Міма кнігі з такой назвай ніколі не прайду, не спыніўшыся. Аднойчы ў юнацтве, выпадкова трапіўшы ў мае рукі, том “Бытавых казак” перавярнуў мой ракурс успрымання казак, а пазней трапілася ў рукі выдатная кніга расейскага аўтара – там былі фантастычныя гісторыі, у сутнасці – казкі для дарослых, што і было пазначана ў падназве. Памятаю не ўсе, не помню імя аўтара і назвы кнігі, але дагэтуль жыве адкрыццё незвычайнага сусвету тых апавяданняў. Тады ж і сфарміравалася уяўная планка якасці тых самых “дарослых казак”, якой дасягаюць далёка не ўсе мне вядомыя аўтары.
Галіна Каржанеўская для мяне найперш – паэтка, публіцыстка. Так, у ФБ іншым разам сустракаў, чытаў яе празаічныя зацемкі. Буду шчырым – не надта каб уразілі, адно, чаго нельга не заўважыць, – чысціня мовы, мяккая шчырасць апавядальніка. Перачытаў сказ і падумаў: халера ж, ды многія сённяшнія аўтары якраз і імкнуцца найперш уразіць. Хто чым і хто як можа…
І вось – кніга прозы. Дакладней, тут яшчэ і п’есы (а з імі ў мяне гэтаксама свае адносіны, на жаль, не такія цёплыя, як з казкамі. Цяжка мне іх чытаць, а выказвацца і таго больш). Што праўда, так аўтарка і пазначыла далей: “Творы розных жанраў”. Першы – гэта быль, другі – быццам звычайнае апавяданне. Але і ў першым, і ў другім няўлоўна прысутнічае не тое каб нешта казачнае, але досыць містычнае.
Вельмі быў здзіўлены аповедам “Дзень добры, будучыня”. Па праўдзе, ніяк не чакаў ад аўтаркі, найперш вядомай сваімі кнігамі дзіцячых вершаў, жанчыны паважанага ўзросту вось такой тэмы… І быў вельмі ўражаны яе раскрыццём. Не буду спойлерыць, скажу хіба, што аўтарка цікава падала тэму бессмяротнасці душы і рэінкарнацыі. Тэма насамрэч сур’ёзная, дагэтуль ломяцца коп’і адносна таго, мае душа памяць ці не. Калі не, дык няма ніякага сэнсу спадзявацца і разлічваць на бессмяротнасць, калі мае – дык чаму б не ўстанавіць камунікатыўныя шляхі між жывымі і памерлымі… Версія Галіны Каржанеўскай, цалкам фантастычная, канешне, як па мне, мае права не проста на існаванне, але і на аснову для досыць вялікага твору. Пры ўсім, версія падаецца аўтаркай менавіта як гісторыя, досыць цікава напісаная, сэнс якой раскрываецца літаральна ў апошнім сказе.
“Прыхадні” здзівілі не менш – гэта безумоўна фантастычнае апавяданне з вельмі няпростай загадкай, якая і прыканцы не раскрываецца цалкам. І зноў жа, тэма – арыгінальная, пададзеная свежа, з таямніцай, да якой чытачу трэба дайсці самому.
Непасрэдна самі казкі для дарослых – невялікія абразкі, дзе ўсмешка на вуснах можа быць выклікана і незвычайным наборам герояў, і нечаканым заканчэннем, а разам станецца трошачкі тужліва. І зразумееш Мураша з ягоным пытаннем да свайго мурашынага Бога:
– Уразумі мяне, грэшнага, навошта я жыў на белым свеце?
Адзначу яшчэ раз мову – вельмі чыстую, нечым нават празрыстую. Ахайнае пісьмо. Такое, што нейк пакрысе знікае з сучасных кніжак новых аўтараў…
…У кніжачцы крыху больш за сто старонак. Трымаю яе ў руках, разумею, што ў пэўным сэнсе гэта быццам падсумаванне аўтарам апошняга зробленага. І вось тут ужо туга іншага кшталту, абумоўленая і аб’ёмам кнігі, і накладам, і непасрэдна выданнем. Хай не крыўдуе аўтар, ды ў выданні гэтых казак ёсць зусім не казачны флёр, а цалкам рэальны, дастаткова горкі на смак, водар сённяшняй паўсядзённасці. Досыць прыкры, каб пазбавіцца яго хоць на які час.
Заўважаю, як большае колькасць аўтараў, самага рознага кшталту, хто мкнецца выдаць сваё, ужо не разлічваючы ні на выдавецтвы, ні на суполкі. Хіба што на Бога ды свае ўласныя, ашчаджаныя ўпотайкі ад саміх сябе, сродкі…
В. Г.
