе апісанні цяперашніх мясцін – аўтар пабываў там…

У самым пачатку Алесь Пашкевіч сабраў цудоўную падборку фактаў, якія ускрываюць перад намі вялікі культурны пласт. Тут і ВКЛ, і Мінская Лошыца, і Каралішчавічы, тут – ці не ўвесь род Прушынскіх, дзе хапіла месца і ўдзельнікам паўстанняў. І гэта ўсё напрост звязана з героем кнігі.

Такім чынам, на самым пачатку мы бачым тое неабходнае, што павінна быць у падобных кнігах – грунтоўнасць, апіранне на факты, шматлікія сведчанні.

На жаль, Алесь Пашкевіч не зрабіў прыканцы кнігі спіс выкарыстанай літаратуры, але колькасць і разнастайнасць спасылак на апублікаваныя згадкі, успаміны і працы даследчыкаў уражвае моцна  – тут многія дзясяткі імёнаў тых, хто ведаў Алеся Гаруна, выказваўся пра яго.

Зусім не дзеля краснага слоўца я згадаў пра тое, што гісторыя успрымаецца і раскрываецца перад намі толькі праз лёс канкрэтнага чалавека. Дык вось, калі уявіць, што нічога раней пра гісторыю дзяржаўнага станаўлення Беларусі не чытаў, калі табе зусім невядомы перыяд ад 1917 года і далей гадоў колькі – то кніга менавіта для цябе. Бо тыя крутаверць і перыпетыі, змены ўлады і акупацыйных войскаў у няшчасным Менску пададзены менавіта праз трагедыю аднаго чалавека, таму яны раскладваюцца акуратна на паліцах, дзе і самому герою, і ягоным сябрам, паплечнікам знаходзіцца адмысловае месца. Дзе праяўляецца не толькі ўвесь драматызм сітуацыі выбару, але і характары людзей, іх памкненні і вера. Дзе агулам нам робіцца ўсё зразумелым, хоць нешта, вядома, не зразумець дарэшты ў дзеяннях і словах героя,  бо ж чалавек. Але, як піша Пашкевіч: “Не нам судзіць”.

Асабіста для мяне гэтая частка кнігі сталася рэальным адкрыццём: так цікава, дэталёва глыбока, па-чалавечы ніхто не апісваў гэты перыяд, прынамсі, мне чытаць не даводзілася. Цалкам дакументальная кніга напісана з пэўнай доляй высокай мастацкасці. Той самы нон-фікшн, які створаны паводле законаў фікшну і чытаецца як асаблівы мастацкі твор, дзе ўсё – з жыцця.

Мастацкасць асабліва выявілася ў той частцы, якая апісвае шлях і жыццё героя ў Сібіры – тут перададзена сама атмасфера суровасці і чужаніцы, і ты, цяперашні, цалкам разумееш: чаму Алесь Гарун ніяк не змог палюбіць Сібір.

І, канешне, вершы Гаруна, ягоная проза, агулам уся творчасць – іх падрабязны аналіз ідзе паралельна з асноўным аповедам. Гэтая частка чытаецца не толькі з цікавасцю, але і з болем і прыкрасцю: зноў наша беларуская літаратура страціла – на самым пачатку. І колькі яшчэ страціць…

Графічныя дакументы, хоць іх не так і шмат у кнізе, дапамогуць словам у стварэнні атмасферы. На нечым “заліпаеш” надоўга…

І вось жа здаецца: ну так многа прачытана ўсяго і пра арышты ды высылкі, пра бальшавіцкі тэрор, але ёсць у кнізе эпізоды і факты, ад якіх курчыцца нешта безабароннае ўнутры цябе – хоць бы ад тых згаданых аўтарам “Першакурапат”.

Асаблівым падаецца падзел кнігі на раздзелы – як фазы Месяца, ёсць у гэтым пэўная метафізіка.  Дый сам Алесь Пашкевіч не цураецца ў сваёй кнізе пэўнай містыкі і сімвалізму, і болей – ён цалкам давярае свайму чуццю: нічога ў свеце не адбываецца без дай прычыны, усё між намі і ў гісторыі знітавана. І зусім не выпадкова, ён лічыць, быў напачатку Алесь Гарун цесляром, не выпадкова лёс адмераў яму пражыць 33 гады, і не пабачыў ён плёну сваёй працы.

Выданне гэтай кнігі нейк па асабліваму ўсцешыла. Значыць, не ўсё дзеля грошай і славы, не ўсё дзеля хайпу. Здаецца, пачынаеш разумець, чаму гэныя  іншапланецяне пішуць: мабыць, ім баліць…

В. Г.

 

One thought on “Цясляр волі. Алесь Пашкевіч

Пакінуць адказ