Шчыра вітаю дарослых і маленькіх, цяперашніх і будучых чытачоў дэтэктыва “Таямніца пажару ў катэджы”.
Шаноўныя дарослыя, ці здараецца вам прыгадваць пару свайго дзяцінства? Якія пачуцці ў вас ад гэтых ўспамінаў? Ці хацелася б вам хоць на гадзінку вярнуцца ў тыя бесклапотныя часы, каб прайсціся вясковымі сцежкамі, пагаманіць з суседзямі, пагарэзіць з сябрамі ці проста паганяць на ровары зранку да вечара? Калі так, то я ад душы раю вам і вашым дзеткам паглыбіцца ў сусвет кніг Энід Блайтан. Творы гэтай пісьменніцы напоўненыя дзіцячай непасрэднасцю, бесклапотнай радасцю, цікавасцю да навакольнага жыцця. Галоўныя героі “Таямніцы” – дзеці, вясёлыя і смелыя, гарэзлівыя і кемлівыя. Часам яны, як і ўсе дзеці, бываюць дзёрзкімі, наравістымі, сварацца і мірацца, робяць памылкі, крыўдзяць адно аднаго. Але іх добрыя сэрцы і шчырыя памкненні абавязкова выведуць іх на правільны шлях.
Шаноўныя чытачы, мамы і таты, бабулі і дзядулі, сябры і сябровачкі, падарыце сабе ці сваім дзецям кнігу, якая пакіне шмат прыемных, цёплых і светлых уражанняў. Сёння гэта важна, як ніколі. І як бонус, вы знойдзеце ў кнізе лёгкі англійскі гумар, які – я упэўнена – прымусіць усміхнуцца нават дарослых 😊
Асабліва я раю гэтую кнігу тым дарослым, якія толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову. Нескладаны сюжэт і дзіцячая лексіка дапамогуць інтуітыўна зразумець значэнні незнаёмых слоў.
Пры канцы хачу падзякаваць усім, хто спрычыніўся да выдання гэтай кнігі, асабліва ілюстратарцы Таццяне Багданавай @ta_bahdanava, якая выдатна перадала дух англійскай вёсачкі і тае атмасферы, і выдавецтву Папуры @papury.bel_new за якаснае выданне.
P.S. Зроблена з любоўю да нашых чытачоў і нашых дзетак.🥰

