Вершалінскі рай. Аляксей Карпюк

Вершалінскі рай. Аляксей Карпюк📍Так супала, што я прачытала «Вершалінскі рай» пасля «Кніг Якубовых» Вольгі Такарчук, і атрымала (умоўна), нібыта працяг адной гісторыі. Розніца хіба што толькі ў сацыяльным асяроддзі герояў.

І там, і тут гаворка пра секту, пра людзей у час хаосу і смуты. Тады чалавек намагаецца ўхапіцца за «ўратавальную саломінку», каб утрымацца на плыву. Але нярэдка менавіта яна і становіцца прычынай гібелі.

📍 Міжваенная беларуская вёска – прастора страху і разгубленасці. Першая сусветная вайна, а разам з ёй грамадзянская вайна і рэвалюцыя пакінулі людзей сам-насам з невядомасцю. Старыя ідэалы страчаныя, новых пакуль няма. У такіх абставінах “з’яўленне прарока” амаль заканамерна, бо людзі чакаюць выратавання.

📍З аднаго боку твор чыста антырэлігійны (спішам гэта на час напісання), з другога – натхняе на разважанне: ці не варта самому разабрацца ў тэме, ніж бяздумна слухаць меркаванні бязграматных людзей. Вельмі мне спадабалася як аўтар ярка апісвае побыт і гаворку тагачаснай вёскі на Падляшшы. Перад вачыма паўстае не толькі гістарычная карціна, але і сапраўднае мастацкае палатно. Як дадатак атрымлівае сапраўдную лекцыю па паліталогіі: пра смак улады і яе спакусу, пра сляпую веру, страхі, наіўнасць і неадукаванасць, пра балючае развітанне з ілюзіямі.

📍Чалавек здольны сам стварыць міф — і сам жа ў яго паверыць. Самападман, які здаецца рысай мінулага, на самой справе нікуды не знік. Мы і сёння часта жывём у падобных ілюзіях, толькі ў іншай форме.

📍Прачытала ў біяграфіі, што Аляксей Карпюк адзін час быў дырэктарам Рэспубліканскага музею атэізму і гісторыі рэлігіі. Гэты факт наводзіць на думку, што і сам ён калісьці быў «вернікам» — хай не рэлігійным, а ідэалагічным. І, магчыма, менавіта гэты досвед дазволіў яму так дакладна і без асуджэння паказаць прыроду чалавечай веры і ілюзій.

📍Кніга атрымалася якасная і каларытная. Не ведаю чаму, але кнігі Карпюка неяк да гэтай пары мне не трапляліся, таму вельмі рада адкрыць “нешта новенькае” для сябе. І цяпер хачу пачытаць яго апошні твор ” Развітанне з ілюзіямі”.

chytaju_zlupaj.

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме