Вера – дачка флібусцьера. Валянцін Вяркееў

Вера – дачка флібусцьера. Валянцін Вяркееў

Вох, і доўга мы з сынам чыталі гэтую кнігу! Па-першае, яна напраўду вялікая – больш за 400 старонак. Па-другое, мы рабілі перапынкі – вымушаныя і наўмысныя – падчас чытання. У выніку прайшло паўгода з моманту, як я падпісала кнігу ў аўтара на Варшаўскім кніжным кірмашы.

✨ Гэта незвычайная кніга, і вы дакладна не забудзеце яе і не пераблытаеце з іншай. Піраты, іншапланетныя цывілізацыі, беларуская мова і – вельмі рэалістычны і вельмі нечаканы фінал. Вядома, калі не зазіраць на апошнюю старонку і не бачыць самага апошняга слова. Я, прызнаюся, зазірала, і пэўную здагадку мела, але атрымалася ўсё мацней. Мы ўжо некалькі тыдняў як дачыталі кнігу, але я ўсё яшчэ пра яе думаю. Асабліва пра фінал. Захару яго давялося тлумачыць, хлопец не адразу зразумеў, пра што канкрэтна гаворка.

📘 Гэта даволі няспешны аповед. Не, падзей там хапае, але аўтар нікуды не спяшаецца, і ўсё са смакам апісвае. Пры гэтым не скажаш, што кніга зацягнутая, сумаваць нам не даводзілася.

🧶 Дачка пірата Вера, дзяўчынка гадоў адзінаццаці, шукае свайго тату, пірацкага капітана, пасля шторму. Яе саму закінула на таямнічую выспу, дзе яна знаёміцца з прадстаўніком іншапланетнай цывілізацыі – катом Арчыбальдам. Але кот гэты – не зусім кот. Як і прадстаўнік другой іншапланетнай цывілізацыі, кіт Чык-Чырык, – не зусім кіт.

🌅 Падзеі пераважна адбываюцца ў партовым горадзе Санталуна, падобным на гарады з прыгодніцкіх раманаў пра 19 стагоддзе. Там будзе бургамістр, стражнікі, рыбакі, гадзіншчык, інтрыгі, загадкі і прага золата, якая валодае амаль усімі ў гэтым горадзе.

📝 У аўтара адметны гумар, і часам нам было напраўду смешна. Напрыклад , з гаворкі ката Арчыбальда Захар шчыра рагатаў. А яшчэ ў Валянціна Вяркеева ёсць свая адметная інтанацыя. Тэкст не заўсёды лёгка чытаецца, даводзілася месцамі спатыкацца. Часам падавалася, што кнігу можна было б больш грунтоўна адрэдагаваць.

👌🏻 Кніга для самастойнага чытання будзе пасаваць спрактыкаваным чытачам узростам 10+. А з такімі чытачамі, як мой сын, лепей чытаць разам. Гісторыя выдатна падыйдзе для зімовага вечаровага чытання ўсёй сям’ёй.

kniznyja_razmovy.


…У фінале пачынаецца страшнае. Мне хацелася літаральна крыкнуць аўтару: ну навошта такая жорсткасць,  навошта гэтулькі гора людзям? Трэба перарабіць, гэта ж прыгодніцкі тэкст, тут павінна быць шмат святла і дабрыні! Ды потым… Потым я перагарнуў старонку  – і сціснулася літаральна сэрца ад аглушальных радкоў. Зразумеў: усё правільна, так павінна быць…

Але спачатку.

Чытаў першыя старонкі, падумалася: а такі варыянт насамрэч многае тлумачыць, калі не ўсё! Уявіце: скажам, адзін адсотак дэльфінаў некалі даўно – насамрэч іншапланецяне ў абалонцы дэльфіна. Цяпер вы разумееце, чаму яны ўсе такія разумныя? І каты нашы, хатнія, між іншым, даўно падазраюцца ў сувязях з іншапланецянамі…

І вось такія героі дзейнічаюць у прыгодах кнігі Валянціна Вяркеева. Неверагодныя цывілізацыі – што “дэльфінаў”, што “катоў”, каторыя насамрэч – крабікі быццам і бурбалкі.

Свет, які стварыў аўтар, дасканала прадуманы. Тут няма таго, што ўзнікае адно з-за жадання аўтара быць арыгінальным. Не, усё на сваіх месцах, усё абумоўлена той лініяй развіцця, на ўчастку якой аўтар фіксуе свае прыгоды. І іншапланетныя сусветы дзейнічаюць па сваіх законах і маюць пераконлівую сістэму пабудовы (хоць тут пра іх не надта і многа).

Трэба заўважыць, апошнім часам наша літаратура збяднела на фантастыку. Яно і праўда, фантастычны твор патрабуе ведаў найперш, добрай абазнанасці ў тэмах, бездакорнай логікі і навуковасці. Гэта не фэнтазі з русалкамі, якія для свайго існавання і сваіх жа здольнасцей не патрабуюць аніякага тлумачэння. Таму асабіста для мяне фантастычны элемент у кнізе радуе, тым больш, што прапрацаваны ён вельмі грунтоўна.

Падзеі развіваюцца досыць няспешна, аўтар надае шмат увагі акаляючаму свету. Тыя, хто звык да імклівасці ў прыгодах, могуць трошкі і злавацца, але ж тэкст зацягвае паступова ўжо не адно прыгодніцкай лініяй, а разгортваннем агульнага штодзённага жыцця нейкага партовага горада. Увага аўтара да дэталяў дала яму магчымасць добра раскрываць і сваіх герояў, яны насамрэч ажываюць, робяцца заўважнымі, асаблівымі, набываюць характары. І што галоўнае – ніхто не ідэальны! Той жа бацька гераіні – пірат – застаецца піратам са сваім пірацкім кодэксам жыцця, дый у самой Веры не варта шукаць падабенства да кіношнай кіназоркі-супергероя.

Таму агулам льга сказаць: цікава! Класнае прыгодніцкае чытанне, якога так не хапае нашай літаратуры для падлеткаў і дзяцей, грунтоўнае, без падману і бога з машыны, напісанае аўтарам, які паважае ўсіх сваіх чытачоў і самога сябе, таму не дазваляе неахайнасці ў аповедзе.

Дзяўчынка Вера трапляе ў свет, які жыве па сваіх законах, жыхары яго трымаюцца заведзенага ладу жыцця, ёсць тут свае таямніцы… Разам з цэльнымі вобразамі герояў увесь аповед пачынае гучаць вельмі рэалістычна, і нават іншапланецяне – кот і дэльфін – тут арганічныя і не выклікаюць адпрэчвання.

Нягледзячы на павольнасць дзеі, твор застаецца досыць дынамічным і трымае ў напружанні. Для юных чытачоў у кнізе знойдзецца, апроч іншага, шмат тэхнічных і навуковых цікавостак, для чытача дарослага мо адкрыццём стануць паказаныя аўтарам падводныя камяні на шляху навукова-тэхнічнага прагрэсу. Адна лінія – сын-маці – застаецца поўнай таямніц, вельмі чулая і нават пранізлівая. І ў другой лініі – бацька-сын (ці бацька-дачка) – чалавечыя якасці раскрываюцца напоўніцу, спадае луска звання і пасады, застаецца толькі мужчына-бацька…

Асаблівы ход аўтара – умяшанне ў падзеі знешніх сіл, супрацьстаяць каторым нашы героі не могуць аніяк. Як я казаў напачатку, фінал досыць вусцішны, падазраю, не ў аднаго мяне ўзнікне жаданне упікнуць аўтара… Але толькі да пэўнага моманту – да эпілогу.

Мабыць, гэта будзе перабольшваннем, і ўпікнуць ужо можна мяне, але паколькі кніга – “для дарослых дзяцей” – я дазволю сабе сказаць тое, пра што падумаў, дачытаўшы апошняе слова фантастычнай гісторыі: гэта – рэквіем.

В. Г.

 

 

 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме