Гэта кніга – адно з нечаканых прыемных кніжных уражанняў гэтага студзеня.
👌🏼 Нечаканых – бо кніга шырока не анансавалася, і я толькі постфактум прыгадала, што дзесьці штосьці пра яе чула. А яшчэ таму, што гэта Віктар Марціновіч у новай літаратурнай іпастасі. І таму, што спачатку мне гісторыя падалася празмерна дзіўнай, але потым яна раскрылася як дасціпная, іранічная і – з сур’ёзным аўтарскім пасылам.
😺 Адны з галоўных герояў гісторыі – сям’я катоў. Менавіта з іх ўсё і пачынаецца. Гэтыя каты размаўляюць, плаваюць і ўмеюць дыхаць пад вадой. Рыбу здабываюць з дапамогай магнітаў. Потым у гісторыі з’яўляецца хлопчык Лёша, які загадкавым чынам трапляе ў гэты каціны свет. Дарэчы, свет не зусім каціны: побач жывуць іншыя жывёлы – зайцы, вожыкі, парсюк.
✨ Віктар Марціновіч умее прыдумляць сюжэты. І гэтым разам у яго таксама атрымалася. Атрымалася гісторыя, якая спалучае прыроду і тэхналогіі, далікатнае і смешнае (як лянівыя коцікі) і трывожна-небяспечнае (як гісторыя чалавецтва, якога ў гэтым каціным свеце – чамусьці – няма). Фінал у гісторыі быццам шчаслівы, але неадназначны, і пра яго вельмі доўга можна з дзецьмі разважаць. Асабістая адказнасць, доўгія і складаныя рашэнні ў параўнанні з хуткімі, але не зусім сумленнымі… Пра сапраўднае сяброўства і клопат пра сябра таксама можна пагаварыць.
📝 У кнізе шмат цікавых прыдумак. Як, напрыклад, рэакцыя катоў на істоту без хваста. Бо для іх адсутнасць хваста – ганьба. А яшчэ тое, як каты ўвесь час імкнуцца адпачыць, бо стаміліся 😸 Ёсць і традыцыйна-пазнавальныя дэталі, як, напрыклад, мудры стары крумкач ці парсюк, які злоўжывае алкаголем. Ну і безадказнасць чалавека ў дачыненні да жывёльнага і расліннага свету – таксама з’ява вядомая.
👦🏻 Кнігу цікава чытаць разам з дзецьмі, і тады можна спрабаваць з гадоў 6-7, мяркую. Але яна і для самастойнага чытання на ўзрост 8+ – добры варыянт.
🎨 У кнігі традыцыйнае афармленне, ілюстрацый напраўду шмат. Асабіста мне ў афармленні гэтай гісторыі хацелася б большай эксперыментальнасці, чагосьці незвычайнага. Але не кожны чытач такое ацэніць 😏

