Адзінокае дрэва нябёс. Віктар Шніп

Адзінокае дрэва нябёс. Віктар ШніпЛюбая тэма падуладна яго пяру…

Надакучыла чытаць шаблонныя вершы на замусоленыя тэмы. Шукаў чагосьці новага, што бударажыла б думкі, узвышала пачуцці, казытала ўяўленне, акрыляла фантазію. У Лідзе ў Дзень беларускага пісьменства натрапіў на кнігу Віктара Шніпа «Адзінокае дрэва нябёс», на якой аўтар пакінуў аўтограф «Шаноўнаму Уладзіміру Васько з павагай да Вас і Вашай творчасці. Рады нашай сустрэчы!»

Што ж, словы ў дачыненні да мяне, магчыма, і занадта высокія, але я прынёс кнігу дадому і ў той жа дзень пачаў чытаць.

І зразумеў, што тут галопам па радках прабягацца нельга, бо кожная страфа чапляецца за душу, затрымлівае, заінтрыгоўвае погляд аўтара на рэчаіснасць, навакольны свет.

Радкі Віктара Шніпа, як і ў цэлым усе яго вершы, трэба смакаваць, зноў і зноў вяртацца да іх. Любая тэма, за якую бярэцца аўтар, падуладна яго пяру і магічна ўцягвае ў свой свет багаццем выяўленчых сродкаў, вобразнасцю, логікай апавядання, глыбінёй зместу. Лірычныя пачуцці Віктара Шніпа ўдала спалучаюцца з яго чыста чалавечым, філасофскім роздумам над складанасцю жыцця, лёсамі людзей, сваіх бацькоў, родных і блізкіх, сваім асабістым лёсам, шматграннасцю асобы, тайнамі сусвету, перыпетыямі нашага быцця. І гэта з’яўляецца прыцягальным элементам у яго творчасці і разам з манерай пісьма адрознівае аўтара ад іншых паэтаў.

Віктар Шніп у сваіх творах не толькі дае волю фантазіі і ўяўленню, але і ўдала паэтызуе жыццё:

Мядуюць дні, як скошаныя
бацькам травы,
Дзе гнёзды дзікіх пчол і,
быццам порах, пыл.
І я, хлапчук, галодны вечна і рухавы,
Зграбаю сена ў копы, не шкадую сіл.

Увогуле бацькоў, за рэдкім выключэннем, усе любяць. Аднак, калі гэтая любоў перадаецца нам праз паэзію, такое кранае ўдвайне больш. Вось радкі:

Мама! Мама! Дзе ты, мама?!
Моўчкі, як нямы, крычу.
Хоць сівы, ды я таксама,
Як хлапчук, з табой хачу
Раіцца, калі мне трэба,
І хачу, каб толькі ты
Расказала мне пра неба
І пра райскія сады.

Шкадаванне? Так. Ды ў гэтым шкадаванні — вялікая любоў, цяжкі патаемны сыноўні ўздых па родным чалавеку, які пакінуў нас.

Да слова сказаць, маці, бацьку Віктар Шніп прысвяціў нямала вершаў, і ў кожным з іх — цеплыня, пяшчота, нязмушанае прыцягненне да сваіх успамінаў, перажыванняў чытача.

Віктар Шніп належыць да тых паэтаў, чый творчы дыяпазон вельмі шырокі, пільны зрок яго таленту смела пранікае ў розныя сферы прыроды, навакольнага свету, касмічнай прасторы. Поўны натхнення і любові, пазбаўлены ўсялякага раўнадушша, прыкіпаючы пацуццямі нават да не вельмі кідкіх праяў жыцця, паэт шчодра вылівае сваю душэўную энергію і думкі на паперу.

Не будзь гэтага, нам не ўдалося б даведацца і зразумець, як і чым жыў аўтар кнігі «Адзінокае дрэва нябёс», што яго хвалявала, што ён бачыў, з кім сустракаўся, сябраваў, дзяліўся думкамі.

Здавалася б, вакол нас будзённыя прадметы, дрэвы, снег, трава, дождж, хаты, дарогі… Усё залежыць ад паэтычнага позірку на іх. А ў Віктара Шніпа ён своеасаблівы, вобразны, адметны:

У полі дуб абпалены стаіць,
І снег, як попел, навакол бялее.
Мне гэты дуб усё жыццё любіць.
Маю любоў не кожны разумее.
У кроне дуба мудры шум жыве,
З вятрамі адзінокімі сябруе.
Іду па снезе ў поле, па траве,
І дуб мяне здалёку бачыць, чуе.

Я не люблю паэтаў, у вершах якіх праглядваецца беднасць на эпітэты, метафары, параўнанні, мала арыгінальных мастацкіх хадоў. У Віктара Шніпа ўсяго гэтага хапае. Звярніце ўвагу хоць бы на такое параўнанне:

Ізноўку мы з табою будзем разам
Глядзець, як падае лістота з дрэў.
І поўня, як прапаленая прасам
У небе дзірка. Бог не даглядзеў.

У творчасці Віктара Шніпа вабяць лагічныя і тэматычныя сувязі паміж вершамі і асобнымі строфамі, пластыка пераходу ад адной думкі да другой, пафас і голас аўтара, не падобны на галасы іншых паэтаў.

Да ўсяго, мне здаецца, станоўчым у паэзіі, наогул у літаратуры, з’яўляецца праяўленне ў творах асобы аўтара: яго характару, звычак, рухаў, постаці, паэтычнага сузірання асяроддзя, у якім ён знаходзіцца ці бываў. Віктар Шніп як натура шчырая, адкрытая, праўдалюбівая такой якасцю не абдзелены.

Думаю, што сапраўдны паэт разумее, што паэзія — не шэрае вершаскладанне, гладкае рыфмаванне радкоў з пустым зместам, а нешта большае. Яе прызначэнне, у першую чаргу, уздзейнічаць на чытача, штосьці яму даваць, чымсьці ўзбагачаць, хваляваць, ускалыхваць. Ці адпавядаюць такім запатрабаванням творы Віктара Шніпа? Несумненна.

Уладзімір ВАСЬКО.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме