Заходзь, душа, пагрэцца. Алеся Шацёр

Заходзь, душа, пагрэцца. Алеся ШацёрРасказваць пра гэту кнігу гэтак жа складана, як апавядаць некаму (ці ўсім разам) пра нечую любоў. І пры гэтым ведаць, што ты сам такой любові не адчуваеш. Не, быццам нешта такое ёсць, не счарсцвела дарэшты душа, трымціць часам там усярэдзіне, ды – іншае. Аўтарка выказваецца шчыра да самага донца, адно пачуй, але… Хто можа зразумець любоў адно са слоў?

Спецыяльна для Уладзіміра Лобача занатаваў гэты абзац, каб ён быў пэўны, што далёка не адзінокі ў сваім стаўленні да Лесу:

Лес блізка, і сэрца маё пачынае стукаць глуха і моцна. Лес  –  таямніца. Аплеценая пахам грыбніц і хвоі, працятая тонкімі промнямі сонца і яшчэ танчэйшым залатым ліпкім павуціннем, спавітая мяккім сівым мохам і ігліцай. Лес назірае за табой змрачнаватымі зеўрамі вываратняў, прымушае схіляцца перад сабою густым чарнічнікам і грыбным россыпам. Лес памятае ўсё. Вітаю, пане. Мы да цябе.

Звярніце ўвагу на мову, на колькасць і дасканаласць тропаў, на вобразнасць і шчырасць пачуцця. Вось такім чынам напісаныя ў кнізе ўсе невялікія зацемкі. Калі я не памыляюся, першы раз скарыстаў слова “зацемкі”, назваўшы так свае невялікія запісы Леанід Галубовіч. Слова прыжылося, бо ў ім, у адрозненні ад “заметак” знайшлося месца нечаму таямнічаму, свайму асабістаму, якім аўтар дзеліцца з чытачом.

Уся кніга Алесі Шацёр нагадала мне некалішні ЖЖ, мо і зусім не дарэмна названы “Жывым журналам”, бо там сапраўды ў лепшыя часы абавязкова раз на дзень у ленце сяброў сустракаў сапраўднае, жывое: дзяліліся сваім шчыра, разважалі ўслых, марылі…

Невялікія па аб’ёме зацемкі ў кнізе знітаваныя між сабой адным пачуццём – любоўю. І гэтая любоў ахоплівае ўвесь навакольны сусвет, які стварыў “Бог Слова” (так кажа пра Бога аўтарка). Не проста любоў да вёскі, хоць гэта – галоўная праява любові:

Калі хтосьці скажа, што я рамантызую вёску, я скажу, што ён тысячу разоў мае рацыю. Я дыхаю ёю, спяваю яе і прапускаю праз кроў. Бо я не ведаю іншага месца, у якім бы кожная дробязь, кожная дэталь былі прасякнуты наскрозь такой глыбінёй быцця.
Не спраўляйце жалобу па вёсцы, ці не лепш прыняць як дадзенасць, што яна не будзе ранейшая, але яна жыве, цячэ, прабіваецца парасткамі скрозь старую брукаванку і сочыцца сцюдзёнай расой праз зямлю.
Гэта свята жыцця у гліняным кубку,  захапленне звычнае, як хлеб. Прыпадзіце вуснамі.

Тут наўпрост любоў да жыцця, якое ва ўсім, што акаляе аўтарку, нават у самым звычайным сабачым брэху, у апалоніках у вадзе, у росным садзе…

Разумею, ведаю: вось такая пастаральная вокладка кнігі з нечым наіўнай назвай можа выклікаць усмешку ў сучаснага чытача, звыклага да зусім іншага. Але ж усё гэта адпавядае духу ейных старонак. Так, гэта ў нечым вельмі наіўная проза, наіўная ў тым сэнсе, што аўтар дзеліцца сваім самым патаемным, запаветным, нават сакральным так шчыра – і ў спадзеве, вядома ж, што будзе не проста пачуты, не проста зразумелы, але зможа яшчэ крышачку сваёй любові перадаць чытачу, а той гарачы кавалачак будзе прыняты з удзячнасцю. Спадзявацца на гэта ў наш жорсткі і, лічу, ужо маргінальны час, калі сапраўднае даўно саступіла месца крыклівасці, па мне, і ёсць наіўнасць. Але ж яшчэ і вера.

Што тычыцца невялікай аповесці, тут, мне падаецца, аўтарка паспяшалася. Гэта яшчэ не аповесць, толькі пачатак. Гісторыя просіцца быць разгорнутай (тым больш у развіцці адносін і псіхалагічнай абгрунтаванасці учынкаў). І як на мой погляд, ёй тут зусім не патрэбны містычны ці звышнатуральны прыродны складнік.

Прывяду яшчэ адзін кавалачак з тэкстаў:

У такую ноч цягне зазірнуць у вокны, што мякка свецяцца знутры ружавата-залатым. Хто там не спіць у час начны.
Ці гэта дзед, седзячы на нізкім зэдліку ля цёплай грубкі у палоне старэчай сваёй бяссонніцы чытае мінулагоднюю газэту.
Ці бабуля ў начной сарочцы, падоранай дачкой, сядзіць у кухні, падпёршы шчаку адной рукою, а другою з вузлаватымі ад працы пальцамі бяздумна водзіць па старэнькай цыраце на стале.
Ці дзіцё ўстала папіць вады і, стоячы ля вядра, стрыжэ босымі ножкамі і прагна цэдзіць з кубка, раняючы халодныя кроплі на піжамку ў зорачкі.
Блаславёная ноч. Нясі кожнаму сэрцу ціхамірнасць, а думкам спакой.

Мяркую, мне не трэба казаць, як па-майстэрску аўтар стварае карцінкі і вобразы, як умела карыстаецца словам. Перад намі не навічок, аўтарка мае свой адметны стыль, яна адчувае мову, мова жыве ў ёй.

Адзначу яшчэ адно: тую цеплыню і добрую ўсмешку, з якой аўтарка глядзіць на свет і хоча данесці да чытача: паглядзіце, падзівіцеся, усміхніцеся. І тэкст сапраўды месцамі выклікае ўсмешку, тут ёсць цёплы і лёгкі гумар.

Нідзе больш нічога за подпісам гэтага аўтара не знайшоў. Атрымліваецца, гэта – дэбют. Тады – у добры шлях, Алеся!

В. Г.

Пакінуць адказ

Сачыць за абнаўленнямі ў Тэлеграме https://t.me/newbelbooks