Беларускія зоркі. Усевалад Сцебурака

Урывак з «Памятнай кніжкі»

1 красавіка 2024 г., панядзелак.

Кніга паэта Ўсевалада Сцебуракі «Беларускія зоркі» — гэта вершы і пераклады, проза і эсэ, REмаркі (своеасаблівыя замалёўкі!) і абразкі, а яшчэ і фрагменты з гісторыі роду «Сцебуракаў лёс» .

Згаданую гісторыю (сямейную хроніку!) пазалетась, у жніўні 2022 года, я прачытаў з вялікім задавальненнем і пісаў пра яе ў сваёй «Памятнай кніжцы».

Таксама з прыемным пачуццём знаёміўся і з «Беларускімі зоркамі».

Гэтае выданне мае паэтычную вышыню, апавядальную глыбіню, разумную (філасофскую!) далеч; кніга тоесная роднаму слову і самому аўтару, таму, калі не ўсё, то хоць нешта, магу і пра яе сказаць.

Пачну з паэзіі, то бок з чацвёртай старонкі.

Вершы Усевалада Сцебуракі — не прыдуманыя, поўныя руху, не замкнёныя ў складаныя метафары, часам прыгожа-літаратурныя.

І ў гэтым сэнсе вельмі паказальны першы твор «Беларускіх зорак», які пачынаецца эпіграфам — «…на смерць Радзімы»:

З чаго пайшло
і як распачалося?
З чабору паху,
грушы над Дняпром,
птушынага рознагалосся?
Ці з дзіўнага святла,
што дорыць восень?
Ці з той вады,
якую п’еш нагбом?

<…>

І толькі груша
аблачынкай лёгкай
стагоддзямі цвіце
апошні год…

Прамаўленне мае прыкметную алюзію на шэдэўр Петруся Броўкі «Пахне чабор», а таксама ж прымушае ўспомніць сказ: «Груша цвіла апошні год…» — самы пачатак (першыя словы!) рамана Ўладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

Для мяне, чытача, гэта прыгожая літаратур­насць!

Так, прамаўленне мае эпіграф «…на смерць Радзімы», аднак жа смерць тут успрымаецца як вечнасць, таму зусім невыпадковыя менавіта гэткія фінальныя радкі:

…І толькі груша
аблачынкай лёгкай
стагоддзямі (!) цвіце
апошні год…

Такі ён, адкрыты У. Сцебуракам, сучасны наш нацыянальны аптымізм; такая яна, нашая беларуская ў XXI стагоддзі «сьветлагляднасьць»!

Часам наш аўтар стварае акварэлі, падобныя да прывабных воблакаў (няхай сабе і з цяжкаватым гукапісам!):

Ты мовы чужыя вучыцьмеш старанна
і пойдзеш у новы сусвет,
а я паступлю ў інстытут туманаў
на восеньскі факультэт…

А часам не хавае тую гаркоту, якая на душы:

Мы названыя ў гонар памерлых,
Мы гаворым памерлаю моваю…

Аднак жа я, чытач, не гавару «…памерлаю моваю…», з маіх вуснаў гучыць жывая (!) беларуская мова, таму гэтае катэгарычнае «мы» мне не падабаецца — сябе ў гэтым «мы» не бачу!

Але зноў жа няхай сабе…

У кнізе пераважае тое, што падабаецца, — скажам, прыносіць радасць палітра У. Сцебуракі, бо яна дасціпная, ясная, афарыстычная: «…Я не прымаю ўдзелу ў вайне, // Вайна прымае ўдзел ува мне…», а бывае, што свае вершы ён стварае нібыта з паветра, а вось у гэтым выпадку — са снегу:

Так засыпае гарады
гады ў рады,
гады ў рады…
У белай нерушы тады
ані язды, ані хады…

Гэты цуд на 38-й старонцы «Беларускіх зорак» мае назву «Снежнае»!

А наступныя слоўныя паўторы, як тыя карункі, мне ствараюць асалоду:

…На захадзе ад Радашковічаў —
ізноў апынуся няўхільна.
На захадзе ад Радашковічаў —
мой крок набліжае Вільню.

На захадзе ад Радашковічаў —
мне больш зразумелыя людзі.
На захадзе ад Радашковічаў —
яшчэ, можа, што і будзе…

А вось адкрыццё, у якім, здаецца, змясцілася ўся наша таямнічая нацыянальная пашпартнасць:

Лясныя людзі
набіраюць ветру ў грудзі,
лясныя людзі
абдымаюць цішыню
і слухаюць — ці далей нешта будзе,
і моўчкі прысядаюць ля вагню…

Лясным людзям
апошняй пушчы ў свеце
ніяк няўцям, што тут яны адны,
на абязлюдзелай пустой планеце
ёсць толькі пушча, ціш і туманы…

Лясныя людзі не былі
на страшным судзе,
на іх забыўся арханёл з трубой,
яны і не настойваюць на цудзе,
яны тут застануцца, колькі будзе
адвечны лес
абрыдлы лёс,
ды свой…

Калі спытаеце пра мой любімы верш У. Сцебуракі, назаву маналог «Ў апошняй зямной сваёй хаце…»

Цытаваць не буду. Захочаце, самі знойдзеце яго на старонцы сорак чатыры. Наогул жа ў манеры пісьма паэта ўражвае чуллівасць зместу, а таксама даволі частая звонкая інструментоўка зместу:

Калі гаспадар выходзіць
нават на пяць хвілін,
сабаку здаецца,
што ён застаецца
ужо назаўсёды адзін…

Запамінаецца і тое, што з малюнкаў, якія стварае аўтар «Беларускіх зорак», неспакой на цябе, чытача, глядзіць уважлівымі вачыма:

Бог мой, які на нацельным крыжы,
шчыра скажы,
крыж хоць сцямнеў ад грахоў і ілжы,
а без іржы?..

(Верш «Без адказу», старонка 63).

У гаворцы пра самае для нас надзённае (у гаворцы пра Беларусь!) мастак пазбягае пафасу, непатрэбнага запалу, — ён зразумелы, таленавіты і зноў жа сьветлаглядны:

Мне сняцца сны…
Я снюся снам.
Праз сіта дзён нас лёс цярушыць.
Але стаю – мяне не зрушыць
да часу, калі рушу сам.

Смуга хавае далягляд,
ды я упарта спадзяюся:
адчуўшы, што ідзем назад,
павернем ўсё ж да Беларусі.

(Верш «Мне сняцца сны…»,
старонка 86).

Дарэчы, тут бачу яшчэ адзін прыклад прыгожай літаратурнасці – алюзію на высокую веру Ніла Гілевіча «…І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы // Да Беларусі…».

Але ці мае кніга хібы?

У вершы «Самотны конь знікае ў тумане…», што на старонцы 12-й, я паправіў бы радок: «Але ізноў з канём іду ў начное…»

Суседні выраз: «…Поехать в ночное…» па-нашаму: «…паехаць на начлег…»

Так, выпас коней ноччу гэта ў нас таксама — начлег, таму з канём у нас ідуць не ў начное, а йдуць на начлег!

На старонцы 82-й знаходжу словазлучэнне — «Два дні да Пакрова…»

Я напісаў бы — «Два дні да Пакроваў…»

Невыпадкова ж колісь гаварылі: прыйшлі Пакровы — заганяй у хлеў каровы!

А ў навеле «Кім я хачу стаць пасля смерці, ці Сачыненне на адвечную тэму» заместа «…змазваць дзявярныя петлі (?), якія рыпяць…» — варта накрэсліць «…змазваць завесы (!), якія рыпяць…»

Я не крытыкую, проста ўважліва чытаю, і мая ўвага ўзнагароджваецца і вершаванымі, і празаічнымі старонкамі — іхняй мудрасцю і частай празрыстай дакладнасцю лексікі:

«…Задуменны парк глядзіць на звычайную ня­дзельную мітусню мястэчка напаўзаплюшчанымі вачыма і пад маруднае гойданне ветру рыхтуецца да працяглага сну. Яму трэба спаць у халады, каб не ведаць, што дрэвы ўзімку становяцца дровамі…» (абразок «Мой дом»).

А вось навела «Крылы», яна пра магчымасць «…ізноў вяртацца ў неба. Тады я быў невыказна рады. Быў самы лепшы, сумленны, прымаў усе правілы. Галоўнае з якіх: Не ўсё па-да мной, але я па-над усім… Вось праўда. Трэба ляцець так, каб не зварухнуць шатаў старой ліпы, а, як промень сонца, прайсці наскрозь і ўвабраць у сябе іх цёплы малахітавы сок. Не трэба змагацца з ветрам, трэба зрабіцца такім, каб ён дзьмуў праз цябе і не збіваў з твайго кірунку…»

Такія аксамітныя імпрэсіі, упэўнены, спадабаліся б Міхасю Стральцову!

А той жа абразок «Дзень N» — усё адно як гімн разняволенню, імя якому — само хараство:

«…хацелася ісці бясконца. Пераступаць лужыны і ручаіны, чакаць зялёнага святла ля пераходаў і як мага павольней ісці, ісці… Ісціна недзе побач. Пабач яе!

Як ішоў Калумб па сваёй зямлі пасля доўгага плавання, дыхаючы напоўніцу і не зважаючы на тое, што нязвыкла кружыцца галава і ногі  вяз­нуць у вільготным пяску. Ну, хай ён ішоў не так, як Калумб, але дакладна так, як першы, хто ішоў за ім.

Глядзеў вачыма галкі на жоўтае лісце, якое вісела на дрэвах разам з раннім кастрычніцкім снегам, і адчуваў холадам у далонях вышыню і хісткасць тонкай галінкі, што дрыжэла пад птушынымі лапкамі…»

Проза паэта Ўсевалада Сцебуракі прымушае думаць пра сціслую мастацкую вастрыню фрэсак празаіка Барыса Пятровіча. І што гэта так, найперш сведчыць 134-я старонка «Беларускіх зорак» — маю на ўвазе душэўны запіс «Тры каралі» або «…тры святыя Пётры ў міліцэйскай форме».

Гэта пяць абзацаў чысціні…

Гэта 38 радкоў бездакорнага літаратурнага майстэрства…

Гэта мастацкая магія пра Каляды, міліцыю, вялікі студзеньскі мароз, праваслаўную царкву, каталіцкую веру, спадзяванні і каханне…

Мне здаецца, што «Трох каралёў» трэба не толькі чытаць, а нават вучыць на памяць.

І, канечне, трэба ўважліва чытаць і «Ялінку» — шчымлівую сімфаньету пра беларускага хлопчыка, які не мог намаляваць беларускую восень, бо, нарадзіўшыся ў Паўднёвай Амерыцы і жывучы ў Паўднёвай Амерыцы, ніколі не бачыў нашу восень.

Адзначу і талковыя адказы пісьменніка Ўсевалада Сцебуракі на анкету часопіса «Дзеяслоў» (яна завяршае кнігу!), а таксама вылучу нізку трапных сакавітых замалёвак «Габрэі вялейскіх ваколіцаў».

Тут найбольш мяне ўразіў партрэт старшыні Мірановіча (Фількенштэйна), які ў калгасна-саўгаснай гаспадарцы — сам «…жыў і даваў (!) жыць іншым!..»

Усевалад Сцебурака — творца асобны, і твор­часць ягоная асобная, а найперш асобны (так мяркую!) дзівосны нарыс «Палескае вяселле», з якога можна пачынаць чытаць «Беларускія зоркі».

«Палескае вяселле» — той слоўны і псіхалагічны абсяг, у якім пластычна раскрыты адметны куток Беларусі, людзі якога пільнуюцца правіла: «…мы жывем па-свойму…», і гэтае «сваё» яны абараняюць завучанай з маленства фразаю: «…у нас так не робяць…» — маўляў, як робіце вы, чужыя!

Чытаючы, я смяяўся ўголас, бо столькі смешнага, непрыдуманага, жыццёвага заўважыў аўтар «Беларускіх зорак» у ******цкім раёне, дзе і адбылося тое, непадобнае на іншыя вяселлі, палескае вяселле…

Але чым завяршыць свой допіс?

Хіба што вось такім сказам: люблю пісьменніцтва, у якім жыве душа!

Леанід Дранько­-Майсюк.

«Наша вера» №3, 2024


“Беларускія зоркі” – так называецца кніга выбраных твораў Усевалада Сцебуракі, якая выйшла ў выдавецтве Рамана Цымберава ў 2024 годзе.

Паэзія прадстаўлена шырака – ад вершаў пазнейшага часу да першага зборніка і гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з наробкам паэта Сцебуракі ў яго развіцці, няхай і ў адваротнай храналогіі. На маё суб’ектыўнае меркаванне “познія” творы выйшлі больш удалымі, і сярод упадабаных мной вершаў іх аказалася болей чым у трох “ранейшых” зборніках-раздзелах.

Дзеля справядлівасці заўважу, што вылучыў для сябе па пары твораў з кожнага старога зборніка – аўтару заўсёды было, што сказаць і гэтае ўменне нікуды не знікла, а наадварот набыло грунт і ўпэўненасць. Такое здараецца ў нашай паэзіі не тое каб часта. Звычайна за яркі старт паэт потым расплачваецца маўчаннем.

Аўтар не затуманьвае свае творы цьмянымі канструкцыямі і дыялектнай/новатворнай лексікай – піша для людзей, і яны адгукаюцца ўдзячнасцю за магчымасць пачытаць пра важныя рэчы без залішніх ускладненняў.

Пасткай такога шляху можна было б назваць выкарыстанне замуленай вобразнасці, на мяжы літаратурнага штампа і звычайнай банальшчыны, што часам прасочваецца ў вершах Усевалада. Але, найбольш удалыя творы, можна смела змяшчаць у хрэстаматыі, як прыклады лірычнага роздуму.

Усевалад Сцебурака, у асноўным, прытрымліваецца традыцыйнай формы і манеры пісьма, і толькі зрэдчас дазваляе сабе постмадэрновыя гульні-смешачкі, накшталт:

Штоночы сон адзін –
пад трымерам Тваім…
ізноўку без пары ўкладаецца калоссе

Альбо:

І ўсе momento з думкамі пра mori
каманды, без каторай нам не жыць.

Але наўрад ці іх можна залічыць як аўтарскую ўдачу… Такія рэчы-імправізацыі хораша заходзяць цягам жывой гутаркі, канферанса і г.д., а ў вершах Сцебуракі глядзяцца ненатуральна – калі не паўсюль, то часта.

Вельмі раю звярнуць увагу на пераклады змешчаныя ў кнізе – атрымаліся яны зграбнымі, як быццам гэта і ёсць арыгіналы. І калі такі кірунак літаратурнай дзейнасці Усевалад Сцебурака не закіне, то ў нас з’явіцца яшчэ адзін талковы перастваральнік замежнай паэзіі і прозы.

З цікавасцю чытаў аўтарскія Reмаркі – фрашкі, шкада толькі, што іх у кнізе мала – усяго пара старонак. Люблю жарцікі…

…На няшчырасць з ёй бракавала часу – аплочаная была толькі адна гадзіна.

***

Усе бяссонні падзяляюцца на творчыя, прарочыя і прочыя.

***

Сабакі могуць і па каханні, але псуецца радаслоўная…

***

Сапраўдная адзінота – гэта калі пасля тваёй смерці сябры цябе не праводзяць на могілкі, а сустракаюць там.

***

Дасць Бог дзень – дасць Бог тышчу!

Такое ж шкадаванне адчуў пасля караценькага “Дзяцінства ў апакрыфічных фактах” – вось дзе сямейнае пачуццё гумару і іранічнае светасузіранне праявілася напоўніцу. Тут гуллівасць і жарт чытаецца нашмат гарманічней, чым у паэзіі. Падумалася, што ў Сцебуракі магла б атрымацца цікавая падлеткавая проза… але ж хто яго ведае, бо празаічныя абразкі прадстаўленыя ў кнізе ніякага асаблівага ўражання пасля сябе якраз і не пакінулі.

Чаго не скажаш, пра эсэістычную частку – “Габрэі вялейскіх ваколіцаў” і асабліва фрагменты кнігі “Сцебуракаў лёс” чытаюцца на адным дыханні.

Мне трапляліся ў сеціве добрыя водгукі на гэтую кнігу, і зараз я разумею, што хвалілі не дарма. Літаратурныя апрацоўкі ўспамінаў дзядулі (асаблівы рэспект) і бацькі чытаць цікава не толькі за выдатнай фактурай (жыццё-быццё сям’і высланай у Казахстан), але і лёгкай падачай матэрыялу. Цікава прапісаныя тыпажы (палякі, татары, карэйцы, японцы, паволжскія немцы…), жыццёвыя гісторыі і ўвогуле гісторыя, бо ва ўспамінах, няхай і ўскосна, паказаны наступствы, тых вялікіх гістарычных трагедый, на якія была багатая сталінская эпоха.

Завяршаецца “Выбранае” анкетай “Дзеяслова”, дзе праз адказы на апытанку перад намі паўстае цэльная асоба, са сваім разуменнем беларускай справы і сваім у ёй месцы.

Кніжку раю. Яна вартая прачытання, а там глядзіш і па “Сцебуракаў лёс” сцежка знойдзецца.

Каб не быць галаслоўным прывяду колькі тэкстаў, якія мне спадабаліся асабліва… і гэта не ўсе.

  незнаёмаму земляку

Ты мовы чужыя вучыцьмеш старанна
і пойдзеш у новы сусьвет,
а я паступлю ў інстытут туманаў
на восеньскі факультэт.

Сустрэнуць цябе невядомыя зоры
і шлях на чатыры бакі,
А я буду ніткі тутэйшых сьцяжынак
змотваць у клубкі.

Па ветры пускаць павуціньне і лісьце,
начныя запальваць агні
і цёплай смугою захутваць дрэваў
азяблыя карані…

У чароды зьбіраць журавоў на імшарах,
буслоў кіраваць на адлёт,
і хвалям азёрным сьпяваць калыханкі,
і рэчкам прыкладваць лёд…

Хай гэтая восень табе будзе сьніцца –
ты памятай гэту зямлю.
Я сум успамінаў, як пляшку па чарках,
па лужынах разлію…

***

Жоўты ліст адлятае –
не злавіць, не паспець.
Зноў ідзе залатая
штогадовая смерць.

У высокіх нябёсах
Уздыхнуць журавы.
Крокі памяці босай
не ідуць з галавы.

Хутка ў шыбы начныя
хукне белым зіма.
Толькі б ведаць, што гэта
ўсё было недарма…

*

Як спакусліва выжыць на гэтай вайне…
Перажыць, дачакацца
наяве і ў сне.

І пасля ўсім сабрацца а шостай
і напіцца без тостаў папросту
у кавярні старой на рагу
вулкі той, што ўзгадаць не магу…

І мне хочацца верыць, што гэтак і будзе!
Хай за нашым сталом будуць іншыя людзі,

што абмыюць сваю перамогу ў віне
і ўзгадаюць ўсіх тых, каго чарка міне…

*

Бог з ім, з месцам пад сонцамі, –
мне хоць месца пад соснамі,
пад вярбой ці ялінаю
на сівым камяні.
Дзе пад роснымі кроснамі
у світанкі дзівосныя
залатыя і вечныя
лашчаць мох прамяні…

*

Цяперака кожны сам за сябе,
кожны ратуе свой сьцяг брыгады.
Мы як мурашы ў бурштыновай смале –
цікуюць чужыя і сочаць свае –
не думай паказваць, што ты не рады.
Прыслухайся трохі – чуваць галасы,
фрагменты фразаў, аскепкі смеху
экспертаў нейтральнае паласы…
А можа проста вакол лясы
і гэта – рэха?
А, можа, проста мы ўсе звяры
ў каўчэгу Ноя,
і ад таго, што цвержы няма
у нас параноя?
А можа, гэта ўсяго зіма
і доўгі студзень?
А мо, як добра тут не было,
то й горш ня будзе?
А можа, узыдзе
на небасхіл
зорка спагады?
І пакрысе
мы данясем
свой сцяг брыгады…

Міхал Бараноўскі


Не магу і не ўмею ацэньваць вершы вышэй за местачковы ўзровень, дзе аўтары і не імкнуцца выйсці за ўтульныя і знаёмыя межы раёна, а жыццё іх люструе стэнд у раённай бібліятэцы “Нашы паэты”.

Усевалад Сцебурака даўно вырас са штаноў райцэнтраўскага пашыву, дый не ведаю, ці насіў такія ўвогуле. Для мяне ж вершы цяпер падзяляюцца ўмоўна на некалькі катэгорый: “вельмі падабаецца”, “падабаецца”, “не разумею”, “хай будзе”, “не вершы”. Колькі чытаў Сцебураку, ягоныя вершы траплялі ў першыя дзве катэгорыі.

Для мяне самым важным у кожным новым вершы – новы вобраз, новае бачанне. У Сцебуракі гэта ёсць. Ніжэй будзе прыведзены верш, на які звярнуў увагу шаноўны Пятро Садоўскі. Колькі ўжо напісана было і цяпер пішацца пра закінутасць, адрынутасць, бязлюддзе нашых месцаў? Як тут сваё ўплішчыць?

Не ўплішчыў. Сказаў так, што іншыя рассунуліся. Бо вобраз. Новы. Нечаканы. І чаканы адначасова, бо ж недзе і ты так думаў, нейкія свае думкі віліся, ды ў словы не складваліся. А тут пачытаў – і легла на душу. Ты так адчуваў.

В.Г.


 

У КОЖНАГА СВАЁ НЕБА …

ТРАХЕЙ ЦІ ЯМБ? Канцы слоў у радках, чаргаванне націскных/ненаціскных складоў …

Трахей ці ямб – “у полі не зжатым” / “у полі нязжатым”?

Усевалад Сцебурака “Беларускія зоркі”. Як рэцытаваць? Ці трэба акцэнтаваць асобна напісаную часцінку НЕ?

Учора сачыў за стральцоўскім паэтычным фэстам.  Фантастычна прыгожы верш Усевалада Сцебуракі. Усцешыўся. Потым зашавяліўся маленькі дыскамфорт. Акустычнай памехай стала “Несжатая полоса” са злітым напісаннем НЕ.  Здаецца, гэта Някрасаў. Стаіць увушшу з расійскамоўнага юнацтва.

Вельмі асабістая памеха прыйшла з ранняга дзяцінства.

Успомніліся словы маці з ейным “”ахухцінацямненькі!” (узгадваў Вінцук у суполцы “Толькі пра мову”) і прымаўкай “КРУЦІСЯ, ЯК МАЛЫ КОНЬ КАЛЯ КАЛА” = сярдаваць на цяжкі лёс, на стомленасць ад жыцця.  Так мама тлумачыла этымалогію. (Малы) Конь = Воз = Малая мядзведзіца. Кол= Гвозд= Палярная зорка … Усё вакол яе бегае, як жарабя на шворцы каля кала.

КРУЦІЦЦА, ЯК МАЛАЯ МЯДЗВЕДЗІЦА ВАКОЛ ПАЛЯРНАЙ ЗОРКІ. Яна так бачыла неба.

У чым дыскамфорт для мяне асабіста?

Усевалад СПЫНІЎ ІМГНЕННЕ, спусціў перпендыкуляры нябеснай любові на родныя хаты і стрэхі… Робіць, як большасць паэтаў і філосафаў: Кант, Багдановіч (Зорка Венэра), Крыстыян Моргэнштэрн, Курт Тухольскі (у яго нават кабарэтная прастытутка глядзіць на зорнае неба)…

А я лячу да зорак, ЯКІЯ РУХАЮЦЦА (як тое нерыфмавана думаў Багдановіч) і, як занудлівы букваед, думаю пра рысунак зорнага неба і правапіс адмоўя НЕ ў прыметніках і дзеепрыметніках  без паясняльнага слова …

Нідзе
так
Не стаіць Воз
Як над закінутай хатай.
Нідзе
так
Не сумуе Серп
Як над полем не зжатым.
Нідзе
так
не гарыць Маладзік
Як у дзедавым садзе.
Нідзе
лепшага месца няма
зорцы, калі яна ўпадзе.
Паўсюль на гэтай адвечнай зямлі
на ручніках сузор’і
і ў полымі, кроплях, слядах на ральлі,
ў марозным ачэзлым голлі.
Ціша стаіць ці б’юць званы
праз балаты ці ўзгоркі
на гэтым краем стаяць яны –
Беларускія зоркі.

Пётра Садоўскі.



Прыводзім яшчэ тут частку інтэрв’ю, якое Усевалад Сцебурака даваў 12 гадоў назад.

Варта пачытаць думкі паэта.

Усевалад Сцебурака — песімістычны паэт з пакалення LAST, беларускамоўны тамада і згублены ў часе гісторык. У інтэрв’ю Generation.bY «Кім я стану, калі вырасту» Усевалад распавядае, навошта паэту трэба быць лайдаком, чаму школьнікам адзіны з пяці школ гораду не пайшоў у піянеры, чаму нарадзіўся на 10 год пазней…

 

Усё хутка скончыцца, і трэба будзе ісці дадому

У дзяцінстве, калі ўсе дзеткі ішлі катацца на карусельках, яны ўсе ішлі вясёлыя, а я ледзь не плакаў. Бацькі пыталіся, можа што баліць, а я адказваў, што плачу бо, «гэта ўсё хутка скончыцца, і потым трэба будзе дадому ісці». Праз дзве гадзіны, калі нас малых забіралі з каруселек, іншыя дзеткі ішлі і плакалі, а я вяртаўся ўжо вясёлы, бо я ўжо парумзаў перад гэтым. І вось гэты нейкі сум незваротнасці таго, што міне, заўсёды са мной. Нават напярэдадні вандроўкі я збіраюся і сумую, што буду вяртацца праз пяць дзён.

Нашае пакаленне згубілася ў часе

Нейкага акрэсленага жадання быць кімсьці ў мяне чамусьці не прасочвалася. Вось раней сапраўды казалі: «хачу капітанам быць», ці «хачу мараком». У мяне такіх мараў не было, як і не было іх у большасці тых, каго я добра ведаю. Мае аднагодкі абышліся неяк без шчырых палкіх камсамольскіх захапленняў, але мы яшчэ і не ведалі і капіталістычных каштоўнасцяў. І так атрымалася, што маё пакаленне згубілася ў часе. Мы захапілі ў дзяцінстве рэшткі адной эпохі, а мусілі ісці сталець у іншую. Шмат што даводзілася пакідаць, бо яно заўчасна станавілася непатрэбным. Нават «Цой жывы» я на сценках не пісаў, хаця «Кіно» мне падабалася.

Не хадзіць у статку

Мне штосьці заўсёды не дазваляла хадзіць у статку. Разумею, што статак — шырокі панятак. Да прыкладу, у чацвёртым класе я свядома не ішоў у піянеры. Мой чацвёрты клас — гэта быў апошні год, калі прымалі ў шэрагі гэтай арганізацыі, і я быў адзіны са школьнікаў пяці школ Вілейкі, хто свядома адмовіўся ўступаць у піянеры. Спалоханая школьная адміністрацыя выклікала бацькоў, а яны сказалі: «Хай ён сам вырашае». А не пайшоў я з таго, што не любіў гэты статак і да таго ж меў ужо мінімальныя веды пра савецкую сістэму, Леніна і чырвоны сцяг.

Каб быць паэтам, трэба быць лайдаком

Нельга паэту стаяць каля станка і пісаць вершы. Каб быць паэтам, трэба быць лайдаком. Трэба быць вольным. Вершы — гэта час, калі ты сам-насам… Наконт фінансавага аспекту — зарабляць на творчасці ў Беларусі могуць адзінкі, і гэта праз тое, што кола, якое цікавіцца беларускамоўнай літаратурай, вельмі вузкае. Значна большая колькасць людзей шчыра і апантана цікавіцца ўсялякай ахінеяй кшталту ёгі і г.д.

Калі ўсе кажуць, што гэта крута, то напэўна гэта крута

Ёсць творцы, якія патрапілі ў плынь, былі вельмі папулярныя ў пэўны час. Яны з’явіліся і зніклі. Нехта апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час, таму займеў такую шалёную папулярнасць. А ёсць людзі, якія элітарныя былі ва ўсе часы. Іх разумеюць адзінкі, а астатнія паціскаюць плячыма і кажуць «ну калі ўсе кажуць, што гэта крута, то напэўна гэта крута», але ў чым гэта круцізна — няясна.

Я нарадзіўся на год 10 пазней

Мне наогул падаецца, што я нарадзіўся на год 10 пазней, чым трэба. Вось калі б мне было цяпер 40 — гэта б лепей адпавядала майму ўнутранаму стану. У мяне заўсёды былі старэйшыя сябры на пяць-дзесяць гадоў. Мне было лягчэй паразумецца з сябрамі бацькоў, чым з аднагодкамі. Гэта не праз тое, што я быў вундэркіндам, а мне проста не падабаліся рэчы, якімі захаплялася маё пакаленне.

Час на сёння — гэта вялікая раскоша

Самая вялікая праблема дарослых, што яны мусяць жыць хутка: наперад-наперад, і няма часу на сёння. Час на сёння — гэта вялікая раскоша. Мы звычайна прачынаемся і адразу думаем пра заўтра. Мы не заўважаем, як мы жывём: ад даты да даты: ад дня нараджэння да новага году, ад выходных да заробку і г.д. Што паміж гэтымі датамі мы не бачым.

One thought on “Беларускія зоркі. Усевалад Сцебурака

Пакінуць адказ