Жывы агеньчык
Пабачыла свет дзіцячая кніга брэсцкай пісьменніцы Таццяны Дземідовіч. Кніга выйшла ў выдавецтве «Беларусь». Адрасавана выданне школьнікам малодшага і сярэдняга ўзросту, а таксама іх бацькам. Мае зусім неблагі наклад — 1200 асобнікаў.
Някепска аздобіў творы Таццяны Дземідовіч штучны інтэлект. Безумоўна, прысутнічае пэўная ненатуральнасць у адлюстраванні твараў людзей. І ўсё ж спробы аформіць выданне такім чынам за рэдкім выключэннем можна аднесці да ўдалых. Іншая справа — аўтарскія тэксты, пазбаўленыя жыватворнай энергіі, так і застаюцца тэкстамі на паперы, а выданне — прадуктам. І калі дзіцячую кнігу, у якой мастак выступае суаўтарам пісьменніка, можна параўнаць з яркім падарожжам з уласнымі адкрыццямі, асабістымі радасцямі, цікавымі прыгодамі, прапанаваны сучаснаму маленькаму чытачу кніжны прадукт — хіба што з аўтобуснай экскурсіяй. Магчыма, дзіця не заўважае падмены з-за няведання, несфарміраванага густу. І ці не найпершая задача выдаўца заключана ў фарміраванні ў чытача мастацкага густу і пачуцця прыгожага?
Але вернемся да кнігі Таццяны Дземідовіч і зазірнём у змест. Выданне складаецца з 12 невялікіх апавяданняў. Іх адметная рыса — выразная лагічная стройнасць. Пачынаючы з «лёгкіх» тэкстаў «Чыя хацінка?», «Што прынесла на хвасце сарока?», аўтар паступова вядзе маленькага чытача да сур’ёзнага разважання. І ўжо ў апавяданні «Шляхамі далёкіх зорак», якое завяршае кнігу, дзіця разам з галоўнай гераіняй асэнсоўвае сябе як асобу, здольную ўвайсці ў дарослае жыццё не па віхлястай дарозе звычайнага назіральніка-спажыўца, а самым высакародным шляхам сумленнага чалавека.
Парадаваў і ўжыты Таццянай Анатольеўнай прыём адказаў на пытанне ў назвах. Такім чынам пісьменніца выклікае цікавасць чытача і вырашае важныя дыдактычныя задачы, пабуджае да эўрыстычнай дзейнасці. Сапраўды, у якога дзіцяці не з’явіцца жаданне даведацца, чаму злуецца вожык, куды ідзе чарапаха ці хто іграў на дзедавай скрыпцы? І малое не адкладзе кнігу ўбок, бо ўжо заінтрыгавана таямнічай назвай «Хто пасяліўся на даху?». Нават дарослы, прыгадаўшы рыпучае гарышча з непатрэбнымі старымі рэчамі, пахам сушаных зёлак, кошыкам ёлачных цацак і іншымі надзвычай цікавымі дробязямі са свайго дзяцінства, абавязкова пацікавіцца гэтай гісторыяй. А нейкі шчаслівец, мабыць, знойдзе беззваротныя сцежкі ў шчаслівы свет, дзе былі побач родныя і самыя блізкія людзі.
Цуд пазнання ёсць — дзякуючы сувязі з жыццём і знаёмымі прататыпамі.
Але што па сюжэце? З дзіцячай непасрэднасцю дзяўчынка Настасся адкрывае свет, а дапамагаюць ёй у гэтым бабуля і дзядуля. Яе здзіўляюць звычайныя рэчы і з’явы: усё, што заўсёды было побач, але заставалася без увагі — залатыя пералівы на снежных астраўках, новыя «кватаранты» старой шпакоўні, пранізліва-блакітны колер халоднага вясновага неба, пах талага снегу і вільготнай зямлі.
З любоўю і пяшчотай родныя людзі вядуць маленькую ўнучку па жыцці. Яны падзяляюць з Настассяй перажытыя пачуцці, цярпліва тлумачаць незразумелае. Але дарослыя не пазбаўляюць дзяўчынку радасці адкрыцця. Не на словах, а на справе падаюць прыклад добрасуседства са шматлікімі прадстаўнікамі царства прыроды. У апавяданні «Чыя хацінка?» дзядуля падтрымаў добрыя памкненні ўнучкі пабудаваць замест занятай вавёрачкай шпакоўні яшчэ адну для птушак. У выніку і жвавы звярок не застаўся без жытла, і пакрыўджаныя шпакі ўладкаваліся.
З цярпеннем і павагай да асобы маленькага чалавека бабуля і дзядуля даюць магчымасць унучцы самастойна засвоіць жыццёвыя ўрокі. І не пазбаўляюць ад адказнасці за прынятыя рашэнні. Так, спроба зрабіць вожыка хатняй жывёлай насуперак забароне бабулі вылілася ў гарачыя слёзы раскаяння. А «аздараўленне» гарадскога жыхара папугая Яшкі наогул ледзь не скончылася трагедыяй. Пасля чарговай драпежнай выхадкі коткі Муські перапужаны Яшка засмуціўся і адмовіўся спяваць.
Дрэнна яму тут, Настасся! — растлумачыў разгубленай унучцы дзядуля. — Яшка з выгляду нібы цацачны, маленькі, а ў ім жыццё цепліцца, як у табе і ўва мне. Толькі мы на свабодзе, можам хоць туды пайсці, хоць сюды… А Яшкава шчасце ад нашага клопату залежыць.
У кожным апавяданні дзяўчынка ўдосталь наталяецца прыроднай прыгажосцю. Яе чулая дзіцячая душа не пакідае без увагі вільготны ад расы кусцік чарніц, дзяўчо заўважае клопат спалоханага павучка, які імкнецца схавацца ў шчыліне пянька, дзівіцца, з якой прагай цягнуцца да святла кветкі-сонейкі — гарлачыкі, заўважае хараство мудрагелістага ўзору на панцыры балотнай каралевы — чарапахі.
Але, дакрануўшыся да вялікага, дзіця пакуль не можа зразумець усіх працэсаў светабудовы, таму дзядуля і бабуля тлумачаць унучцы і шлях вялікіх зорак, і існаванне непрыкметнага светлячка, які ўночы дорыць усім святло свайго ліхтарыка… Настасся адчувае і сябе часцінкай гэтага дзівоснага бязмежнага свету. А дарослыя крок за крокам падводзяць малую да думкі, што яна спадчынніца ўсяго гэтага прыроднага хараства і ў недалёкім будучым менавіта ёй трэба будзе клапаціцца пра захаванне прыродных рэсурсаў, жывёл і раслін. Дзяўчынка прымае правілы дарослага жыцця.
Важны ўрок радзімазнаўства:
Забяры ў чалавека з-пад ног зямлю родную — і стане ён слабым, бездапаможным. Родная зямля сілы дае і любоўю сваёй грэе… Гэта як у гарлачыкаў: вырвеш з карэннем — і не прыжывецца ў самай прыгожай і дарагой вазе. Згасне жывы агеньчык…

