💜 Я люблю дэтэктывы. І вось якраз “Афганская шкатулка” — такі дэтэктыў, якія звычайна ўсім падабаюцца, але трохі зляць. Па-першае, ты высоўваеш розныя версіі, памыляешся, знаходзіш іншыя, а потым сам заблытваешся… Па-другое, увесь час хочацца прыспешыць герояў і аўтара, бо цікава, што там далей.
Варта падкрэсліць кінематаграфічнасць. І такое кіно я б паглядзела! Апісанні снегу, марозу, цёмнай ночы, чакання аўтобусу, раз’ездаў па горадзе, школьнай гульні ў хакей, палявання ў халодным лесе — усё выдатнае, адмысловае. Адназначна ёсць эфект прысутнасці, але ты заўжды на крок адстаеш ад падзей.
❗️ Апавяданне “Цугцванг” — той твор, дзеля прачытання якога я проста настойліва раю знайсці гэту кнігу Андрэя Федарэнкі. (Калі любіце загадкі і дэтэктывы, а таксама нечаканыя фіналы.)
📕 Яшчэ ў зборніку ёсць добрыя, цёплыя, прыемныя замалёўкі пра прыроду і стаўленне чалавека да яе. Тут варта чытаць павольна, успомніць свае любімыя дрэвы ў вёсцы, паразважаць, як мы змяняемся з цягам часу.
💁🏻♀️ Зборнік вельмі добры. Не выклікае цяжкіх эмоцый. Зацягвае сюжэтамі. Прываблівае сваім тонам і настроем.

