Што ні жанр — абавязкова тое асноўнае, што звязана з ім, а таксама і такое, якое быццам і не мае непасрэднага дачыння да яго, але прысутнічае. Яскравае пацвярджэнне — партрэт у выяўленчым мастацтве. Ён, як вядома, перш за ўсё ўяўляе сабой адлюстраванне пэўнага чалавека ці групы людзей, якія існуюць у рэальнасці ці раней існавалі. Каштоўнасць партрэта як віду мастацтва залежыць ад майстэрства таго, хто перадае канкрэтныя рысы, дэталі, наколькі ён здатны раскрыць унутраны свет.
У літаратуры ж партрэт, адпавядаючы вышэй сказанаму, мае і пэўную адметнасць. Найперш звязаную з найбольш характэрным спасціжэннем персанажа. Аўтар, наколькі магчыма, падае таго, з кім знаёміць, імкнецца адлюстраваць лад яго жыцця. Не абмяжоўваючыся раскрыццём унутранага свету, спыняецца на адносінах з іншымі людзьмі. Гэта калі глядзець у кантэксце пэўнага мастацкага твора.
Аднак апошнім часам у беларускай паэзіі з’явіўся партрэт як самастойны літаратуры жанр. Не фарбамі напісаны, як у мастацтве. Не падрабязнымі разгорнутымі апісаннямі ў прозе ці, скажам, у паэме. Мяркую, што тыя, хто сочыць за вершаванымі публікацыямі, здагадваюцца, хто ўзяўся за асваенне яго. Канешне, Віктар Шніп. Наколькі плённа ён працуе ў гэтым кірунку, можна даведацца з яго кнігі, што так і назваецца — «Партрэты». У ранейшых публікацыях яны прадстаўляліся як балады, што таксама адпавядае жанру. Як «Партрэты» яны працягваюць серыю «Бібліятэка лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі» («Чатыры чвэрці»).
Сабранае ў гэтай кнізе — толькі частка напісаных Віктарам Анатольевічам партрэтаў-балад. Аднак, знаёмячыся з прадстаўленымі творамі, ацэньваючы іх мастацка-эстэтычную напоўненасць, здатнасць аўтара на невялікім фактычным матэрыяле сказаць многае, заўважаеш і не менш істотнае. Віктар Шніп, пішучы пра лёсы знакамітых людзей, якія жылі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі ў розныя часы, а таксама пра нашых сучаснікаў, стварае своеасаблівую паэтычную гісторыю нацыі.
Адбор персанажаў, сюжэтна насычаныя радкі аб важкасці і важнасці зробленага імі дазваляюць адчуць, наколькі істотны іх уплыў на фарміраванне беларускай нацыі. Відаць, як, адчуваючы ўласную адказнасць перад часам, яны глядзелі і на дзень заўтрашні. Далёка не заўсёды нешта дэкларавалі. Гэта з’яўлялася сутнасцю іх паўсядзённай работы. Не важна, як тады называлася краіна, у якой жылі гэтыя людзі, — у душы іх прысутнічаў менавіта свой край.
Усё пачыналася і з усведамлення значнасці сваёй тутэйшасці, а перадусім і слова — роднага, блізкага, дарагога. Слова, якое да сонца падобна. Толькі для ўзыходу яго павінны быць спрыяльныя ўмовы і людзі. Найперш іх постаці і вартыя вечнасці паэт. Віктар Шніп падае іх так, што яны сваім зіхатлівым святлом акрыляюць нас. Святло ж іх дзеянняў сягае праз стагоддзі. Радуешся ад усведамлення: як цудоўна, што яны жылі на свеце. І не менш цудоўна, што пакінулі аб сябе, дзякуючы справам, такую добрую памяць. Тым больш усцешна, што нітка служэння Бацькаўшчыне, пачатая імі, не перарываецца. Не ў апошнюю чаргу аб гэтым напамінаюць і «Партрэты» Віктара Шніпа.
Першы з тых, на каго ён звярнуў такую пільную ўвагу, — Францыск Скарына. Віктар Анатольевіч удала абыгрывае версію, паводле якой ён нарадзіўся ў год сонечнага зацмення. Гэта дазволіла паэту суаднесці з’яўленне на свет першага беларускага і ўсходнеславянскага друкара з сонцам, якое памерклым было нядоўга, а хутка зноў засвяцілася:
з белых бялюткіх снягоў
як з пены тутэйшага мора
сонца ўзышло над Полацкам
і раптам чарнець пачало
як вугаль
як чорная кропка
пры канцы сказа
як пры канцы свету
свету дзе цябе не было
і ты нарадзіўся
і сонца зноў засвяцілася
як шлях у Заўтра
і стала светла
і ў Полацку
і ў Вялікім Княстве
і маліліся людзі
і звінелі званы
паўтараючы тваё імя
Францішак Францішак Францішак
Зыходзячы з біяграфіі кожнага, пра каго апавядае, аўтар «Партрэтаў» выбірае вызначальныя моманты з іх жыццяпісу. У выніку і іншыя выдатныя людзі Беларусі паўстаюць нібы жывыя. Яны шмат у чым паказваюць, як нам трэба жыць і што рабіць. Уласным прыкладам і ўласнымі набыткамі.
Гэта добра відаць з «партрэтаў» «Невымоўнае Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча», «Душа Францішка Багушэвіча», «Зямля Фердынанда Рушчыца», «Ліпень Янкі Купалы», «Лістапад Якуба Коласа», «Вандраванне з Янкам Маўрам», «Сусвет Максіма Багдановіча», «Душа Максіма Гарэцкага», «Доўгі дзень Кузьмы Чорнага», «Вясёлка Васіля Віткі»…
Усе матэрыялы размешчаны ў храналагічнай паслядоўнасці — па годзе нараджэння тых, пра каго расказваецца. Віктар Шніп нязменна падае героя так, каб, стараючыся быць нешматслоўным, улавіць галоўнае ў характары чалавека, яго звычках, захапленнях. І гэта яму ўдаецца. Напрыклад, чытаючы пра аднаго з найцудоўнейшых нашых паэтаў — «Нарач Максіма Танка», — нібы ўяўляеш яго перад сабой. А яшчэ бачыш, як сама вечнасць праламляецца ў яго паэтычнай спадчыне:
у кропельках расы
дзе сонца начавала
ты бачыш нарачанскіх анёлаў
пра якіх ведаеш толькі ты
бо яны прыляцелі з тваіх вершаў
У «партрэце» ж «Сосны Навуменкі» адбываецца зварот да тых твораў Івана Якаўлевіча, у якіх ён пісаў пра зямлю свайго маленства. А такіх было нямала. І кожны раз без паўтораў, кожны раз па-свойму, бо гэтым пастаянна жыў і яно так ці інакш прысутнічала ў напісаным. Адметнасць «партрэта» і ў тым, што ў сюжэтную канву ўдала ўведзены назвы такіх твораў:
сосны каранямі трымаюцца за зямлю
а зямля трымаецца за сосны
якія растуць пры дарозе
што вядзе ў Васілевічы
дзе ў сям’і чыгуначніка
нарадзіўся хлопчык
які вырасце
будзе слухаць вецер у соснах
і чуць водгулле далёкіх вёснаў
дзе верасы на выжарынах
у смутку белых начэй
пад асеннія мелодыі
і замець жаўталісця
як птушкі між маланак будуць нагадваць пра вечнае і роднае …
Завяршаецца гаворка вершам «Партрэты», у якім Віктар Шніп тлумачыць значэнне гэтага жанру: «<…> і кожны партрэт // акно ў свет // дзе былі ёсць і будуць // нашы родныя // нашы каханыя // нашы куміры // і кожны партрэт // гэта часцінка сцяны //якая стрымлівае // раку небыцця // і кожны партрэт // гэта шчыт // які абараняе // нашы сэрцы // ад вятроў ненашых<…>»
Само ж знаёмства з імі падкрэслівае не менш важнае: «Партрэты» яму ўдаліся. Пачакаем іх прадаўжэння.