Казка, якая ператвараецца ў кашмар
Альгерд Бахарэвіч прызнаецца, што лічыць казку найвышэйшым літаратурным жанрам. Вось і «Дзеці Аліндаркі» (2014) – гэта казка. Але не адаптаваная для дзяцей, а самая што ні ёсьць глыбінная ў сваёй сутнасьці. Яна насьледуе традыцыі самых жорсткіх казак цёмных часоў – тых, што пазьней зьбіралі і запісвалі Браты Грым альбо Шарль Перро.
Галоўныя героі – гэта нашыя Гэнзэль і Грэтэль, толькі з імёнамі Лёся і Лёччык. Мы знаёмімся з братам і сястрой у лесе, пакуль яны ядуць чарніцы. Паступова атрымоўваецца ўцяміць, што іхны бацька са сваёй каханай выкраў іх з дзіцячага лягеру. Але яны ўцякаюць ад бацькі і пачынаюць сваё падарожжа ў Брэмен.
Пазьней мы пачынаем разумець і што гэта быў за лягер. У ім галоўны кіраўнік – загадкавы Доктар. Ён лечыць дзяцей ад «дэфэктаў маўленьня», тых, што засьмечваюць русский язык. То бок, простымі словамі, ён выкарчоўвае асаблівасьці беларускага маўленьня, выкарыстоўваючы пры гэтым зусім не лагапэдычныя мэтады. Паступова мы ўцямліваем, што гэта за мейсца. Нездарма раман першапачаткова меў назву «Канцлягер Сонейка».
Часам у рамане Бахарэвіча ты пачуваесься, як у Нарніі, дзе злая чараўніца Сьнежная Каралева замарозіла ўсіх жыхароў. І цяпер яны могуць толькі баяцца, хавацца, пісаць даносы на суседзяў і спрабаваць дажыць да адлігі. Аўтар як сапраўдны апавядальнік страшных гісторый не дае нам надзеі. Ён толькі пераказвае падзеі і робіць лягічныя высновы адносна працягу дзей.
Магчыма, нам падаецца, што там усё замёрзла і толькі белыя хадакі сноўдаюць па мёртвай прасторы. Напэўна, там дзесьці глыбока-глыбока бацькі выхоўваюць сваіх Лёсяў і Лёччыкаў. Застаецца толькі спадзявацца, што яны дажывуць да адлігі. І што яна ім увогуле будзе патрэбная. Бо мы ведаем: у крытычных выпадках абмаражэньня арганізм гіне.
Але каб я вас тут не падманула такой «казачнасьцю» аповеду, адзначу: літаратура Бахарэвіча – гэта заўсёды інтэлектуальна вельмі складаная праца. Лёгкага шпацыру праз тэкст не атрымаецца. Месцамі ловіш сябе на думцы, што захрас у павуціньні рамана гэтак жа, як захрасаеш у творах Маркеса, дзе ты перастаеш разумець, дзе неба, а дзе зямля, дзе пачатак, а дзе канец.
Калі вы ўсё ж такі хочаце зазірнуць у твар гэтага жаху, то Альгерд Бахарэвіч запрашае. Але калі Гэнзэль і Грэтэль ўрэшце перамагаюць бабку-вядзьмарку і спальваюць яе ў печы, то тут будзе ўсё не так весела.
ЗАВЯЗКА: Ніякай “мовы” больш няма – пануе Язык. Больш за тое, адхіленне ад яго лічыцца ненармальным і патрабуе лячэння. Такім пацыентам выразаюць спецыяльную костачку ў роце, якая спрыяе няправільнаму вымаўленню. А маленькіх адпраўляюць у папраўчыя лагеры, дзе вучаць чыстаму Языку. Аднак адзін бацька наважыўся выкрасці сваіх дзяцей…
📌 Ідэя кнігі прыйшла да Бахарэвіча ў той момант, калі ён прачытаў нататку пра чыноўніцу з райцэнтра, якая параіла бацькам тэрмінова звярнуцца да лагапеда. Чаму? У дзіцяці быў моцны беларускі “акцэнт”.
📌 Назва рамана адсылае да паэмы Багушэвіча “Кепска будзе”. Каб зразумець асноўны сэнс, не абавязкова чытаць яе поўнасцю. Дастаткова першых радкоў:
“Як я толькі нарадзіўся –
Бацька сказаў: “Кепска будзе!”
І сапраўды ўсё кепска: як у Багушэвіча, так і ў Бахарэвіча.
📌 Што характэрна для аўтара, дык гэта ўменне напусціць туману. Першым часам цяжка зразумець, што за твор у тваіх руках: антыўтопія, казка ці рэпартаж з недалёкай будучыні. І таму плаваеш у поўным мутняку, чапляючыся за наводкі і падказкі.
📌 Сюжэтная лінія даволі мазаічная: не шкадуючы чытача, Бахарэвіч пастаянна перакідвае яго да розных персанажаў і ў розныя месцы, ствараючы мешаніну. Прыходзіцца вяртацца назад і перачытваць пэўныя кавалкі тэксту.
📌 Магістральная ідэя кнігі – мове патрэбен адзін чалавек, каб быць жывой. Гэта даказаў рэальны прыклад Лэйзера Перэльмана. Усе круцілі носам, калі ён упарта размаўляў на іўрыце, які страціў размоўную функцыю больш за тысячу гадоў таму. А ў выніку яго сын стаў першым, для каго гэтая мова была роднай. І цяпер яна мае амаль 10 мільёнаў носьбітаў.
📌 Кнігу я прачытаў у межах літаратурнага клуба “Карабель”, які вядзе @biblio_mara. Там яшчэ шмат чаго ёсць 😀
🏆 Адзнака: 7 🌰 з 10.
Класная ідэя ў спрэчным выкананні.
Твор нагадаў «Мову» Віктара Марціновіча. Здаецца тут таксама нібы недалёкая будучыня. Здаецца і па тэрыторыі Беларусь. І дакладна ў тым часе і на той тэрыторыі існуюць сур’ёзныя праблемы з мовай. Мовы наогул амаль не існуе, людзі размаўляюць на падобным да трасянкі дыялекце і ўсе прагнуць навучыцца гаварыць на Языку. Не. Думка не дакладная. Паспрабую так. Movy naohuł amal nie isnuje, ludzi razmaŭlajuć na padobnym da trasianki dyjalekcie i ŭsie prahnuć научиться говорить на Языке.
Доктар – нарадзіўся і жыве на гэтай тэрыторыі. У дзяцінстве пасябраваў з дзяўчынкай, каб навучыцца гаварыць на Мове. І пад час гэтага сяброўства ён знаходзіць у роце ў дзяўчынкі костку якая замінае гаварыць на чыстым Языку. Ужо ў сталым узросце Доктар распрацоўвае метад па выдаленню гэтай косткі і адкрывае Лагер для дзяцей, дзе і займаецца саёй справай.
Бацька дзяўчынкі Сіа-Лёсі навучыў яе размаўляць на Мове, і зусім забараняе ёй выкарыстоўваць Язык. Аднак праз некаторы час яго ўсё ж выкрываюць нейкія службы, падобныя да сацыяльных, і дзяўчынку забіраюць ад Бацькі, і накіроўваюць у той самы Лагер. Але забіраюць яе не адну, а разам з братам Лёччыкам, які раптоўна з’яўляецца у кватэры. Праз нейкі час Бацька знаходзіць і вызваляе дзяцей, але праз нейкі час губляе іх у лесе.
Шыфр да назвы рамана даецца ў радках, якія прыгадваюцца як любімая песня дзяцей:
Як я тoлькi нapaдзiўcя
Бaцькa cкaзaў: «Кeпcкa бyдзe!»
Нy дык жa нe пaмылiўcя:
Здзeкaвaлicь Бoг i людзі.
Гэта першыя радкі аповесці ў вершах Фpaнцiшка Бaгyшэвiча пад назвай «Кeпcкa бyдзe!» Галоўнага героя якой і клічуць Аліндаркай. І здаецца, калі ў таго Аліндаркі ўсё склаался ня добра, чаго чакаць ад яго «дзяцей»? А імі напэўна з’яўляюцца і Лёся з Лёччыкам, і ўсе дзеці з Лагера, а можа і наогул усе беларусы.
Мне здаецца, што не ўсё так дрэнна, як здаецца пасля прачытання твору, і фінал у яго ўсё ж аптымістычны. Бо, па-першае, для дзяўчынкі хэпі-энд аўтар змясціў адразу ў другім раздзеле. А па-другое напрыканцы выяўляеццца, што нават для Доктара, который разговаривает лишь на русском, усё ж існуе патрэба тайна размаўляць па беларуску, і нават знаходзяцца людзі якія ўсё яшчэ могуць з ім размаўляць на чыстай мове. Нягледзячы на тое, што Доктар шмат зрабіў каб гэту мову знішчыць.

