Выбраныя творы. Пятро Васючэнка

Выбраныя творы. Пятро ВасючэнкаУ кнігу выбраных твораў беларускага пісьменніка і літаратуразнаўцы П. Васючэнкі (1959-2019) уключаны апавяданні, казачная аповесць «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага», раман-бурлеск «Дванаццаць подзвігаў Геракла», драматургічныя творы «Прысуд адкладваецца (Пясочны гадзіннік)» і «Паэт і дзяўчына», літаратуразнаўчыя артыкулы, эсэ і інш.

У дадатку прыводзяцца успаміны сучаснікаў пра П. Васючэнку. Сто шосты том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор». Укладанне Н. Здановіч і К. Дуброўскага ; камент. Н. Здановіч ; прадм. I. Бурдзялёвай.

 

 


Літаратура – гэта тэксты. А з тэкстамі, што трэба рабіць? Чытаць!

                    Пятро Васючэнка.

Шмат хто зможа назваць Пятра Васючэнку настаўнікам і ў фігуральным, і ў літаральным сэнсе, бо менавіта праз яго выкладчыцкую дзейнасць і яго творы змаглі адкрыць для сябе свет беларускай літаратуры. Кожны ў свой час. Хтосьці ў студэнцкай аўдыторыі, а хтосьці зусім малы. І для кожнага ўзросту ў яго былі свае казкі, праз якія ён даносіў важныя для сябе думкі.

Распачынаюцца “Выбраныя творы” апавяданнямі з першай кнігі пісьменніка “Белы мурашнік”, але апавяданнямі іх можна назваць толькі з пэўнай доляй умоўнасці. Гэта хутчэй прыпавесці, выкананыя ў рэчышчы беларускага магічнага рэалізму, дзе паўсядзённасць і бытавуха пераплятаюцца з міфалогіяй і чараўніцтвам. Зварот да традыцыі ў звязку з постмадэрновымі прыёмамі, іронія і  лексіка стануць адметнасцямі мастацкай прозы пісьменніка і надалей.

Аўтар ўмелы стваральнік шматслойных твораў, і пераканацца ў гэтым вельмі проста, пачытайце дзецям  прыгоды паноў-недарэк Кубліцкага і Заблоцкага, і акрамя смешных абсурдысцкіх момантаў, заўважыце, што падспудна праз пырскі смеху і парадоксы Васючэнка звяртаецца да сутнасных беларускіх праблем, альбо пытанняў экалогіі, якая яго вельмі хвалявала. І ўсё гэта далікатна, ненавязліва, як, здаецца, умеў толькі Пятро Васючэнка.

Тое ж можна сказаць і пра раман-бурлеск (па ўласным вызначэнні аўтара) –  “Дванаццаць подзвігаў Геракла”. Знакамітыя гісторыі пра антычнага героя пераствораныя ў фірмовай манеры Пятра Васільевіча. Захапляльны сюжэт “подзвігаў” тут пранізаны шчымлівым, ледзь не гамлетаўскім, экзістэнцыйным пошукам. І для асобы, якая толькі фармуецца, такі твор можа стацца добрай дапамогай.

Аднойчы мне давялося прысутнічаць у бібліятэцы пры замове гэтай кнігі хлопчыкам гадоў 12-13. На пытанне супрацоўніцы, ці трэба яму гэта кніга для ўрока, адказаў адмоўна. Кніжку чытаў сябра, а ён пазычыў і паспеў прачытаць толькі некалькі частак, таму завітаў у бібліятэку, каб замовіць яе і дачытаць – паглядзець, чым скончыцца справа. Чамусьці гэтая гісторыя мяне вельмі натхніла, бо пры ўсёй сваёй будзённасці яна для нашага часу гучыць амаль фантастычна.

Творчы наробак Пятра Васючэнкі выглядае досыць разнастайным. Будучы дасведчаным спецыялістам па беларускай і сусветнай драматургіі, ён і сам звяртаўся да напісання п’ес, якія з поспехам ішлі на тэатральных сцэнах, альбо гучалі на беларускім радыё. У кнізе прадстаўлены дзве  п’есы: “Прысуд адкладваецца (Пясочны гадзіннік)” і “Паэт і дзяўчына” (“Быў гэта толькі сумны сон…”).

Для таго, каб так аперыраваць сюжэтамі і алюзіямі, як гэта водзіцца ў постмадэрновых аўтараў, трэба добры падмурак, упэўніцца ў грунтоўнасці ведаў Пятра Васючэнкі і сур’ёзнасці падыходу да справы дапаможа раздзел “Літаратуразнаўства”, дзе надрукавана праца “Ад тэксту да хранатопа”. Няхай вас не палохае назва, бо і ў літаратуразнаўчых сваіх работах Пятро Васючэнка застаецца верным сабе – яго парадаксальныя думкі і трапныя фармуліроўкі ператвараюць “навуку” ў захапляльнае падарожжа. Нават тут ён знаходзіць спосаб абыйсціся без залішняй дыдактыкі і прымуса.

Пазбаўлены комплексу местачковасці, Пятро Васючэнка ў сваіх доследах лёгка рухаўся ад прыватных назіранняў да абагульненняў, праз перакрыжаванні і паралелі ў творчасці вядомых замежных аўтараў і беларускіх пісьменнікаў паказваў  арганічнае месца беларускай літаратуры ў сусветным літаратурным працэсе.

Уступны артыкул да кнігі падрыхтавала Ірына Бурдзялёва, а завяршаюць выданне ўспаміны, напісаныя сябрам Лявонам Баршчэўскім і жонкай пісьменніка Нінай Здановіч.

Кожнаму чалавеку трэба настаўнік, калі вам з нейкай прычыны не пашчасціла напаткаць яго, то звярніцеся да кнігі “Пятро Васючэнка. Выбраныя творы”, можа гэта якраз тое, што вы шукалі. Цікавы, удумлівы і разам з тым смяшлівы і іранічны апавядальнік, які праз свае творы вучыць любіць літаратуру, паважаць чужое і шанаваць сваё.

Міхал Бараноўскі.

 

Пакінуць адказ