Як чалавек, які не мае філалагічнай адукацыі, я ніколі не вывучала беларускую літаратуру сістэмна, і мне, вядома ж, бракуе ведаў пра яе класікаў і слупоў ☺️ Таму пры нагодзе я імкнуся знаёміцца з тым, што варта было б ведаць ужо даўно.
📘 Пабачыла ў бібліятэцы @cytalnia гэты зборнік і падумала, што на Стральцоўскі паэтычны фэст я хаджу, а Стральцова амаль і не чытала. То ўзяла. Зборнік невялікі і прыгожа аздоблены. Год выдання: 1986.
✨ Чытала доўга, такія вершы нагбом не чытаюцца. Некаторыя – проста ў самае сэрца. Але ладную частку вершаў я хоць і перачытвала па некалькі разоў – нічога не адчула. І гэта, як той кажа, нармальна 😺
🍂 Заўважыла, што найбольш мяне краналі прыродныя замалёўкі: вершы з восеньскай тугой, зімовай адзінотай і з першай нерашучай вясной… Менавіта ў іх самая багатая лексіка, гэтыя вершы цікавыя сваімі вобразамі, параўнаннямі, проста новымі словамі. “Закіпаюць макушы”, “парная і пульхная ралля”, “купчасцяцца аблокі”, “асмужаная вада”, “да золкіх росаў дотык босы”, “бессмяротны хлебны дух”, “шклянее неба ранкам”, “клён барвеніць угары”, “захад дымным перламутрам асыпаўся на снежны дол”, “на стозе – бусел макаўкаю лета”, – і гэта далёка не ўсе скарбы, што я назбірала. Вось такая яна, мая ціхая чытацкая радасць ад гэтага зборніка.
🩶 І ўжо адчуваліся зразумелымі і даволі глыбока закраналі радкі пра ўзрост, час, жыццёвыя рубяжы. Стральцоў пражыў 50 год і гэта, як я разумею, быў апошні ягоны прыжыццёвы зборнік вершаў. Таму вось такія фрагменты асабліва моцна на мяне ўздзейнічалі:
📍 “…Калі, як лісце, абтрасаеш
Гады на золкім рубяжы,
Калі да болю адчуваеш,
Як многа лішняга ў душы.О надвячорак азалелы,
О спусташэння шары час!
Што пераспела, адбалела,
Хай абыходзіцца без нас…”📍 “…І непрыкментна, спакваля
Расце і шырыцца трывога,
Як быццам ты стаіш каля
Апошняй рысы ці парога.Гаворыць сэрца: паспяшай!
Не, не спяшай, – гаворыць розум, –
Хоць і збалелася душа,
Ды застаюцца сум і роздум…”