Сем камянёў. Аляксей Шэін

Сем камянёў. Аляксей ШэінТое, што беларуская літаратура пачынае засвойваць жанр фэнтэзі, – на мой погляд, добрая навіна. Чаму? Па-першае, гэта значыць, што яна змагаецца за выжыванне, даганяе свой час, імкнецца быць моднай, папулярнай, ламаць ходкія стэрэатыпы, быццам бел.літаратура – “вясковая”. Па-другое, фэнтэзі адраджае старадаўнюю культуру, міфалогію, фальклор, – а нам, беларусам, думаю, гэта вельмі патрэбна, нам не хапае адчування салідарнасці, гістарычнага падмурку, нейкай “асвечанасці” стагоддзямі.

У цэлым эксперымент Аляксея Шэіна ўдалы ў тым сэнсе, што кніга жыццяздольная. Яна можа ўтрымаць чытача, можа інтрыгаваць, не пазбаўленая нечаканых паваротаў, прымушае задаваць пытанні. Нядрэнны продаж, навізна, інтэрэс у Інтэрнэце і выдатная прэзентацыя твора грамадскасці, думаю, стане сігналам маладым аўтарам, і жанр беларускага фэнтэзі пачне развівацца. Таксама нельга не згадаць непасроднасць аўтара, самабытнасць яго сусвету, не падобнага на “шаблоннае” фэнтэзі са стандартнай калодай рас і персанажных тыпаў.

Хачу, праўда, звярнуць увагу на некаторыя – на мой суб’ектыўны погляд – недахопы. Характары герояў недастаткова прамаляваныя, ім не хапае, я б сказаў, густоўнасці, каларыту, сакавістасці, а дыялогам – спрэчак і побытавых казусаў. Ясь – звычайны пратаганіст, Мірка – звычайная “дзяўчына ў бядзе”. Аб характарах Захоўнікаў цяжка сказаць штосьці змястоўнае – акрамя таго, што адзін з іх паэт, другі – вучоны інтэлектуал і г.д, толькі суровая рудавалосая дзяўчына надае кампаніі каларыт. Засмучае рэзкае дзяленне усіх персанажаў на “сваіх” і “чужых”. Здаецца, няма ніводнага, хто жыў бы ціха сабе на радасць, гэтакага толкінаўскага Тома Бамбадзіла. Персанаж Вормара ратуе ад тыповасці вобраз стрыманага і разважлівага стратэга, але характару ўсё роўна не хапае рэалістычнасці. Ці былі ў яго мары, пачуцці, ці хавалася за абалонкай тырана стузаная, знямоглая псіхіка стомленага чалавека?

Дадам, што самому сусвету Эферыі не хапае дэталізацыі. Гэта ўжо не недахоп, проста пажаданне, бо чытачы фэнтазі, асабіста знаёмыя з Дансэні, Толкінам, Сальваторэ, Нортан, з гульнямі Dungeons and Dragons, Demon Stone і іншымі, чакаюць ад кнігі багатага сусвету, з мноствам народаў, моў, рас, геаграфічных назваў, з тысячамі год гісторыі, з унікальнымі культурамі. І яшчэ – гэта таксама не недахоп, а пажаданне, – у наступных творах жанру, якія будуць належыць, спадзяюся, і Аляксею Шэіну і шматлікім новым, маладым аўтарам, хацелася б бачыць больш беларускай аўтэнтычнасці, больш нашай міфалогіі (яе, дарэчы, файна праілюстрыравалі мастакі Валерый Славук і Павел Татарнікаў), больш нашых духаў, багоў, дэманаў, ведзьмаў, больш “руннай магіі” народных арнаментаў.

Але гэта ўжо справы не літаратурнай якасці, а густу. Так ці інакш, шчыра раю кнігу Аляксея Шэіна іншым чытачам. Дзякую аўтару за гэты творчы крок і шкадую толькі аб тым, што ён здзеснены толькі зараў, а не 10-15 гадоў таму.

TrimnalEximious


Беларускі “The Lord of the Rings”

“Сем камянёў” – цудоўная беларуская кніга для дзяцей і падлеткаў. Найлепшая ацэнка кнізе – тое, што яе чытаюць, а ў Беларусі, паверце, “Сем камянёў” чытаюць і добра ведаюць. Размаўляў з дырэктаркай адной з найбуйнейшых беларускіх кнігарняў у Менску, дык яна казала: “Сем камянёў” для нас сапраўдная знаходка – разыходзіцца пачкамі”. Для беларускамоўнай кнігі гэта фантастычная ацэнка, гісторыяў падобных посьпехаў за апошнія гады – адзінкі. Гісторыя збудаваная паводле найлепшых канонаў жанру, з празрыстымі алюзіямі ( чытаць: беларусам, украінцам, палякам, чэхам, расейцам ды ўвогуле насельнікам нашага рэгіёну), з глыбокім духоўным падтэкстам – і плюс шэдэўральная вокладка. Тое, што трэба новаму пакаленьню. Сучасны беларускі Толкіен. Карацей, сябры: настольная кніга для кожнай беларускай сям’і!

LuryeTrashiest

 

Пакінуць адказ