Днямі прачытала загадкавую кніжку “Паспець да цемры: містычныя гісторыі з Беларусі” — дзве аповесці беларускіх пісьменніц пад псеўданімамі (Паўліна Кот і Тафіля Багач), выдавецтва “Пфляўмбаўм”. Псеўданімы такія цудоўныя, пасуюць і творам, і ў цэлым прыгожыя. Можа, новыя імёны будуць як новае дыханне, штуршок для аўтарак (якіх я, мне здаецца, пазнала).
У Тафілі Багач — нармальны рэалізм, а містыка толькі ў прыёме з чарцямі (дзядуля і ўнук чарты назіраюць і нязмушана каментуюць жыццё вёскі/аграгарадка ва ўсходняй Беларусі). У Паўліны Кот — імпрэсіянізм, а містыка — у атмасферы Мінска 90-х. Плывеш праз горад як у басейне з цёплай вадой, скрозь блікі і прыемны шум Свіслачы ля Траецкага, ракі жыцця. Пра ўсё забываеш у час заплыву. Не хочацца, каб заканчваўся.
Адчуванні ад Паўліны Кот у мяне былі як ад раману Кейт Аткінсан “Жыццё пасля жыцця”, але там хапіла з галавой, а тут увогуле не хапіла: што было з гераіняй да, што было пасля – вельмі цікава пабачыць — хацелася б старонак 300, а не 44. Менск у аповесці — у шэрані, на сутонні, галоўная гераіня — цікавая, закрытая, поўная таямніцы. Хочацца знаць пра яе загадкавых сяброў, загадкавую кватэру для спатканняў…
Героі аповесці Тафілі Багач, наадварот, як на далоні. Цяжка з некім з іх салідарызавацца, але ж як добра напісана. Мы ўжо прывыклі да адчування, што беларус беларусу беларус. Але тут усе іншыя, тут беларусы — карыслівыя, неспагадлівыя, сабе на ўме. А вось, мы і такія. Але трэба памятаць, што не толькі мы, людзі такія. У гэтым плане аповесць Т.Б. адкрывае чытачу цёмную частку агульначалавечай натуры. Каб паказаць гэту натуру, выбраныя жыхары аграгарадка (хацела напісаць “мястэчка”, але гэта ўжо не яно). Замест аграгарадка тут магло быць і оперны тэатр, і завод, і айці (я думаю).