Век людзей. Маргарыта Латышкевіч

Век людзей. Маргарыта Латышкевіч

“Век людзей” Маргарыты Латышкевіч: нацыянальнае фэнтэзі са скандынаўскім каларытам

У сучаснай беларускай літаратуры ў апошнія гады намецілася пэўнае жанравае ажыўленне. Плённа развіваецца, напрыклад, літаратура для дзяцей і падлеткаў. Хуткім тэмпам крочачь наперад “раманы да жанчын”. Аднак у фэнтэзійнай плыні беларускай літаратуры ўсё ж такі ёсць нейкая недастатковасць, недаказанасць.

1.

Што такое фэнтэзі па сваёй сутнасці? Гэта выбудоўванне свету, у якім дзейнічаюць персанажы, на аснове міфа/фальклору/казкі. Фэнтэзійная магія, старажытныя багі, альтэрнатыўная гісторыя, – гэта творчая перапрацоўка казак, апокрыфаў, нацыянальнай міфалогіі…

Менавіта таму ў жанры фэнтэзі вельмі важнымі лічацца творы, якія будуюцца на аснове міфалогіі і нацыянальнага эпасу. Традыцыйна яны робяцца нейкім узорам для творчасці іншых аўтараў. Менавіта такія кнігі даюць чытачу і пісьменнікам прыклад светабудовы і беражлівага пераасэнсавання міфа, ўключэння міфа і фальклору ў аўтарскі твор. Менавіта ў такіх тэкстах мы назіраем добра пабудаваную аўтарскую міфалогію, прыклады выдуманых рэлігій і культаў, аўтарскі бестыярый – словам, тое, без чаго сапраўдны фэнтэзійны свет папросту не можа існаваць. Да такіх кніг можна аднесці “Уладар кольцаў” Толкіна або сагу аб Геральце з Рывіі Сапкоўскага. Вобразы з такіх кніг іншы раз могуць зрабіцца знакавымі для ўсяго далейшага напрамка літаратуры (як мы ўяўляем сабе эльфаў ў фэнтэзі? Вядома ж, “як у Толкіна”).

І калі мы шукаем фэнтэзі такога кшталту ў беларускай літаратуры, то нам даводзіцца ўбачыць пустэчу – незразумелую і сумную. У той час як літаратура руская ўжо ўтварыла цэлы паджанр “славянскага фэнтэзі” – у беларускай літаратуры ў гэтых адносінах зроблена да крыўднага мала. У пэўным сэнсе гэта зразумела: усё ж такі беларускія міфы дастаткова фрагментарныя. Таму пісьменнікі альбо выкарыстоўваюць асобныя элементы нацыянальнай міфалогіі (вобраз цмока, напрыклад), альбо звяртаюцца да больш вядомых выяў міфалогіі заходнееўрапейскай.

Менавіта таму фэнтэзійныя аповесці Маргарыты Латышкевіч можна назваць унікальнай з’явай у беларускай літаратуры. Калі з’явіліся першыя з іх – “Вершнікі на дарозе”, “Над Вугерай дождж” – стала відавочна, што аўтарка будуе самабытны фэнтезійны сусвет, які заснаваны на беларускім фальклоры. Прычым лакуны ў беларускай міфалогіі ўспаўняліся вынаходліва і смела. Пісьменніца адводзіла нітачку міфалагічнай сувязі далей, углыб стагоддзяў: ад уласна-беларускіх і агульнаславянскіх матываў – да скандынаўскіх матываў і міфаў. З улікам цеснай сувязі славянскай і скандынаўскай культуры і міфалогіі – гэтая ідэя ў фэнтэзі заслугоўвае пільнай увагі літаратурных крытыкаў.

2.

Я напісала дзве рэцэнзіі, у якіх аналізаваліся аповесці Маргарыты Латышкевіч пра «свет Вугеры». У абедзвюх рэцэнзіях я нязменна адзначала: за аповесцямі бачыцца большае. Вялікая гісторыя, маштабнае палатно, якое звяжа герояў і сюжэты аповесцяў разам.

І вялікая гісторыя сапраўды з’явілася – але, трэба заўважыць, яна ішла да чытача досыць доўга і не занадта лёгкім шляхам. Раман Маргарыты Латышкевіч “Век людзей” друкаваўся ў часопісе “Маладосць” з 2019 па 2021 гг. І толькі ў гэтым годзе пабачыў свет у выдавецтве “Тэхналогія” – і, хто ведае, ці то з-за адносна невялікага тыражу, ці то з-за таго, што тыраж разабралі (ці, кажучы больш пэўна, расхапалі) вельмі хутка… адным словам, раман як літаратурная з’ява недаатрымаў увагі чытачоў і крытыкаў. Магчыма, гэта тэрмінома (аб гэтым потым), але…

Але складваецца ўнікальная сітуацыя, калі знакавы для беларускага фэнтэзі твор аказваецца па сутнасці, не агучаным, не прааналізаваным, і нават да гэтага часу не прагучаў адказ на пытанне: “Чаму “Век людзей” – гэта менавіта знакавы тэкст, нейкая вяха ў беларускім фэнтэзі?”

Магчыма, трэба нарэшце калі не адказаць, дык хоць паспрабаваць разглядзець пытанне з некалькіх бакоў.

Па-першае, перад намі нарэшце тэкст, які можна аднесці да міфалагічнага або эпічнага фэнтэзі – жанраў, якія даюць штуршок для развіцця іншых фэнтэзійных жанраў. Зразумела, нельга цалкам параўноўваць тэкст “Века людзей” ні з “Уладаром кольцаў”, ні з сагай аб Геральце з Рывіі – аднак некаторыя паралелі сапраўды маюцца.

І асноўная паралель – зразумела, жанравая: зварот да нацыянальнага міфа, яго творчае пераасэнсаванне і інтэрпрэтацыя, яго ажыўленне праз фантазію аўтара. Гэта стварэнне не толькі праўдападобнага і дасканалага аўтарскага сусвету, але і паказ чытачам тых самых “паданняў даўніны”, ад якіх засталіся толькі няслушныя водгукі. Таго, чаго “можа, і не было, а можа – і магло б быць”.

3.

Але на якім матэрыяле аўтарка будуе “сусвет Вугеры”? Калі мы паглядзім на такіх аўтараў, як Толкін і Сапкоўскі, то заўважым, што яны недастатковасць нацыянальнага матэрыялу імкнуліся папоўніць “адводам да каранёў” – больш старажытных міфаў. У выніку і Міжзем’е Толкіна, і Вежмінленд Сапкоўскага – гэта мудрагелістае перапляценне больш старажытнага і менш старажытнага, аб’яднаныя матывы роднасных міфаў і эпасаў. І менавіта па гэтым шляху ідзе Маргарыта Латышкевіч, злучаючы ў сваёй кнізе нацыянальны міфалагічны матэрыял – і скандынаўскія песні і паданні. І без таго роднасныя матывы становяцца суцэльнымі, амаль неаддзельнымі.

Зразумела, можна паспрабаваць і вылучыць у рамане (ўмоўна кажучы) нешта “больш беларускае”, “больш скандынаўскае” і “агульнае для абедзвюх асноў”. Так, мы бачым вобразы з беларускай (ці славянскай) нізкай міфалогіі: кікімара, кадук, начніцы, рарог (вогненная птушка) і т.д. Да ўсходнеславянскай міфалогіі адсылае і імя Макош – багіні зямлі, вод і ўрадлівасці.

А вось канцэпцыя “курганнага народу”, вобразы падменышаў, спевы рун на камянях – гэта ўсё адсылае нас хутчэй да свету міфалогіі скандынаўскай, да міру альваў, чароўных скал і камянёў, таямнічых вандроўнікаў і рун.

Зусім нездарма цэнтральным вобразам рамана з’яўляецца рака памяці. Падарожжа галоўных герояў – гэта на самай справе паход да вытокаў, спроба ўспомніць забытае. Аўтар разам з персанажамі ідзе да вытокаў сваёй міфалогіі, сваёй памяці, да сваіх каранёў. І таму так арганічна пераплятаюцца ў рамане дзве культуры і дзве міфалогіі, – злучаючы агульныя для іх, роднасныя вобразы. Вобразы Дзікага Палявання, вянка зімы і Белага Князя, коткі як правадыра ў іншы свет, вядзьмаркі і вервольфа, вандроўніка-музыкі…

Вобраз сусвету, які вытканы са славянска-скандынаўскага матэрыялу, дапаўняецца карцінамі побыту, традыцыямі, гаворкай персанажаў. Нават імёнамі. Большасць імёнаў и мянушак ў рамане – відавочна пераробленыя беларускія (або славянскія), але перарабляюцца яны менавіта ў бок скандынаўскай старажытнасці. Прычым, адразу ж можна адрозніць – калі мы гаворым пра герояў больш сучасных (Донай, Вельс, Амена, Сташка, Ясь), а калі пра тых, хто народжаны ў іншыя часы (Хэла, Вотан, Вольмір).

4.

Але багаты матэрыал яшчэ не гарантуе якасці твору. “Рака памяці” – гэта аснова для аўтарскага сусвету але сам гэты сусвет павінен быць цікавым для чытача. Маргарыта Латышкевіч лагічна абірае для прыгод персанажаў форму квэстаў – падарожжаў з пэўнай мэтай. І дзякуючы гэтаму мы можам пазнаёміцца з рознымі месцамі ў “сусвеце Вугеры”, ацаніць ягоную прыгажосць, даведацца пра гісторыю і традыцыі. І гэтае падарожжа можна назваць эпічным – бо чытач пабывае і ў далёкіх вёсках, і ў паселішчах, і ў карчмах, і ў палацах, і ў горадзе, і ў ахопленай чумой мясцовасці… ў атмасферу казачнай даўніны чытача завабліваюць  і традыцыі, прыказкі, плёткі і чуткі, і вобразы “з народа”, і эпізадычныя або другарадныя персанажы.

Яшчэ адзін довад пра мастацкую каштоўнасць рамана – як раз у гэтай паўнакроўнасці: экспазіцыйнай, сюжэтнай, персанажнай. І вобразны шэраг, і канфлікты, і падсюжэты аўтарам прапісаны вельмі якасна. Да якога баку твора чытач не звернецца – ён сустракаецца з яркім, цікавым, арыгінальным.

5.

Зірнем на сюжэт. Ён, нібы рака з ручаёў, складаецца з падсюжэтаў-квэстаў з заданнем “забіць пачвару і вярнуцца”. Аднак місіі герояў цяжкія і небяспечныя, з пошукамі не толькі Старых Звяроў, але і адказаў на няпростыя пытанні. А вобразы пачвараў могуць быць не такімі ўжо адназначнымі (узяць хоць Башту, рагатага гаспадара балот, або гісторыю пра паўдзённіцу). Супрацьстаянне кожны раз напружанае, а сюжэтныя павароты – нечаканыя. Акрамя таго, асобныя падсюжэты паступова зліваюцца ў адзіны сюжэт-раку, а невялікія місіі робяцца часткай фінальнага, асноўнага супрацьстаяння – і вось нечакана аўтарка уводзіць у тэкст элементы дэтэктыва. Чаму каля людскіх паселішчаў зноў з’яўляюцца жахлівыя старыя звяры? Чаму Дзікі Гон пераследуе нявіннага музыку Яся? Чаму нехта знішчае старыя прошчы? Чытачу даводзіцца збіраць здагадкі паступова – з абмовак Вотана і Яся, сноў Доная… і назіраць за гэтым працэсам разгортвання сюжэту, разгадвання асноўнай таямніцы – надзвычай займальна. Тым больш, што стаўкі паступова павышаюцца, і вось на вагах ўжо – не некалькі жыццяў або некалькі паселішчаў, а ўвесь «сусвет Вугеры».

6.

Між тым, адносіны паміж персанажамі складаюць не менш прывабны прадмет для назірання, чым паляванне на фальклорных пачвараў.

У аснове гэтых адносін – двайніцтва. Вырашэнне зрабіць галоўнымі героямі братоў-двайнят ўжо выглядае даволі смела. Але менавіта гэты ход дазваляе засяродзіцца на “непадобнасці падобных” персанажаў, паказаць іх наймацнейшую сувязь – і найглыбейшыя адрозненні. Донай і Вельс дапаўняюць адзін аднаго нібы дзве паловы нечага адзінага і суцэльнага: сур’ёзнасць і весялосць, адказнасць і легкадумнасць, маўклівасць і балбатлівасць. І пры гэтым яны аднолькава гатовыя ахвяраваць сабой, аднолькава клапоцяцца адзін пра аднаго, аднолькава любяць старога дзядзьку… па іроніі лёсу, кожны з братоў таксама нібы складваецца з двух палоў, чалавечай крыві і нечалавечай. Кожны з герояў праходзіць праз раздвоенасць і прыняцце сябе, кожны вымушаны рабіць выбар.

І менавіта Донай, які разрываецца паміж сваімі паловамі, спрабуе настойліва адкінуць магічную частку сябе – пратаганіст, побач з якім чытач праходзіць (ці, больш пэўна сказаць, праплывае) да канца як да вытока. За ягоным сталеннем і станаўленнем як героя (з настаўнікам у ролі Вотана) мы назіраем. І менавіта праз вобраз Доная аўтар шукае адказ на вельмі сур’ёзныя пытанні: дзе твой дом і твае карані? Што лічыць сваім вытокам, сваім домам і радзімай? Наколькі вызначае цябе кроў, прызначэнне, статус?

У гэтых адносінах двайніком Доная з’яўляецца яшчэ і Ясь-музыка. На ягоную долю выпадаюць тыя ж пытанні, але пад трохі іншым вуглом. Для Яся цэнтральным можна палічыць пытанне аб прызначэнні, лёсе і здольнасці супраціўляцца ім.

Вобразы Яся і Доная звязаны яшчэ і як вобразы героя і спевака – і вось мы ўжо ў роздуме: дык колькі ж праўды пра гераічныя подзвігі пра нас даходзіць у старажытных песнях, казках і міфах? Пытанне пра вечнасць, пра вобразы, якія застаюцца ў стагоддзях, ужо ўздымалася ў ранейшых аповесцях Маргарыты Латышкевіч – і ў рамане зноў гучыць аб’ёмна і востра.

Герою даводзіцца ўступаць у паядынак з вобразам героя – і, мабыць, тут яшчэ трэба адзначыць, што і Тарс ў нейкай меры з’яўляецца двайніком Доная. Герой, які героем сябе не адчувае, якому не патрэбныя шуміха і статус – і вяльможа, які адчайна прагне начапіць на сябе вобраз героя дзеля сваіх мэтаў, ці гатовы выкарыстоўваць героя ў сваіх мэтах. Чытач можа разгледзець супрацьлегласць паміж сапраўдным і ўяўным, сутнасцю і вобразам.

Гэты канфлікт раскрываецца яшчэ і праз жаночыя персанажы – Амену і Сташку. Пры тым, што яны поўныя супрацьлегласці – у нейкай меры іх можна назваць двайнікамі. Гонар сапраўдны і гонар напускны, жаданне абараніцца і жаданне самасцвярдзіцца, пошук статусу і пошук свайго месца ў свеце – аўтарка задаецца і гэтымі пытаннямі. Але пісьменніца не агучвае адказы напрасткі. Як і Донай і Вельс, як Амена і Сташка – чытач павінен зрабіць свой выбар самастойна.

7.

Але ж, заўважа тут чытач, звыклы да масавай лёгкай літаратуры. Прапрацоўка міфалогія, эпічнасць, атмасцернасць, персанажы, праблематыка – гэта цудоўна. Аднак выглядае гэта як “цяжкае чытанне” −  можа, раман папросту перагружаны эпасам, атмасферай, пытаннямі? Можа, чытаць яго нецікава, нудна?  Можа, чытаецца ён медленна, маркотна?

Час узгадаць трэці аргумент за “вехавасць” рамана. Гэта форма, якую Маргарыта Латышкевіч абірае для свайго апавядання. Вельмі прывабная форма, дзе апавяданне хаця і досыць павольнае (бо шпаркага апавядання ў гэтым жанры папросту не існуе) – але ўсё-ткі мае дастаткова займальных падрабязнасцяў, дробязяў, апісанняў, жартаў, – каб тэкст не хацелася адкласці на паўдарогі.

Гутаркі стражнікаў, жартачкі Вельса, іранічны погляд галоўнага героя, падколкі Сташкі і спробы Яся падабраць чарговую рыфму прыўносяць у тэкст нязменнае жаданне ўсміхнуцца. А цёплыя адносіны Вотана і яго жонкі Нешки – дадаюць месцамі амаль што сямейнай утульнасці. Аўтарка выдатна трымае баланс паміж “цёмным фэнтэзі”, “міфалагічным фэнтэзі” і “гераічным, прыгодніцкім фэнтэзі”.  Карціны жудасныя арганічна спалучаюцца з бытавымі пацешнымі замалёўкамі, і чытач паспявае перадыхнуць, пераключыцца і набраць паветра перад наступным паваротам сюжэту.

Вядома ж, апавяданне неаддзельна ад стылю. А Маргарыта Латышкевіч сапраўды зрушвае на рубільніку беларускай мовы рычаг “да ўпора”. Гэта і лёгкая, мілагучная, маляўнічая мова апісанняў, і выразна пададзеныя дэталі, і да мурашак вусцішна прапісаныя пацвары ці сны галоўнага героя. Усё, каб зрабіць свет вакол чытача – жывым, бачным, пахкім, чутным.

8.

Недахопам тэксту з нацяжкай можна назваць тое, што ў ім даюцца толькі ўскосныя дасылкі на падзеі з аповесцяў пра «сусвет Вугеры». А між тым, у аповесцях ёсць вельмі важныя моманты з перадгісторыі герояў. І, можа быць, на такія падзеі варта было даць больш зносак у размовах і ўспамінах персанажаў (перадгісторыя Яся, напрыклад, для чытачоў пакрыта імглою). Зразумела жаданне аўтара пазбегнуць паўтораў – але ўсё ж такі, у чытачоў, якія не бачылі аповесцяў, можа застацца занадта шмат прастору для разважанняў. Зрэшты, такі ж прастор для разважанняў застаецца і пасля чытання “Века людзей” – бо за гісторыяй, цалкам скончанай, бачыцца месца і для іншай гісторыі са знаёмымі персанажамі.

Аднак казкі, як вядома, дрэнна ўмеюць заканчвацца. Скончыш адну – а следам прывяжацца, зачэпіцца, пацягнецца наступная. І таму адчуванне перспектывы, казкі ці легенды за якой можа ісці нешта наступнае – раману толькі на карысць.

Раману Маргарыты Латышкевіч “Век людзей” зусім нядаўна пашчасціла атрымаць перавыданне. І гэта – добрая навіна. Бо ўсё тое, аб чым мы размаўлялі на старонках гэтай рэцензіі, робіць “Век людзей” тэкстам, па-сапраўднаму знакавым для беларускай літаратуры. Тым самым прарывам у міфалагічным фэнтэзі, да якога павінна імкнуцца любая нацыянальная літаратура. І той самай кнігай, якая безумоўна заслугоўвае большага. Увагі чытачоў. Увагі крытыкаў. Проста увагі, ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Урэшце, кніга Маргарыты Латышкевіч валодае яшчэ адной якасцю, якая патрэбна выдатнаму твору. Гэта унікальнасць.

Бо падобных кніг ні ў беларускай, ні ў рускай літаратуры папросту не існуе.

Елена Кисель. “Маладосць” №12 (2025)


А ў нас тут – кніга. Ці нават the Кніга. Увогуле, я зараз раскажу вам аб адным тэксце, за які вельмі трымала кулачкі. Таму што тэкст гэты з тых, якія мусяць быць, і ўсё тут.

Таму што не ўсім літаратурам шанцуе, і ў іх з’яўляецца такое вось яркае, выбітное эпічнае фэнтэзі на нацыянальным матэрыяле. Вось у ангельцаў ёсць спадар Прафесар з незабыўнай яго трылогіяй. У заходніх суседзяў – спадар Сапкоўскі з яго Ведзьмаком. А вось у рускай літаратуры няма пакуль нічога, што прэтэндавала б, таму што масіў “славяншчыны” занадта вялікі, і вылучыць нешта адно, што стала б на галаву вышэй за ўсіх, што магло б задаць пэўныя шаблоны іншым аўтарам – не, пакуль не бачыцца (калі камусьці бачыцца – вы мне раскажыце, я пачытаю і змяню ваша меркаванне, добра?) І ў беларускай літаратуры да нядаўняга часу не было – а цяпер вось здарылася: «Век людзей» Маргарыты Латышкевіч пабачыў свет у менскім выдавецтве «Тэхналогія».

Такая слаўненькая «цаглінка», амаль на 1000 старонак, і я не магу не замілоўвацца і не цешыцца, калі на яго гляджу, таму што… калісьці я бачыла, як расце гэта кніга, і абмяркоўвала з аўтарам персанажаў, і адчайна спрабавала злавіць спойлеры – што ж там далей будзе. А потым кніга пачала выходзіць у «Маладосці» – і здавалася вось-вось, зараз… і нарэшце кніга атрымала заслужанае. Таму што яна заслугоўвае быць вось у такой раскошнай вокладцы з не менш раскошнымі ілюстрацыямі. Заслугоўвае быць надрукаванай. І каб пра яе казалі, шмат і доўга – заслугоўвае.

Таму што ў нас тут натуральны раман-рака, рабяты. У яго свае вытокі (аповесці Маргарыты Латышкевіч, якія выйшлі раней, такія як «Над Вугерай дождж» і «Вершнікі на дарозе»). І павольна нясе свае хвалі кудысьці наўпрост праз час і праз чытача таксама. І сустракаецца ў гэтай рацэ ўсякае, таму што ў рацэ ж можна ўсё адшукаць, вы не ведалі?

Калі пералічыць гэта ў стылі тэгаў, як робяць на АТ, то, далібог, ніякіх тэгаў не хопіць, але я паспрабую: аўтарскі сусвет, беларуская міфалогія, скандынаўская міфалогія, магічны квэст, народ з-пад узгоркаў, сталенне героя, каларытныя персанажы, фантастычныя стварэнні (і дзе яны жывуць),  пярэваратні, жорсткія бландзіны (прабачце, асабістае), Дзікае Паляванне, тонкі гумар, таямніцы мінулага… так, хопіць, пакуль я не захлынулася.

Але па сутнасці – дакладна. Тут у нас злосна верашчаць жудасныя кадукі, па следзе музыкі імчыць Дзікае Паляванне, эпоха людзей адчайна шчыміць тую эпоху, якая адыходзіць – магічную эпоху з яе белымі вянцамі каменных прошчаў, з ніадкуль паўстаюць Старыя Звяры, якія па-забіяцку аграбаюць ад паляўнічага з гаворачым імем Кашч і сярод гэтага – юнакі, два браты-двайняты, Донай і Вельс, з якіх… хто ведае, што атрымаецца, праўда? А яшчэ ў нас тут – любоўна пабудаваны аўтарскі свет, дэталізаваны і вельмі смачны, які сыходзіць каранямі і ў сярэднявечча, і ў беларускую міфалогію, і ў тую яе частку, якая звязана са скандынаўскімі міфамі таксама. Шалёна прыгожы і адначасова страшны, адухоўлены, жорсткі і напоўнены смуткам згасання.

І апісаны выдатнай беларускай мовай – яна тут таксама льецца ракой, пераліваецца, перакочваецца і раскрываецца ў бязмежжы.

Увогуле, гэта кніга, у якой беларуская літаратура мела патрэбу ой як доўга. І я вельмі радая за аўтара, вось. Але і за чытача я цешуся настолькі ж. І я абавязкова вярнуся да кнігі і разбяру яе з’едліва і занудліва, доўга і сумна. Але пакуль што я проста радуюся, яе перачытваючы.

Мой вердыкт:  чытаць абавязкова.

Алена Кісель.


(Пераклад з расейскай В. Г.

 P. S. Канешне, гэта рэкламны, кампліментарны тэкст, хацелася б пачытаць менавіта той абяцаны – “з’едлівы і занудлівы”, каб мець больш дакладнае уяўленне пра кнігу. Пачакаем абяцанае, а пакуль – чытаем самі і робім свае вывады, прапусціўшы міма вушэй ацэнкі ў стыле “аж занадта”))

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

One thought on “Век людзей. Маргарыта Латышкевіч

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме