Еўфрасіння – Офрасіння – Афрасіння Полацкая. Яе час. Яе крыж. Сяргей Тарасаў

Еўфрасіння – Офрасіння – Афрасіння Полацкая. Яе час. Яе крыж. Сяргей Тарасаў

Знаны даследчык гісторыі Полацкага княства, пісьменнік Сяргей Тарасаў прапануе вынікі свайго шматгадовага даследвання жыцця Еўфрасінні Полацкай, лёсу яе спадчыны ў выданні «Еўфрасіньня, Офрасіньня, Афрасіньня Полацкая. Яе час, яе Крыж».

У кнізе Сяргей Тарасаў прадстаўляе матэрыялы і высновы, датычныя жыццяапісання вядомай беларускай дзеячкі ад вызначэння яе імя (“Еўфрасіньня, Офрасіньня, Афрасіньня Полацкая”- _захавана арфаграфія аўтара_) да даты смерці (1173 г., замест 1167 г.), лёсу яе спадчыны і ўплыў на сучаснасць і будычыню Беларусі.

Вядомы пісьменнік у абазначэнні сваёй пазіцыі асноўваецца на навуковых даследваннях рознага накіравання і на ўласных ў тым ліку. Сяргей Тарасаў – археолаг, гісторык, мае навуковую ступень – кандыдат гістарычных навук (1992), дацэнт. Кніга ўяўляе сабой “навукова-папулярнае абагульненне ў вольнай дасціпнай форме” для шырокага кола зацікаўленых.

Адна з праблем, узнятая аўтарам кнігі, якая хвалюе беларусаў не адно дзесяцігоддзе – дзе знаходзіцца арыгінальны Крыж Еўфрасінні Полацкай?

Сяргей Тарасаў сцвярджае, што ведае яго месцазнаходжанне. Такая ўпэўнінасць узнаўляе надзею на магчымае калі-небудзь вяртанне каштоўнай рэліквіі на беларускую зямлю.

А пакуль на тэрыторыі Беларусі існуе копія згубленага крыжа, створаная ў 1997 г. брэсцкім ювелірам Мікалаем Кузьмічом, якая захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.

Даведацца больш пра змест выдання можна падчас чытання самога выдання, а таксама на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе змешчана інтэрв’ю з аўтарам кнігі – Сяргеем Тарасавым.

Крыніца


Вы трымаеце фантастычную кнігу! У вашых руках – гісторыя пачатку хрысціянскай Беларусі, старажытнага Полацка, Хрыстовай веры. Імя ёй – Еўфрасіння – Офрасіння – Афрасіння. Аб нябеснай апякунцы Беларусі ведаюць усе. Аўтар гэтай працы – таксама і аўтар падручніка «Мая Краіна – Беларусь», з якога ўсе дзеці Беларусі ад 4-га класа пачынаюць вывучаць гісторыю сваёй Краіны. Чытаючы кнігу, вы маеце магчымасць пашпацыраваць з Параскеваю (Афрасінняю) па старажытным Полацку, перанесціся ў яе няпростыя гады ў манастыры, прайсці ўвесь яе шлях ажно да Канстанцінопаля і Іерусаліма, потым да Кіева і вярнуцца ў Полацк. Куды яна, дарэчы, вяртацца не збіралася. За кожны абзац, за кожны сказ, за кожнае СЛОВА аўтар гатовы прафесійна адказаць і нават пайсці на «эшафот». Бо ён археолаг і гісторык, які прысвяціў сваё навуковае і чалавечае жыццё Полацку, крочыў па вуліцах, па якіх хадзіла Афрасіння Полацкая. І ён упэўнены, што ЁСЦЬ, і ведае, дзе сёння захоўваецца знакаміты КРЫЖ Афрасінні, створаны Лазарам Богшам у 1161 годзе. І ў тым, што пракляцце Афрасінні… збудзецца.

(З анатацыі)


#чытаннеаднойлевай з гэтай кнігай – тое яшчэ выпрабаванне. Ільсняная папера ды вялікі фармат робяць яе цяжкай для чытання нават дзвюма рукамі. Пры тым, што кніга напісаная аўтарам для людзей – каб яе чыталі.

Я на траціне кнігі, і мне падабаецца тэкст і падыход Сяргея Тарасава, хоць самой мне цікавыя іншыя падыходы да тых жа фактаў і постацяў. Гэта вельмі класная папулярна-навуковая кніга пра Полацк, якая ажыўляе для сучаснага чытача яго атмамферу, прастору, насельніцтва.

У кнізе рэзка не падабаецца падбор ілюстрацый: няма тых, якія сапраўды цікава бачыць перад вачыма (скроневыя колцы), і куча нейкіх левых ціпа як выглядаў папірус. З усяго відаць, більд-рэдактар глядзеў на кнігу вачыма даінтэрнэтнай эры. Цяпер чытач можа  лёгка нагугліць від гары Афон, і ў лепшай якасці. Тыя ж ілюстрацыі, якія сапраўды цікава разглядзець, трэба разглядаць з лупай. Схемы, надпісы – бачна, што друкаваліся з няякасных карцінак.

Чытаю кнігу ў гасцях, дачытаю ў Нацыяналцы. Дома не хацелася б мець такое выданне: няма месца. Але перавыдадзеную на простай паперы ў фармаце блізкім да а5, а не а3, з нармальным візуалам кнігу  я б вельмі хацела мець  дома. І да таго ж, магла б яе  сабе дазволіць.

Адным словам, рэкамендую кнігу пра Афрасінню гадоў праз 5, у новым афармленні. Зрэшты, вокладка акурат добрая:)

Maryja Martysievič.

Пакінуць адказ