Калі свет ашалеў… Анталогія паэзіі нямецкага барока

Калі свет ашалеў... Анталогія паэзіі нямецкага барока…Апошні промнік дня пагас
і цемра ахінула нас…

Гэтую кнігу хораша разбіраць на эпіграфы, але пачаць заманулася  менавіта з Грымельсгаўзэна ў перакладзе Васіля Сёмухі. Ён замыкаў дадаткам анталогію, то няхай распачне водгук.

Вобраз цемры невыпадковы – як яшчэ назваць перыяд гісторыі,  калі насельніцтва тваёй краіны скарацілася на тры чвэрці. А ў паасобных правінцыях – Вюртэмбергу і Баварыі на дзевяць дзясятых.

У гістарычны і літаратуразнаўчы кантэкст дапамагае заглыбіцца прафесар Галіна Сініла. “Заглыбленню” надаецца вялікая ўвага – роўна палову анталогіі, займае яе “ўступны” артыкул. Нават не памятаю іншай перакладной кнігі з такой прапорцыяй тэорыі і тэкстаў. Вельмі такое люблю. Яшчэ адна рэальная кніжыца на “уяўную” акадэмічную палічку серыі “Літаратурныя помнікі” у беларускім перакладзе.

Парадаксальным чынам у гэты апакалептычны час пачала падаваць голас паэзія на мясцовай мове. “Нямецкая паэзія зусім страчана…/ <>… мы гаворым добра на лаціне, / І ніхто не хоча быць абсмяяным з-за нямецкай мовы” – прамаўляе Марцін Опіц. Знаёмая гісторыя…

У тую пару існаваў своеасаблівы падзел: арыстакраты прамаўлялі на французскай, універсітэцкае асяроддзе – на лаціне, а ніжэйшы паверх у іерархіі займала нямецкая.

Дадайце сюды рэгіянальнае безграшоўе, чуму, трыццацігадовую вайну і атрымаюцца “выдатныя” умовы для творчага самавыяўлення.

Прафесар Галіна Сініла падрабязна спыняецца на такіх імёнах, як Опіц, Логау, Флемінг, Грыфіус, Сілезіус, а таксама піша крыху пра іншых аўтараў анталогіі, жыццё, якіх было зусім не салодкім.

Гэта адбілася і на змесце твораў, шмат з каторых апісваюць дэпрэсіўныя станы і марнасць жыцця агулам, з адпаведнай назвай жанру – Vanitas Gedicht. У апазіцыю да якога прабіваліся гумар, любоўна-эратычная лірыка і вершы-пашукавікі маральнага апірышча. Дарэчы, “вершы аб пацалунках” называюцца вельмі міла “basia-вершы” не мог абысці іх увагай, як і вершы-афарызмы “значныя вершы” – Sinn Gedicht, і эпіграмы, якія таксама вельмі люблю.

Неабавязковая рэмарка. Было цікава дазнацца, што Флемінг па запрашэнні сябра Адама Алеарыуса прымаў удзел у пасольстве ў Масковію. Алеарыус вельмі падрабязна апісаў царскі прыём у сваіх успамінах. Так супала, што якраз іх чытаў паралельна з анталогіяй.

Што датычыць непасрэдна перакладаў, якія зрабіў нястомны Лявон Баршчэўскі, то яны падаліся сухімі і эканомнымі ў сродках. Наколькі гэта апраўдана, мне за няведаннем нямецкай мовы сказаць складана. Адзін з перакладаў быў разабраны ва ўступным артыкуле і параўнаны з падрадкоўнікам. Няхай і на адным прыкладзе, але чытач можа даведацца наколькі адрозніваецца арыгінал, ад перакладнога тэксту. Як мне здалося – перавага аддавалася перадачы зместу і формы, а не аздобам.

У завяршэнне прывяду прыклады ўпадабаных твораў. Крыху пра марнасць, а больш пра смех і пацалункі, якія ратуюць калі ахінае цемра.

*СМЕРЦЬ

Што йдзе смерць да мяне, я не баюся,  не –
Мне страшна, што яна маіх не абміне

*ТРАВЕНЬ

Гэта месяц, што зямлю буськай з неба ўзнагародзіць:
Стане мацеркай яна, хоць цяпер нявесткай ходзіць.

(Фрыдрых фон Логау)

*ЁН ЖАДАЎ БЫ, КАБ ЯГО ЦАЛАВАЛІ

Толькі ў вусны, больш ніяк,
Пацалуй мяне – аднак
Каб да сэрца не ляніва
Язычок дайшоў гулліва.
Не замала, не зашмат –
Колькі трэба акурат:
Не дзіцячаю гульнёю
Мы ж тут бавімся з табою.
І не менш каб, і не больш,
Каб не жаль быў і не боль –
Так Адоніс у Венеры
Пачуццё выхоўваў меры.
Не мацней і не слабей,
Дзе памалу, дзе шчыльней,
То шукаючы мясцінку,
То чакаючы хвілінку
Захавай увесь інтым
Мяккім дотыкам сваім –
То з прыкусам, то з прыдыхам
Губкі растулі паціху.
Цалавацца ўмее люд
Хто як можа, там і тут –
Наш з табою пакрыёмы
Спосаб нам адным знаёмы.

НА СМЕРЦЬ ДЗІЦЯЦІ

Спі, ўлюбёнае дзіця!
Шмат герояў гіне ў свеце,
Зносіць і народы вецер
Часу ўпрочкі. Нас жыцця
хутка пазбаўляе век:
Надта ж крохкі чалавек?
Спі спакойна! Бедным, нам,
Як раней, жыць выпадае.
Мудрасць – старасць выбірае,
А й някемнасць тут і там.
Столькі нас, сляпых, нямых:
Дзецьмі застаёмся мы.

(Паўль Флемінг)

ПРА РУБЭЛУ

Рубэла гойсае штодня і безупынку,
Уздоўж і ўпоперак па шумным рынку,
Але нічога не купляе. І я думаю чаму?
Відаць, што хоча там прадаць сябе саму.

ПРА БУСКА

Хварэе скнара Буск, пражыўшы дзевяноста,
Зачаста, ды пра смерць баіцца думаць проста:
Не аб жыцці даўжэйшым ён мае хваляванне –
Пра тое, колькі пойдзе манет на пахаванне.

(Андрэас Грыфіус)

З.Ы. Наклад кнігі 70 асобнікаў і яна вельмі хутка зробіцца бібліяграфічнай рэдкасцю, то паспяшайцеся.

Міхал Бараноўскі.

Пакінуць адказ