Наш сусед Караткевіч. Адам Глобус

Наш сусед Караткевіч. Адам Глобус

“Людзі як людзі, адно што геніяльныя…”
Гэтыя словы Адам Глобус напісаў пра Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Мне падаецца, што яны хораша перадаюць сутнасць нататак пра Уладзіміра Сямёнавіча, сабраныя нядаўна яго суседам пад адной вокладкай.
Большасць тэкстаў чытаў раней, таму ўражанне цяжка назваць свежым, але затое была магчымасць падумаць побач з імі.
Напрыклад, згадаць свае першыя эмоцыі ад натуралістычных апісанняў п’янства любімага пісьменніка. Ці ўзнік у мяне ўнутраны пратэст ад такога ракурсу?.. Здаецца, што і не… Бо, што ў дачыненні Сыса, што ў дачыненні Караткевіча, ці каго іншага раўназначнага ім… “усё чалавечае” у хтанічных яго праявах толькі больш узмацняла іх загадку. Асабістыя трагедыі, на фоне нашага вечнага гэтага ўсяго адчуваліся яшчэ пранізлівей…
“Гэта поўная лухта, што публіка можа дараваць вядомаму чалавеку незвычайныя паводзіны. Яна нават элементарнага запойнага п’янства не даруе. Таму ўсе блізкія да Караткевіча людзі старанна хавалі яго загану – запойнае п’янства. Зрэшты, а нашто народу было ведаць пра спустошанасць і слабасць жывога героя? Нікога ж не цікавіць, якімі намаганнямі і якімі высілкамі заваёўвалася гэтая вядомасць.”
Сюды ж і сорам Уладзіміра Караткевіча, за сябе такога ў апошнія гады жыцця, і пастаянная раздражнёнасць…
Яшчэ з сутнасных рэчаў вылучу наступныя словы.
Я не ведаю, ці сапраўды Уладзімір Караткевіч чытаў Адаму Глобусу японскія хайку, але ілюстрацыя да бяздзетнасці і ўсякіх бла-бла-бла на гэтым фоне атрымалася выдатная:
“…ён чытаў мне шматкроць, бо прапаноўваў браць яго за ўзор. Гэта хоку Ціё з Кага. Верш таленавітай паэткі са школы Басё. Яна рана страціла мужа і дзіця – хлопчыка, пасля чаго пастрыглася ў манахіні і прысвяціла сябе паэзіі. Ціё пісала празрыстую лірыку пра адзіноту, пра свае страты і свае мары… Караткевіч чытаў мне хоку пра страказу над вадой:
*
Па-над ручаём
ловіць, ловіць страказа
свой уласны цень…
Ён чытаў мне пераклад зроблены Верай Маркавай на рускую мову:
*
Над волной ручья
Лавит, ловит стрекоза
Собственную тень…”
Згадкі пра мядзведзікаў у ложку класіка… толькі ўзмацняюць гэтую лінію. Дый-й “Чортаў скарб”, які ён не прачытаў ні сыну/дачцэ ні ўнучцы/унуку, а нам.
Пра калекцыю чарцей чуў і некаторых нават бачыў, а вось пра “пяцьдзясят Швейкаў” неяк не чытаў ці не заўважаў, бо з хітравата-прыдуркаватым Ёзэфам Уладзімір Сямёнавіч у мяне ніколі не асацыяваўся… падаецца, што ён хутчэй быў яго супрацьлегласцю. Адсюль і пратэсты Караткевіча на сваё высмейванне… мо акрамя блізка сяброўскага кола.
Цікава было параўнаць успаміны Адама Глобуса з іншымі трактоўкамі і, часам, супярэчлівымі звесткамі… і пра спробу самагубства, і пра пошук рукапісу “Дзікага палявання…” і пра пісьменніцкую працу ў поўным парадзе (узгадаў модныя рэчы на выставе ў Оршы) і каву з перцам, па індывідуальным рэцэпце, якую піў “цэбарамі” і фенаменальную працаздольнасць у моманты вялікай канцэнтрацыі.
Дарэчы, колькі там набярэцца беларускіх пісьменнікаў, у якіх поўны збор твораў перасягне дваццаць тамоў? Пра якасць ужо не кажу.
Тут павінен быў быць нейкі пафасны абзац на завяршэнне.
Але я скочу цытатай класіка. Яна хораша перадае пярчынку да кавы, якой любіў частавацца Уладзімір Сямёнавіч ну і да яго асобы, які быў звычайным чалавекам, адно што геніяльным. “Ногі, мае ногі, нясіце маю сраку!”. Каго мы там любім – вобраз ці чалавека?
З.Ы.
Пра Пташнікава…
Ён жартаваў, але жарты ягоныя былі нейкія, як не зусім сталічныя, былі нібыта прывезенымі аднекуль з-пад Плешчаніц.
Пра цэнзуру…
Калі ў цябе нічога не забаранілі, то які ты пісьменнік?

“Каву з перцам па-караткевіцку я гатую сабе ўжо гадоў сорак” – чытаю ў кнізе, і разумею, што гэта прызнанне, якое хіба і можа дазволіць сабе мужчына. Прызнанне ў павазе, у захапленні, у любові.

Чытаючы гэту кнігу, раптам згадаў Чарнагорыю, рэстаран у Будве, наш апошні вечар там. Гэта было ў нейкім іншым жыцці, вы разумееце. Наша Жэнька замовіла морапрадукты, з веданнем патрашыла і са смакам ела вялізныя крэветкі. У нейкі момант зірнула на свае пальцы, на стол… сурвэткі дзе? Яе секунднае замяшанне пабачыў падцягнуты афіцыянт, у момант апынуўся побач і лінуў колькі кропель вады на нейкую белую бобачку, якую прынёс раней і на якую ніхто з нас не звярнуў увагі. І вось на нашых вачах бобачка пачала імкліва расці і пераўтварылася неўзабаве ў згорнутую пахучую сурвэтку…

Па сённяшнім часе Адам Глобус са сваёй новай кнігай – непрактычны. Што ён зрабіў? Сабраў усе свае згадкі пра свайго суседа, якія ён рабіў цягам многіх гадоў, расклаў іх па даце ды выдаў кнігу. А за кожным такім адным запісам, за кожным абзацам – цэлая гісторыя, якая пры жаданні аўтара магла б, бы тая бобачка ў чарнагорскім рэстаране, разгарнуцца на дзясятак старонак.  Ды маючы такі фактычны матэрыял, тут іншы б такі фаліянт выштукаваў…

Глобус зрабіў іначай. Ён пакінуў свае запісы такімі, якія яны былі на той момант. Сканцэнтраванымі, у якіх ёсць дзе разгарнуцца думкам і ўяўленням чытача. Ведаючы гэтага аўтара, мяркую, што кіравала ім пры складанні гэтай кнігі ўспамінаў пра нашага Караткевіча шчырасць. І толькі яна. Глобус не схацеў ні дадаваць нечага да тых згадак, ні прыдумляць. Так думалася тады, так апублічана сёння.

Вельмі ж няпроста пісаць водгук на вось такія згадкі. Шмат чаго хочацца працытаваць, але ж тут адна цытата можа раскрыць усю сутнасць успаміну. Ці будзе гэта спойлерам? Мяркуйце самі:

Гэта поўная лухта, што публіка можа дараваць вядомаму чалавеку незвычайныя паводзіны. Яна нават элементарнага запойнага п’янства не даруе.

Аксіёма: ва ўспамінах розных людзей вядомыя асобы будуць рознымі. Кожны аўтар дадае сваё, мае свой ракурс поглядаў.

Шмат рознага глупства пішуць пра класіка беларускай найноўшай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Стараюся не звяртаць увагі на такія глупствы і не раздражняцца з-за іх. Праўда, не заўсёды атрымліваецца схаваць раздражненне і расчараванне.

Так піша Глобус у сваёй адной зацемцы і пасля ў іншай дадае словы ягонай маці:

«У іх свой Караткевіч, а ў нас свой». Наш Караткевіч разумны, вясёлы і натуральны.

І гэта праўда – у кароткіх успамінах Глобуса Караткевіч – жывы і натуральны. Як кажа ён сам, Глобус, пра Караткевіча і Сыса:

Словам, людзі як людзі, адно што геніяльныя.

Такіх кароткіх, вельмі глыбокіх і густоўных сказаў у кнізе шмат, яна, лічы, і збудаваная з іх, як дыхтоўны дом з адмысловых цаглінак. І далібог, хочацца дзяліцца імі яшчэ і яшчэ, але не буду адбіраць у будучых чытачоў адчування навізны і адкрыцця. Хіба што яшчэ вось такую цытату прывяду:

«Чорны замак Альшанскі» Караткевіч напісаў для сваёй любімай Валькі, як ён яе называў. Калі ў кнігарнях пачалі выстройвацца чэргі за «Чорным замкам…», дзядзька Валодзя шчыра дзівіўся. У той час пісанне дэтэктываў лічылася малапрэстыжным заняткам, нават крыху сараматнай справай. Усе чыталі, усе любілі раманы і аповесці з вострым сюжэтам і крымінальнай інтрыгай, але да літаратараў-дэтэктыўшчыкаў ставіліся грэбліва. Таму цётка Валя, пачуўшы гутарку пра Караткевіча і «нізкі» жанр, ганарліва ўздымала галаву і казала: «Я ўгаварыла Валодзю, і ён напісаў «Чорны замак Альшанскі» для мяне! Ён – мой рыцар, ён падарыў мне замак!»

Не ўсякі пісьменнік можа падарыць каханай жанчыне замак. Прычым, насуперак уяўленню грамадства аб густах і падарунках.

Што мне асабліва імпануе ў аповедах аўтара, дык нязменная павага і поўнае разуменне свайго знакамітага суседа. Ці, прынамсі, максімум жадання зразумець. І нідзе не сустрэнецца думка кшталту: эх, дзядзька, каб ты не піў, то мог бы… Глобус не аматар дзеясловаў умоўнага ладу. Ён прымае жыццё як лёс. Калі б не піў Караткевіч, то ці пісаў бы так, ці мог бы пісаць па 18 гадзін у суткі? Ці напісаў бы больш? Ці напісаў бы іначай? Аўтар нават не ставіць такога пытання. Для яго важны сам факт, а не стаўленне яго ў розныя пажаданыя абставіны.

Хоць, як па мне, хапае на старонках кнігі не толькі павагі і захаплення, але дзе-нідзе праскочыць і сапраўдны боль. І чамусьці перачытваліся раз і другі радкі пра апошнія словы Караткевіча, якія пачуў аўтар, і цягнула зазірнуць у раней прачытанае, адшукаць алюзіі…

Некаторыя запісы ў нечым быццам і паўтараюцца, але тут важная як змена ракурсу, так і змена герояў-удзельнікаў. Дарэчы сказаць, Глобус застаецца Глобусам – калі ён нязменна паважлівы да Караткевіча, шчыры да мяжы інтымнасці, гэта не значыць, што ўсе згаданыя ў кнізе вядомыя літаратары застаюцца белымі і пухнатымі. О, не! Аўтар “СУчаснікаў” не мяняе фокус позірку і не згладжвае вуглы свайго ўспрымання. Так што пра некага будзе ў кнізе не самае прыемнае.

Мне б хацелася звярнуць увагу і на іншае: Глобус пісаў пра Караткевіча, але яшчэ адным пластом засвечана тэма ўвогуле адносінаў пісьменніка і грамадства – згадайце цытату пра дараванне п’янства. І нават больш: тэма літаратуры як такой і яе месца, яе значэння для чалавека і для чыноўніка, для дзяржавы. У кароткіх згадках пакрысе паўстае сапраўдная атмасфера, якой дыхалі і якой жылі, акрэсліваюцца межы і правілы. Зноў жа, многае трэба ўбачыць самому чытачу, карыстаючыся адной падказкай, нават словам. А вось выніковую і важную для сябе думку Глобус дае разгорнута, мне хочацца яе тут прывесці:

У стварэнні і кананізацыі іншых нашых хрэстаматыйных пісьменнікаў удзельнічалі знешнія сілы, прычым актыўна. Караткевіча беларусы выбралі і кананізавалі самі, кананізавалі насуперак знешнім уплывам.

Увогуле, добра напісана пра ліхтары і зоркі, хай і вельмі коратка, але як канцэнтравана і дакладна.

Скажу прыканцы: для тых, хто любіць Караткевіча, у кнізе маецца шмат з таго, каб любоў толькі ўзрасла і пазбавілася сваёй абстрактнасці. Бо, паўтаруся цытатай: “ Наш Караткевіч разумны, вясёлы і натуральны”.

І прабачце, завяршу цытатай, можа, трошкі спрэчнай, бо мне падаецца, тэрміну актуальнасці ў творах Караткевіча няма:

«Цёмныя хмары прыгнёту плылі па-над Беларуссю…» – менавіта да такога сказа можна звесці ўсю творчасць Караткевіча …Пакуль яны будуць плысці, творчасць Караткевіча будзе актуальнай.

В. Г.

 

 

Пакінуць адказ