Ніці. Макар

Ніці. Макар

Варажы баба, варажы дзед

Спадзяюся, што сваю наступную кнігу аўтар падпіша ўжо сваім прыгожым прозьвішчам. Пакуль што аўтар зноў выступае пад кароткім псэўданімам Макар — у сваім другім рамане “Ніці” (2025).

Твор пра старадаўні абрад у беларускай вёсцы – гэта  адзін з першых радкоў у маім сьпісе “чытаць ня трэба”. Не люблю гэтае прыцішанае аханьне над усім чым забаўляліся нашыя продкі. Але аўтар прэзэнтаваў кнігу як твор менавіта пра вёску, яе жыхароў. Тут ужо мне складана прайсьці міма, як чалавеку які ўсё дзяцінства і юнацтва пражыў у сельскай мясцовасьці. Заўсёды цікава пачытаць што там панапішуць тыя гарадскія дый употай пасьмяяцца з іх разуменьня жыцьця.

Вяскоўцы спакон вякоў з пагардай ставіліся да жыхароў гораду, тыя ў сваю чаргу глядзелі на вяскоўцаў як на пацешных медзьвядзянят. Аўтар цалкам добра адзначыў гэты супраціў і неразуменьне адзін аднаго паміж горадам і вёскай. Макар у “Ніцях” стварыў своеасаблівае спалучэньне глыбокага веданьня адметнасьцяў паводзін людзей на вёсцы з абсалютнымі праваламі ў гэтых ведах. Эпізод з “загранічнымі” шакалядкамі прывезенымі галоўным героем з Менску таму пацьвержаньне. Такая рэакцыя мясцовых можа была актуальнай у часы СССР, але дакладна не зараз.

Але тыя дробныя эпізоды можна прабачыць, бо цалкам уражаньне вельмі добрае. Вобразы дырэктаркі школы, настаўнікаў, іншых жыхароў ствараюць утульнае ўражаньне таго, што я шпацырую па сваёй вёсцы, размаўляю са сваімі настаўнікамі, чую размовы навокал, нават адчуваю пахі. Настолькі дакладна прапісаныя інтанацыі, сьветабачаньне і ўвогуле рытм жыцьця.

Па сюжэце малады настаўнік прыязджае ў  глухую балотную вёску Крупы пасярод Паўночнага і Паўднёвага лесу каб адпрацаваць 2 гады па размеркаваньні ў мясцовай школе. Праз нейкі час ён сутыкаецца з містычным абрадам развітаньня з нябожчыкамі пры якім вяскоўцы цягнуць ніці, а цела зьнікае. Ніхто нічога не тлумачыць навічку, усё ахутана таямніцай, якую і спрабуе разгадаць новы настаўнік.

Прысутнічае і мясцовая знахарка Купава, якая лекуе ўсё зёлкамі дый настойкамі. Дарэчы падаецца такая бабка існавала ў шмат якіх вёсках прынамсі да нядаўняга часу. Здаецца зараз яны ўжо сыйшлі ў нябыт. У маёй вёсцы жыла такая Салачыха, што лекавала днём і ноччу, а дзяцей на ўсялякі выпадак асьцерагалі ад бадзяньня каля яе хаты.

Напрыканцы аўтар дадаў крыху крыміналу і на мяне павеяла скандынаўскімі змрочнымі дэтэктывамі, дзе ў тумане ночы самы прыязны чалавек з усёй вёскі цягне цела да лесу.

Мне падаецца, што калі пасьля двух раманаў у чытача ўзьнікае жаданьне дачакацца трэцяга, то гэта посьпех.

Hanna Standyourground.


Гэта ўжо другая кніга за год маладога пісьменніка Макара @m.valynkin. Першая – “Апошняе пакаленне” – выходзіла ў пачатку года. Аўтар кажа, што яны зусім розныя. На першы погляд быццам і так, але ў кнігах можна знайсці і багата агульнага.

📙 Аднак пачну з адрознага. Гэтым разам кніга не пра горад, а пра вёску. Быццам бы даволі глухую, няхай і  з прыкметамі ранейшага больш насычанага існавання і большай уключанасці ў жыццё краіны. Калі ў “Апошнім пакаленні” пераважная частка герояў – гэта моладзь, то тут з моладзі непасрэдна галоўны герой і хіба што ягоны вымушаны сусед па хаце.

🧶 Сюжэт такі: выпускнік універсітэта Антон едзе згодна з размеркаваннем у вёску працаваць настаўнікам. Вучыўся ён пасрэдна, таму і знайшоў сябе напрыканцы спіса для размеркавання. У вёсцы спачатку яму вельмі сумна і нязвыкла, але потым ён даведаецца пра важны і таямнічы рытуал, пра які яму ніхто нічога не можа уцямна расказаць. І Антон пачне раследванне.

📝 У адрозненні ад першай кнігі, дзе Макар пісаў пра сферу яму вядомую, тут вёска, школа, мясцовая гаворка, звычаі – сканструяваныя. Аўтар сам прызнаецца, што доўга ў вёсцы не жыў, і ўсе ягоныя ўяўленні – з кніг, СМІ, расказаў сяброў і знаёмых. І я адчувала гэтую штучнасць. Мне не хапіла глыбіні, але не ў самім тэксце, а за тэкстам. Ведаеце, так бывае ў фэнтэзі: ці ты адчуваеш за тым, што піша аўтар, глыбока прапрацаваны сусвет, ці не.

👨🏼Пакуль чытала, зразумела, што чытацкая аўдыторыя гэтай кнігі – значна маладзейшая за мяне. Баюся, што гадоў на +/- 20 😁 Ім будзе цікавы герой, абставіны, яны не адчуюць і не заўважаць таго, што я. Агулам жа атрымалася амаль дэтэктыўная гісторыя напісаная простай мовай  з даволі канкрэтным фіналам.

📚 Што тычыцца агульнага ў абедзвюх кнігах Макара, то гэта тая самая простая мова, адсутнасць прэтэнзіі на інтэлектуальнасць і высокую літаратуру, жаданне рабіць забаўляльнае чытво для (вельмі) маладой аўдыторыі. Мяркую, прынамсі, часткова ў аўтара гэта атрымліваецца. І гэта тое, чаго ладная частка чытацкай аўдыторыі прагне, калі меркаваць па продажах 😊

kniznyja_razmovy.


«У вёску Крупа, дзе знікаюць нябожчыкі, па размеркаванні прыязджае малады настаўнік Антон. На картах вёска – усяго толькі кропка сярод балот і лясоў, але тутэйшыя вераць у старажытныя забабоны і жывуць паводле традыцый продкаў…»

Ужо сама анатацыя новага рамана Макара «Ніці» рыхтуе чытача, што ў кнізе будзе адбывацца супрацьстаянне вёскі і горада: малады настаўнік Антон са сталіцы («асфальт на сене», калі перакруціць стральцоўскую формулу) шукае рацыянальнае тлумачэнне вясковым забабонам. Увогуле супрацьстаянне такога кшталту мае ў беларускай літаратуры доўгую традыцыю і нагружанае многімі сэнсамі і кантэкстамі. У рамане «Ніці» яно падкрэсліваецца яшчэ і моўна: настаўнік і жыхары вёскі па-рознаму размаўляюць. Калі настаўнік гаворыць літаратурнай беларускай мовай, то ў вёсцы карыстаюцца чымсьці накшталт дыялекту. Ад літаратурнай мовы ён адрозніваецца дзвюма рысамі: пастаянны паўтор часціцы «то» і суфікс ці флексія «-ка», якая дадаецца амаль да ўсіх дзеясловаў (незалежна ад формы, але непаслядоўна, часам ёсць, часам няма) і да некаторых (рэдкіх) прыслоўяў. Ні «то», ні «-ка» ніякага граматычнага ці сэнсавага значэння не маюць.

Гэты лінгвістычны кадаўр моцна чапляў мяне падчас усяго чытання, мне хацелася зразумець, адкуль ён з’явіўся. Магчыма, вырас з прастамоўных форм тыпу «тутака» і «тамака» і расійскай формы тыпу «давай-ка» (дзе «-ка» змякчае катэгарычнасць загаднага ладу). Я пагугліла, выявілася, што такая флексія ёсць яшчэ ў кіргізскай, татарскай і якуцкай мовах, дзе ўтварае давальны склон. Таксама выкарыстоўваецца ў балгарскай, македонскай і некаторых іншых мовах – але заўсёды (апроч рускага «давай-ка») толькі з назоўнікамі. У «Ніцях» жа з’яўляюцца такія формы, як «разумеешка», «распавядука», «жывуцька», «адыходзімка», «сказаўка», «працуюка», «нарадзіласяка». Такая сабе мова «тофслаў і віфслаў» – у адной з казак пра «Мумі-троляў» Тувэ Янсан ёсць такія істоткі, Тофсла і Віфсла, якія да кожнага слова дадаюць «-сла»: ясла прыйшоўсла. Відавочна, што адзіная функцыя такіх моўных штук у рамане «Ніці» – паказаць, што настаўнік і вяскоўцы ў чымсьці (але ў чым?) вельмі моцна адрозніваюцца. Але ў выніку атрымліваецца, што на працягу ўсёй кнігі, старонка за старонкай, вяскоўцы гавораць бязглузда, смешна і інфантыльна. Прычым у асноўным гэта нашмат старэйшыя за Антона настаўніцы.

Ёсць да чаго прычапіцца і ў мове ўвогуле – нечакана ў кнізе выдавецтва  з іх стандартамі пабачыць паслядоўнае «прабачце мяне».

Сюжэт спойлерыць не буду, бо ў яго аснове ляжыць загадка, якую галоўны герой мусіць разгадаць, але ў выніку ўсё круціцца вакол усё таго ж заяўленага ў анатацыі супрацьстаяння: рацыянальны горад і забабонная вёска. Як думаеце, хто ў гэтай сітуацыі акажацца на вышыні – няўжо смешныя вясковыя настаўніцы ва ўзросце?

Вядома, пра вёску можна пісаць крытычна – гэта не святарная карова. Апошнім часам з’яўляецца шмат тэкстаў пра вёску, у тым ліку пра вясковую магію. Магчыма, «Ніці» – гэта пародыя на старую новую традыцыю пісаць пра вёску надта ўзнёсла. Але нават у гэтым выпадку высмейванне вёскі здаецца мне ў рамане непрапарцыйным.

Ганна Янкута.

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме