Радзіна. Збых Слупоўскі

Радзіна. Збых Слупоўскі16+

Наўрад ці атрымаецца ў мяне водгук, хутчэй гэта будуць запісаныя адчуванні падчас чытання і пасля яго з асабістымі згадкамі ды думкамі рознага кшталту.

…Мая асабістая бяда – дрэнная памяць на твары і імёны. Было, у халасцяцкім жыцці зойдзеш да якіх дзяўчат у рабочым інтэрнаце, добра-добра правядзеш вечар з прывабнай перспектывай працягу, назаўтра недзе ў калідоры на Інтэграле сустрэнеш дзяўчыну. Ужо і міма прайшоў бы, ды яна спыняе: “А што ты сёння ўжо і не вітаешся?”. І тут шчоўкае уключальнік – ага, то ж яна, з учарашняга вечара… І ты такі: “Вой, прабач, Танечка… не пазнаў, ты сёння такая…” А яна ў адказ: “А я Вера, а не Таня!” – і пайшла вусмерць пакрыўджаная… Ну, хіба я вінаваты, што ўчора яна была ў спаднічцы кароткай, валасы распушчаныя, а сёння на ёй халат белы, на галаве – шапачка, пад якую валасы убраныя… Бяда, карацей.

І вось з кнігамі ў мяне тое ж самае. Добра, як аўтар пакрысе, няспешна уводзіць у дзею сваіх герояў. Паспявае за гэты час адметнымі іх зрабіць, ужо і запамінаеш, Васіля з Яўхімам ніяк не паблытаеш…

Збых Слупоўскі абрушыў на мяне ўсю сваю радзіну з першых старонак… Недзе казытнула думка: бяры аловак і складай які радавод, каб запомніць, дзе чый бацька і хто каму жонка. Але казытанне да дзеянняў не прывяло. Была верагоднасць таго, што я наўпрост кіну чытаць. Не кінуў. Бо зразумеў, што запамінаць усю гэтую радню і сваякоў героя ніякага сэнсу няма. Бо яны, як ўжо казаў у адным каментары на ФБ, ішлі бадай што фонам. Што там з кім адбывалася, як хто сябе паводзіў – было няважна. Галоўнае: нешта адбывалася, нехта во так паводзіўся. Такім чынам для мяне стваралася нешта ўяўнае, аб’ёмнае, досыць атмасфернае.

У ТГ сустрэў такі кароткі водгук на гэтую кнігу:

 беларускі “Сто гадоў адзіноты”, але лепшы, бо пра нас з вамі. Выдатны тонкі гумар, любоў, нянавісць, грошы, вайна, і тэарэтычная фізіка, што мяжуе з магіяй (або наадварот).

аўтар апісвае ход падзеяў, каторыя прывялі нас туды, дзе мы ўсёй краінай праваліліся ў расколіну ў сусьвеце. І хто ў гэтым вінаваты (акрамя кадлупоўскіх, зразумела).

калі прачытаеце, то даведаецеся ці дапамагае ікона божай маці застрашыць гусей-зомбі і хто такі яб*чы скураны вычварань 🙂

@litaraturnyja_asacyjacyi

Тут паўстае мая другая бяда – страх як не люблю параўнання нашых беларускіх аўтараў з вядомымі замежнымі пісьменнікамі. Хай хто як хоча думае, а для мяне такое параўнанне – вызначэнне другаснасці нас. Атрымліваецца, да нас ужо ўсё даўно стварылі, а мы тут кляпаем больш-менш падобнае, па прыкладзе. Згаданы водгук для мяне яшчэ трошачкі і панегірык, бо відавочна, Збых Слупоўскі да Маркеса не дацягнуў… Вось у Маркеса 540 старонак, а ў Слупоўскага – 140. Калі казаць сур’ёзна, то мне падаецца, у аўтара быў патэнцыял для сапраўды стварэння нечага ў стылі Маркеса, але проста фізічна нельга умясціць тую радзіну – вобразную, псіхалагічна абумоўленую – у паўтары сотні старонак, ды яшчэ і для перыпетый героя пакінуць месца, яшчэ і намаляваць фантасмагарычныя карціны, стварыць тыя расколіны, …

Апошнія – уражваюць надта. Бо насамрэч жа не заўважаеш мяжы, дзе рэальнасць змяняецца ірэальнасцю. Дый і самі па сабе малюнкі агаломшваюць сваёй алегорыяй, недзе і вар’яцкай.

Пытанне: чаму я не кінуў чытаць, катуючы сябе спробамі запомніць герояў і разабрацца ў шматлікіх сваяцкіх сувязях?

Адказ: мова. Стыль.

Вось тут усё проста шыкоўна. Стыль – адметны, пазнавальны, упэўнены. Лёгкі.

І галоўнае на сённяшні дзень – аўтар піша з іроніяй, гумарам. Сапраўдным, а не вымучаным. І гэта тая адметнасць, якой сёння валодаюць адзінкі пісьменнікаў.

Менавіта з-за стылю я і чытаў гэтую кнігу. Калі хто помніць, я пісаў у ФБ, што на сёння надта многа кніг выдаецца, дзе аўтар наўпрост хаваецца ад чытачоў за псеўданімам. Збых Слупоўскі – з таго ж роду. Што праўда, у яго ёсць свая легенда, быццам і біяграфія нават. “Радзіна” – другая кніга аўтара, і першая таксама была адзначана чытачамі, як дасціпны і цікавы тэкст.

Свой досціп аўтар раскрывае напоўніцу ў “Радзіне”. Тут ягонае пачуццё гумару, іронія раптам пераплятаюцца з зусім не жартоўным болем і горыччу, што разам стварае нечаканы эфект эмацыйнага віру, які захоплівае тваю свядомасць і трымае досыць добра. Байкі пра слівы і абскубаных п’яных гусей я праміну, а вось гэты момант працытую:

А аднойчы, калі мы гасцявалі ў Добрушы і сядзелі за вялікім радзінным сталом, я спытаў, з чаго ў такім цудоўным доме з садочкам ды агародам няма ката. Бо гэта ж карысная жывёліна, кот.
Мама чамусьці палымяна пачырванела, а з ёю і яе сястра, цётка Ліда. А Марыя, старэйшая сястра з дзедавага боку, непрыемна засмяялася. Яе муж, Якаў, ужо крыху падпіты, падмаргнуў мне і спытаў, ці ведаю я, з-за чаго на базары тушкі трусікаў абавязкова прадаюць з вушамі.
І зарагатаў.

Дзякую тут аўтару, што на гэтым ён закрывае тэму нелюбові катоў у сваім доме.

Працытую мо яшчэ пару месцаў.

Дарэчы, у Сан-Паўла цывілізацыя сягнула такога ўзроўню, што нават лаюцца ў аўтобусах. Я такога аніколі не бачыў у сваім Масеё, бо калі нехта павышае голас, усе навокал сціскаюцца і нервуюцца. Услед за крыкам тут звычайна пачынаецца страляніна.

Вось такі:

У бразільскай паліцыі ёсць прыемныя ўласцівасці. Галоўная з іх надта дзіўныя для жыхароў маёй краіны: бразільская паліцыя насамрэч абараняе заможных спакойных грамадзян.

І вось такі:

Мне блішчэла і лагодзіла Mare Nostrum. Салёны вецер прыносіў такія мары, што хацелася раніцаю крочыць за балкон і паляцець у далягляд. Па алеях хадзілі статкі катоў і казулі. Віно было нектарам, а паста з сырам — маннай з нябёсаў, дзе жылі сухія бландзіністыя італьянкі.
А яшчэ яны на пляжы не насілі ліфчыкаў.
Вось дзе людзі жывуць. А там, дзе хваіны і пралескі, людзі ўсяго толькі існуюць ды п’юць з рыльца.
Вярнуўшыся, я месяц хварэў, а тады сціснуў зубы і за паўгода напісаў дысертацыю. Мяне чакалі там, дзе залатаскурыя б’ёнды пялёскаліся ў непрыстойных рэкламных хвалях. Я нават прыдумаў, як змагацца з раптоўнай эрэкцыяй.

Ну і яшчэ адзін абзац

Затое і разбягаліся ліцьвякоўскія творчым, нават выкшталцоным манерам. Сярэдні неяк здолеў давесці, што ён жыдоўскага кораня, бо літвякі, вядома ж, гэта заходнебеларускія і літоўскія габрэі, і нават атрымаў пасведчанне з гомельскай сінагогі. Не ведаю, праўда, як у яго там выйшла з кавалкам скуры на мужчынскай прыгажосці…

А вось малодшы паспрабаваў спачатку эміграваць у Канаду, а тады, пасля нейкіх таямнічых спраў са страхоўкамі і пенсіямі і надта шчыльных кантактаў з украінскай суполкаю, перабраўся ва Уругвай…

Мушу дзеля аб’ектыўнасці сказаць і пра іншае, што ўважлівы чытач сам пабачыў у прыведзеных цытатах: на жаль, добраму тэксту не дасталася патрабавальнай карэктуры. Не хочацца надта калупацца і прыводзіць яшчэ прыклады. Гэты тэкст – добры і стыльны – стаў у шэрагу тых, якія быццам абралі для сябе нормай неабавязковасць чысціні. Пасля знаёмства з некаторымі кнігамі айчыннага кнігадрукавання, дзе цябе хапае ўжо сапраўдная роспач ад неахайнасці,  безадказнасці і элементарнай непісьменнасці, бачыць такія адносіны да кнігі ў заяўленым гучна праекце – вельмі прыкра.

Ну і людзям надта эстэтычна ўражлівым мо трэба пасцерагчыся – у тэксце сустракаюцца словы, з-за якіх я паставіў пазнаку 16 плюс.

В. Г.

Пакінуць адказ